Юрый Рубцоў: «Тых грошай, што дае ўрад Германіі, бежанцам хапае»

Былы палітвязень Юрый Рубцоў, які папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі, распавядае сайту palitviazni.info пра тое, як яму жывецца ў Германіі, а таксама выказвае сваё меркаванне з нагоды парламенцкай кампаніі ў Беларусі.


 

“У матэрыяльным плане я не магу скардзіцца, — кажа Юрый Рубцоў. — Тых грошай, што дае ўрад Германіі, бежанцам хапае і на ежу, і на адзенне”.

 

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”.

У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага прыняў рашэнне папрасіць палітычны прытулак у Германіі.

“У Германіі я ўжо здаў першы тэст па нямецкай мове, і ў выніку атрымаў накіраванне на прафесійны курс нямецкай мовы, — распавядае спадар Рубцоў. — З 22 жніўня пачынаю хадзіць на курсы, як на працу — з 8 раніцы да 16.00. І так пяць дзён на тыдзень. У матэрыяльным плане таксама не магу скардзіцца. Тых грошай, што дае ўрад Германіі бежанцам, хапае і на ежу, і на адзенне. Упэўнены, што знаходзячыся ў Беларусі, маё матэрыяльнае становішча было б горшае ў разы”.

Што датычыцца выбарчай кампаніі, то ён адзначае — “большасць апанентаў улады разумеюць, што ніякіх выбараў у краіне няма”.

“Але тут сітуацыя неадназначная, — працягвае Юрый Рубцоў. — Калі апазіцыі не прымаць удзел у выбарах, то Захад можа прызнаць гэты спектакль. Але прымаць удзел у спектаклі — значыцца, падманваць сваіх выбаршчыкаў, якія думаюць так: калі апазіцыя вырашыла прымаць удзел у выбарах, то яны ёсць. Мне вельмі спадабалася выступленне Юрыя Хашчавацкага, і я нават быў крыху здзіўлены, што цэнзура прапусціла гэта ў эфір. Але і гэта лёгка патлумачыць, улічваючы, што афіцыйны Мінск хоча спадабацца Захаду. А значыць, трэба паказаць быццам бы дэмакратычнасць працэсу. Хаця ніякіх сапраўды празрыстых выбараў, безумоўна, не будзе. Доказам таму служыць той факт, што ва ўчастковых выбарчых камісіях усяго 0,08 % прадстаўнікоў ад апазіцыі. Гэта азначае адно — будуць абраныя неабходныя дэпутаты”.

Са слоў былога палітвязня, на гэты момант застаецца толькі адна інтрыга парламенцкай кампаніі — здымуцца апазіцыйныя кандыдаты альбо не.

“Мне падаецца, што варта было б зняць кандыдатуры, — мяркуе Юрый Рубцоў. — Іншая справа, што ў апазіцыі няма адзінай пазіцыі на гэты конт. І ў гэтым слабасць апазіцыі”.

palitviazni.info

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!