Юлія Чарняўская знайшлася ў ДФР

Удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера, прафесар і культуролаг Юлія Чарняўская, пра месцазнаходжанне якой не было вядома з 18 траўня, знайшлася ў ДФР. Пра гэта паведаміла яе дачка Яўгенія ў Facebook.


«Мамчын адвакат атрымаў званок ад супрацоўнікаў ДФР, што цяпер над мамай будуць адбывацца следчыя дзеянні (верагодна, допыт). Адвакат зайшоў на сустрэчу. Дзе менавіта і што адбываецца, я не ведаю», — цытуе Яўгенію REFORM.by.

Юлія Чарняўская перастала выходзіць на сувязь раніцай 18 траўня, у той жа час, калі ў рэдакцыю партала і кватэры супрацоўнікаў прыйшоў ДФР КДК. Пазней стала вядома, што яна знаходзіцца ў гарадской клінічнай бальніцы №1 пад наглядам сілавікоў. Паведамлялася, што яна перанесла гіпертанічны крыз, ёй была аказаная медыцынская дапамога. Дачка Юліі Яўгенія пісала аб здагадках, што мама знаходзіцца ў СІЗА КДБ, але адвакату не далі дакладнай інфармацыі. Паводле яе слоў, мама — інвалід, пакутуе ад боляў у пазваночніку і нагах, мае праблемы з сэрцам. Яна не валодае інфармацыяй аб працы TUT.BY і не з'яўляецца акцыянерам кампаніі. Сёння маці Юліі Аляксандра Чарняўская і праваабаронцы падалі заяву ў КДБ і іншыя органы з просьбай паведаміць, ці затрыманая Юлія Чарняўская.

Нагадаем, раніцай 18 траўня супрацоўнікі ДФР КДК прыйшлі ў офіс, рэгіянальныя рэдакцыі і дадому да некаторых супрацоўнікаў TUT.BY. у дачыненні да службовых асоб партала ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК аб ухіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. У ДФР лічаць, што партал неправамерна скарыстаўся льготамі ПВТ і нанёс шкоду бюджэту (той жа раніцай перад узбуджэннем справы ПВТ прыняў рашэнне аб страце ТАА «ТУТ БАЙ медыя» права на падатковыя льготы). Мінінфарм заблакаваў доступ да партала. Затрымана не менш за 11 супрацоўнікаў партала, вядома пра месцазнаходжанне не ўсіх. Сёння таксама стала вядома пра затрыманне былога юрыста кампаніі Ірыны Касцючэнка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: