Юрый Касабуцкі: мы бачым актывізацыю рэпрэсій у дачыненні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і часовы яе кіраўнік біскуп Юрый Касабуцкі пракаментаваў арышт ксяндза з Расонаў Вячаслава Барка, які атрымаў 10 сутак за запіс у фэйсбуку.


Ксёндз Вячаслаў Барок атрымаў прысуд 10 сутак... — напісаў Юрый Касабуцкі на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Гэта ўжо другі каталіцкі святар, які ў гэтыя дні будзе знаходзіцца за кратамі (30 лістапада 10 сутак арышту атрымаў грэка-каталіцкі святар айцец Віталь Быстроў).

Мы бачым актывізацыю рэпрэсій у дачыненні Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Мы адкрыта выступаем супраць кожнага граху, супраць насілля і гвалту, супраць хлусні і фальшу, супраць рэпрэсій, супраць ціску і запалохвання, супраць прыніжэння чалавечай годнасці, бо кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Мы асаблівым чынам молімся аб супакоі, згодзе, салідарнасці і адзінстве беларускага народа. Аднак усё гэта хтосці лічыць праявай экстрэмізму, распальваннем варожасці і т.п.

Таму я заклікаю чарговы раз да ўзмацнення нашай малітвы за нашу Бацькаўшчыну, за наш народ, за тых людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, за тых, каго звальняюць з працы за іх погляды, за тых, каго запалохваюць і шантажыруюць, за ўсіх церпячых і за тых, каму асабліва патрэбна наша малітоўная падтрымка.

Асабліва ў часе Адвэнту прашу да ўзмоцненай малітвы, па меры магчымасці і жадання, далучыць практыкі посту, напрыклад, ахвяраваць у гэтых інтэнцыях дадатковы пост не толькі ў пятніцу, але і ў іншы дзень.

Прашу па меры магчымасці ў кожным касцёле, кожнай капліцы публічна маліцца за ксяндза Вячаслава Барка і айца Віталя Быстрова і тлумачыць людзям пра сапраўдныя прычыны трымання гэтых святароў у вязніцах (рэпрэсіі, ціск, запалохванне, пераслед Касцёла за праўду і г.д.).

Дай нам, Божа, усім патрэбныя ласкі ў гэты нялёгкі час выпрабаванняў!

Нагадаем, што ў лістападзе біскуп Касабуцкі асудзіў знішчэнне мемарыялу Рамана Бандарэнкі на плошчы Перамен, за што атрымаў ад Генпракуратуры афіцыйнае папярэджанне. Пасля гэтага ён сказаў, што не выключае ўзбуджэння крымінальнай справы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: