Юрый Чыж выйшаў з СІЗА КДБ

Юрыю Чыжу, які з сакавіка знаходзіўся ў СІЗА КДБ, у сераду змянілі меру стрымання. 

Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзілі некалькі не звязаных адна з адной крыніц.

«Выйшаў. Учора ўжо ў лазні парыўся», - распавёў суразмоўца, блізкі да асяродка бізнэсмэна.

Паводле інфармацыі адной крыніцы, Юрый Чыж адпушчаны пад хатні арышт і ў яго ёсць шэсць месяцаў на вяртанне прад'яўленых яму прэтэнзій (па словах Лукашэнкі, гэта 12-13 млн даляраў).

Па дадзеных іншай крыніцы, ён адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. «Так, учора выйшаў. Чакаем на працу», — сказала яна.

Пацвердзіць інфармацыю ў прэс-службе КДБ пра змяненне меры стрымання бізнесмену не ўдалося.

11 верасня Аляксандр Лукашэнка сказаў, што «справа Чыжа» знаходзіцца на кантролі ў прэзідэнта. «І не толькі таму, што ён буйны бізнесмен. Ён недалёка часам быў ад прэзідэнта … Многія асацыявалі яго паводзіны з імем прэзідэнта. Мне гэта неабыякава, шчыра кажу», — прызнаўся Лукашэнка. Разам з тым ён паведаміў, што бізнэсоўцу ўжо прад'яўленыя абвінавачванні і Чыж гатовы пакрыць шкоду. «Ёсць эканамічныя злачынствы, нявыплата падаткаў і гэтак далей — памнажайце на тры, а некаторыя на пяць, плаціце за ўсё, што скралі ў дзяржавы, і ідзіце працуйце. І яны ж працуюць і ўдзячныя за тое, што іх не адправілі ў месцы не надта далёкія гадоў на 15, як у той жа Амерыцы», - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

***

Нагадаем, асноўны ўладальнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж быў затрыманы праваахоўнымі органамі 11 сакавіка. Разам з бізнэсмэнам у СІЗА КДБ трапілі яшчэ 5 чалавек, якія падазраюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Па словах кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка, сума шкоды па крымінальнай справе ў дачыненні да бізнесмена Юрыя Чыжа складае каля 12 млн даляраў.

23 жніўня на волю выйшаў і шматгадовы партнёр Чыжа па бізнесе Уладзімір Япрынцаў.

news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: