Юрыю Чыжу выстаўленае абвінавачанне

Кіраўніку групы кампаній "Трайпл" Юрыю Чыжу, затрыманаму 11 сакавіка, выстаўленае абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).



Фота з сайта belapan.by


Мера стрымання яму засталася ранейшай — утрыманне пад вартай, паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.
 


Інфармацыі адносна іншых фігурантаў гэтай справы пакуль няма.


 

Уладальнік групы кампаній "Трайпл" Юрый Чыж быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 11 сакавіка. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 15 сакавіка старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык, даведаўшыся пра вобшукі ў офісах кампаній, бізнесмен спрабаваў на машыне бегчы за мяжу. Чыж на хуткасці 220 км/гадз рухаўся спачатку ў бок літоўскай, а потым польскай мяжы. Каб яго злавіць, уводзіўся план "Перахоп".



Паводле інфармацыі Камітэта дзяржбяспекі, летам мінулага года Чыж і два яго расійскія партнёры звярнуліся ў КДБ з заявай аб супрацьпраўнай дзейнасці намесніка Чыжа Уладзіміра Япрынцава. Падчас расследавання было выяўлена ўхіленне ад выплаты падаткаў у "Трайпле", да якога мае дачыненне сам Чыж. Прамыя доказы гэтаму апынуліся ў распараджэнні КДБ 11 сакавіка.



Устаноўлена, што ў 2012 годзе па загадзе Чыжа ў Маскве была створаная фірма, ажыццяўленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці якой першапачаткова не планавалася. Яе заснавальнікам стаў грамадзянін Расіі, які падчас знаходжання Чыжа ў Маскве выконваў функцыі яго памочніка і кіроўцы. "Трайпл" перадаў гэтай фірме права на свой таварны знак, а затым практычна штомесяц перакладаў ёй буйныя сумы пад выглядам платы за карыстанне таварным знакам. Гэтыя грошы пераводзіліся ў наяўныя ў Маскве, перадаваліся касіру, а той перадаваў іх Чыжу. Такіх фірмаў, паводле слоў Вакульчыка, было досыць шмат.



Нанесены дзяржаве ўрон ацэньваецца ў мільярды рублёў.



ТАА "Трайпл" заснаванае ў 1992 годзе як фірма па аптовым гандлі прамысловымі і харчовымі таварамі. У далейшым кампанія вырасла ў шматпрофільную групу. Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце "Трайпл", на сённяшні дзень кампанія працуе ў наступных сферах: будаўніцтва; рытэйл; рэстараны і кафэ; развіццё сеткі АЗС; велнес; вытворчасць безалкагольных напояў; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў; мясцовы турызм; мытныя паслугі; фармацэўтычную вытворчасць; сельская гаспадарка; сацыяльныя праекты.



Юрый Чыж таксама з'яўляецца старшынёй назіральнага савета футбольнага клуба "Дынама" (Мінск).



У 2012 годзе Чыж быў унесены ў спіс асобаў, да якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС, як бізнесовец, "які аказвае фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі праз сваё прадпрыемства" Трайпл", актыўны ў розных сферах беларускай эканомікі". У кастрычніку 2015 года суд ЕС прыняў рашэнне аб адмене абмежавальных мер у дачыненні да Чыжа, кампаніі "Трайпл" і ФК "Дынама" (Мінск) за недаказанасцю абвінавачванняў.

 
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: