Нашчадкі рэпрэсаваных могуць патрабаваць кампенсацыю ад дзяржавы

Сёлета спаўняецца 80 гадоў з часу масавых дэпартацый жыхароў Заходняй Беларусі ў аддаленыя рэгіёны СССР, 90 гадоў масавай высылцы сялян, а таксама 80 гадоў справе катынскіх расстрэлаў. Але, нягледзячы на даўнасць гэтых злачынстваў, беларускае грамадства не можа дабіцца спраў іх ахвяр у беларускіх архівах, таму што іх супрацоўнікі не выконваюць заканадаўства.

Ілюстрацыйнае фота budzma.by

Асаблівасці нацыянальнага палявання на архівы

У 2017 годзе тагачасны намеснік старшыні КДБ, а цяпер кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка агучыў, што ў архіве яго ведамства ёсць справы на 235,5 тысяч рэпрэсаванх, 175 тысяч з іх былі рэабілітаваныя. У базе даных Нацыянальнага архіва «Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных жыхарах Беларусі» захоўваюцца 180 500 запісаў са спраў рэабілітаваных, перададзеных з архіваў КДБ і МУС. Гэта нават не справы, а толькі даведкі аб рэабілітаваных людзях, дзе ўказаныя імёны, даты нараджэння, паходжанне, нацыянальнасць, артыкул абвінавачвання, дата рэабілітацыі і падобныя звесткі, падкрэслівае каардынатар ініцыятывы «Забітыя, але не забытыя» Ігар Станкевіч. Па яго словах, у адкрытых базах ёсць толькі 60 000 імёнаў.

У якіх архівах захоўваюцца дакументы аб рэпрэсаваных

У якіх архівах захоўваюцца дакументы аб рэпрэсаваных

Чаму склалася такая сітуацыя і як дамагчыся адкрыцця архіўных спраў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, абмеркавалі на брыфінгу ў Мінску. Апроч даследчыкаў, у якасці спікераў на яго запрасілі таксама прадстаўнікоў Нацыянальнага архіва Беларусі, архіваў КДБ і МУС, але яны прадказальна не прыйшлі. Адказ на запрашэнне даслаў толькі дырэктар Нацыянальнага архіва Андрэй Дземянюк, з яго паведамлення вынікае, што асноўны склад дакументаў аб рэпрэсаваных змешчаны ў КДБ і МУС.

Удзельнікі брыфінгу

Удзельнікі брыфінгу

Ігар Станкевіч распавёў пра свой досвед атрымання архіўных спраў на рэпрэсаваных сваякоў у Віцебскім архіве КДБ у 2017 годзе.

— Мне 1,5 гадзіны чыталі справы на слых, відэа-, аўдыязапіс і фота забароненыя. Адзінае, мне выдалі дзве анкеты на арыштаваных прабабулю і прадзядулю, чатыры аркушы — больш не належыць.

Ігар Станкевіч звярнуўся ў Беларускі Хельсінкскі камітэт з просьбай распрацаваць памятку аб тым, як атрымаць доступ да справаў і матэрыялаў аб рэпрэсаваных сваяках. Дзякуючы гэтаму некалькім нашчадкам удалося атрымаць нават справы на некалькіх рэпрэсаваных.

Ігар Станкевіч

Ігар Станкевіч

Каардынатар ініцыятывы зазначае, што цэнтральны архіў КДБ пры звароце патрабуе прадаставіць натарыяльна зацверджаныя копіі дакументаў, якія пацвярджаюць сваяцтва з рэпрэсаваным. Але не заўжды ёсць дакументы, якія дазваляюць прасачыць сваяцтва, да таго ж заверыць іх копіі ў натарыуса таксама каштуе грошай. Яшчэ большыя складанасці ўзнікаюць у нашчадкаў рэпрэсаваных, якія жывуць за мяжой: яны мусяць заплаціць 70 еўра консульскага збору, каб мець магчымасць працаваць з архівам. Выключэнне ёсць толькі для грамадзян Расіі: ім не трэба плаціць ніякіх збораў.

І яшчэ адна асаблівасць доступу да справаў рэпрэсаваных у Беларусі: нават калі нашчадкам удаецца іх убачыць, імёны супрацоўнікаў і трэціх асоб там зарэтушаваныя.

Другое месца з канца

Гісторык-архівіст Зміцер Дрозд распавёў пра месца Беларусі ў рэйтынгу доступу да архіваў у постсавецкіх краінах. Гэты рэйтынг быў распрацаваны ў 2018 годзе ў Грузіі падчас тэматычнай канферэнцыі. У ім ацэньваюцца архіўнае заканадаўства, чытальныя залы, кошты ў іх, вэб-сайты архіваў, паслугі ў архівах і інш. Кожная краіна ацэньвала два сваіх архівы: нацыянальны і архіў КДБ. У Беларусі гэта былі, адпаведна, НАРБ і цэнтральны архіў КДБ. І калі ў НАРБа атрымалася нядрэнная ацэнка — ён набраў больш за 56% , што азначае добрую адпаведнасць міжнародным стандартам, то архіў КДБ набраў усяго 22%.

Зміцер Дрозд

Зміцер Дрозд

— Па сутнасці, як архіў ён не працуе, а толькі захоўвае дакументы і робіць усё, каб не даць доступ да іх, а ўскладніць яго. Калі ў 1990-я гады навукоўцы, хоць і з цяжкасцю, але атрымлівалі доступ, то цяпер гэта немагчыма, — заключае Зміцер Дрозд.

Такім чынам, у 2018 годзе Беларусь у рэйтынгу доступу да архіваў сярод 10 краін заняла другое месца з канца, на ўзроўні Узбекістана і Кыргызстана. Нават у Расіі сітуацыя нашмат лепшая. Не кажучы ўжо пра Украіну, дзе, па словах даследчыка, адбылася сапраўдная «рэвалюцыя годнасці» ў архівах: архіў СБУ адкрыты, і ўсе справы, датычныя да савецкай улады да 1991 года, можна спакойна глядзець любому ахвотнаму. У архіў СБУ не абавязкова нават ехаць, можна працаваць з ім дыстанцыйна па электроннай пошце. Дарэчы, беларускія ўлады, гаворачы пра немагчымасць адкрыць архівы, часта спасылаюцца на помсту нашчадкаў рэпрэсаваных нашчадкам катаў. Але, як паказвае ўкраінскі досвед, гэтага не адбылося.


Беларусь у рэйтынгу — другая з канца

Беларусь у рэйтынгу — другая з канца

Летась прайшла яшчэ адна канферэнцыя па доступе да архіваў, больш маштабная па колькасці краін-удзельніц. Як зазначае Зміцер Дрозд, у Беларусі не адбылося ніякіх змен, акрамя таго, што кошты на сканаванне дакументаў у нашых архівах выраслі.

У леташнім рэйтынгу пазіцыі Беларусі не палепшыліся

— Я прыязджаю ў Літву, бяру любую справу і фатаграфую, ніхто не запытваецца, хто я і для чаго мне гэта трэба. У Беларусі ў вас возьмуць адну, другую даведку. Справы, якія былі ў свабодным доступе 15 год таму, цяпер закрытыя на той падставе, што там нібыта змяшчаюцца таямніцы асабістага жыцця, — распавядае гісторык. — Вам могуць абмежаваць доступ да дакумента толькі таму, што яму менш за 75 год, хаця там няма нічога аб прыватным жыцці. Тая ж база НАРБ стваралася для адкрытага доступу, у свой час звесткі з яе публікаваліся ў газетах. Цяпер яна стала недаступнай.

Беларуская ўлада працягвае горшыя савецкія практыкі

Такая практыка ў беларускіх архівах склалася не таму, што некаму з чыноўнікаў гэтага захацелася. Такая палітыка і ідэалогія беларускай дзяржавы, перакананы юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла.

 Калі дзяржава з’яўлялася злачыннай і здзяйсняла генацыд уласнага народа, мы сутыкаемся з тым, што сучасны ўрад і кіраўнік дзяржавы гераізуюць асобу Сталіна — асноўнага завадатара гэтых справаў. Падобнага роду практыкі абсалютна нецывілізаваныя, — перакананы юрыст.

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Па яго словах, яны будуць працягвацца яшчэ доўга, пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца. Але нават пры ўсіх цяжкасцях пры веданні заканадаўства і выкарыстанні яго інструментаў можна атрымаць звесткі з архіваў нават у беларускіх рэаліях.

— Перадусім мы абапіраемся на заканадаўства, прынятае яшчэ ў СССР, звязанае з прызнаннем таго, што дзяржава здзяйсняла злачынствы. Цяпер па Беларусі каля 600 000 грамадзян сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. І калі дзяржава прызнала сваю віну ў злачынствах, яна мусіць адкрыць архівы, як гэта зрабіла Украіна. Гэта абавязковае пакаянне перад сваімі грамадзянамі за здзейсненыя злачынствы. Гэта дазволіць аднавіць памяць і імёны, а, магчыма, кампенсацыі па вяртанні земляў, маёмасці, нерухомасці. Так зрабіла суседняя Літва. Гэта магчыма і ў Беларусі, калі будзе змененая ўлада і прынятае адпаведнае заканадаўства, — кажа Гары Паганяйла.

На сённяшні момант дамагацца доступу да архіваў можна пры дапамозе законаў «Аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах, пастановы Саўміна, якая рэгулюе акты па праве на атрыманне інфармацыі. Дарэчы, само гэта права гарантаванае грамадзянам артыкуламі 34, 40, 59 і 60 Канстытуцыі. Але ў неправавой і недэмакратычнай дзяржаве выканаўцы не хочуць рабіць тое, што гарантавана Канстытуцыяй, канстатуе юрыст.

Як было ўжо згадана, БХК распрацаваў памятку, каб падказаць, як аформіць запытыў архівы.

— Галоўнае — правільна выкласці характар запыту, ведаць кампетэнцыю архіва, пра каго мы хочам атрымаць звесткі і ўдакладніць правільныя біяграфічныя звесткі продкаў. Важна пісьменна сфармуляваць «прасіцельную частку», каб не даць магчымасці архіву ўхіліцца ад адказу, — раіць Гары Паганяйла.

Дарэчы, юрыст сам з’яўляецца ахвярай палітычных рэпрэсій, паколькі нарадзіўся ў Архангельскай вобласці, куды была высланая маці Гары Паганяйлы.

— Маці адседзела 16 гадоў, а я выхоўваўся ў дзіцячых дамах. Я пачаў пошукі абставін асуджэння сваіх бацькоў. Я працягваю перапіску да сёй пары, хаця мае сваякі былі рэабілітаваныя. Але знайсці справы пакуль не ўдалося. Маці была асуджаная асобай нарадай. Пасля рэабілітацыі яна жыла ў Беларусі, атрымала ў якасці кампенсацыі кватэру, але пры гэтым у базе НАРБ яе няма. Магу здагадвацца, што архіўныя работнікі выконваюць негалосныя ўказанні, хоць яны не адпавядаюць заканадаўству: «Ну вы ж разумееце, ідзе вайна», — пачуў юрыст у тэлефоннай размове на пытанне, чаму яму не прадастаўляюць звестак аб сваяках.

Цяпер Гары Паганяйла мае намер падаваць у суд на НАРБ на падставе арыткулаў Канстытуцыі 134, 59, шэрагу нарматыўных актаў аб непасрэднай дзейнасці архіўных устаноў.

— Мы ж не просім справаў у НАРБ, мы просім звесткі з базы даных, якая павінна быць адкрытай. Да таго ж Мінюст адказаў, што ніякіх абмежаванняў на доступ да яе няма. Пра якую таямніцу асабістага жыцця можна казаць, калі прайшло ўжо 80 гадоў з часу рэпрэсіі? У архівах могуць захоўвацца дакументы і па пазнейшых справах, але прычым тут гэта, калі справа ўжо завершана? КДБ з’яўляецца пераемнікам рэпрэсіўных органаў СССР, і не варта разлічваць на іх адкрытасць і дэмакратычнасць, — не мае ілюзій прадстаўнік БХК.

Ён зазначае, што дакументаў на некаторых рэпрэсаваных, сапраўды, можа не існаваць. Напрыклад, падчас вайны, калі трэба было карміць армію, а не толькі зняволеных, была распаўсюджаная практыка, калі людзей проста саджалі на баржы і тапілі ў Белым моры — вядома, ніякіх дакументаў на іх не афармлялі. Таксама была практыка знішчэння дакументаў на рэабілітаваных ахвяраў рэпрэсій, якія выжылі.

Гары Паганяйла пацвердзіў, што рэабілітаваныя ці тыя, хто дамагаецца рэабілітацыі, могуць патрабаваць матэрыяльнай кампенсацыі ад дзяржавы. Калі рэабілітацыя адбудзецца ў наш час, то беларуская ўлада павінна адказаць на патрабаванні аб кампенсацыі. Што праўда, на сёння ахвяра палітычных рэпрэсій можа атрымаць толькі 25% дабаўкі да пенсіі ды зніжку на лекі. Астатнія ільготы былі ліквідаваныя.  

Пасведчанне Гары Паганяйлы з выкрасленымі ільготамі

Пасведчанне Гары Паганяйлы з выкрасленымі ільготамі

На жаль, пакуль улады працягваюць горшыя савецкія традыцыі: нават цяпер пасля выканання смяротных прысудаў целы расстраляных не выдаюцца родным, а месцы іх пахавання захоўваюцца ў таямніцы. Міжнародная супольнасць прызнала, што гэтая практыка закранае чалавечую годнасць сваякоў забітых, паводзіны дзяржавы прыніжаюць іх.

Але цяпер справа за грамадствам. Праца па доступе да архіваў складаная, але яе трэба рабіць, бо толькі актыўныя грамадзяне змогуць абавязаць дзяржаву раскрыць звесткі, як і агулам дамагчыся выканання правоў чалавека.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: