Юрась Беленькі: Гэтыя гульні ўлада праводзіць перш за ўсё для сябе

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі выказаў сваё стаўленне да Еўрапейскіх гульняў, якія адкрываюцца ў Мінску сёння.



Юрась Беленькі. Фота svaboda.org

Нагадаем, што гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня. У іх возьмуць удзел 4 тысячы спартоўцаў з 50 краін.

Юрась Беленькі адзначыў у каментары Радыё Рацыя:

— Калі ладзіцца сапраўднае свята, то людзі гатовы і пацярпець у сувязі з тым, што з’яўляюцца пэўныя нязручнасці. Свята патрабуе падрыхтоўкі і клопатаў. Але Еўрапейскія гульні яшчэ не пачаліся, а негатыву ў народа ўжо — вышэй даху.

Таму насамрэч гэтыя гульні ўлада праводзіць перш за ўсё для сябе. Хочуць паказаць Захаду сваю адкрытасць, дэмакратычнасць і, такім чынам, адбяліць існуючы рэжым.

Не выключаю таксама, што праз гэтыя гульні мелі месца і розныя фінансавыя махінацыі з “распілам” бюджэтных грошай, якія выдаткоўваліся на падрыхтоўку.

— Чыноўнікі кажуць, што гульні — сапраўднае свята для беларусаў. Гэта не так?

— Тыя людзі, з якімі даводзілася абмяркоўваць гэтую тэму, напрыклад, на лецішчы, кажуць, што ім гульні абсалютна “да лямпачкі”. Свята — гэта агульнанацыянальны ўздым патрыятызму, гонару за краіну. Вы гэта бачылі?

Гульні ладзіць менавіта рэжым, а ён існуе паралельна ад народа. І калі на спаборніцтвы ў добраахвотна-прымусовым парадку праз прафсаюзы прыгоняць заўзятараў, то толькі для масавасці, каб паказаць гасцям і ўладам любоў беларусаў да спорту. Але ж усё гэта — звычайная фікцыя, не больш за тое.

Я пачытаў у сацыяльных сетках, што многія выказваюцца так: гэтыя 10 дзён неяк трэба перажыць. І перажывуць, бо беларусы не такое перажывалі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: