Юрый Мяцельскі: «Мы працягнем змагацца за справядлівасць»

У пятніцу, 6 ліпеня, у судзе Маскоўскага раёна Мінска адбылося папярэдняе судовае паседжанне па разглядзе пазову валанцёра "Вясны" Юрыя Мяцельскага да Міністэрства фінансаў. 

Юрый Мяцельскі хоча спагнаць маёмасную шкоду, грашовую кампенсацыю маральнай шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, піша spring96.org. Прадстаўнік Міністэрства фінансаў заявіў, што ў такіх сітуацыях, як у Юрыя (то бок адміністрацыйных затрыманнях) маральная кампенсацыя не выплачваецца ўвогуле.

Юрый Мяцельскі, каментуючы першы дзень суда, адзначае:

"Пазіцыя адказчыка, прадстаўніка Міністэрства фінансаў, была для мяне нечаканай. Яны паспрабавалі знайсці нейкую шчыліну ў заканадаўстве. Міністэрства фінансаў спасылалася на тое, што ёсць затрымання нейкага іншага тыпу, па якіх маральная кампенсацыя не выплачваецца. На іх погляд, да такіх і адносіцца мой выпадак. Спаслаўшыся на гэта, яны адмаўляюцца ад выплаты кампенсацыі. Але мы працягнем змагацца за справядлівасць".

Чарговае судовае паседжанне суд Маскоўскага раёна г. Мінска прызначыў на сераду, 18 ліпеня, у 10.00. У якасці сведак суд прыцягвае прадстаўнікоў Слуцкага РАУС.

Нагадаем, у навагоднюю ноч Юрыя Мяцельскага затрымалі ў Слуцку, калі ён з сябрам знаходзіўся на тэрасе мясцовага Дома культуры. Аднаго з супрацоўнікаў АМАПа раззлавала, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр "Вясны" папрасіў самога супрацоўніка прад'явіць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы (арт. 17.1 КаАП).

Хлопца адвезлі ў выцвярэзнік для аналізу крыві на алкаголь, а далей у РАУС, дзе пад псіхалагічным і фізічным ціскам вымусілі падпісаць пратакол ужо па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар, у якім ён прабыў да трэцяга студзеня. 22 лютага 2018 г. судом Слуцкага раёна Мінскай вобласці адміністрацыйны працэс у дачыненні да Юрыя Мяцельскага па арт. 17.1 КаАП быў спынены за недаказанасцю яго віны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: