Юрыст пра дэкрэт Лукашэнкі: Наша сістэма дзяржаўнага кіраўніцтва менш развітая, чым нават манархія

Адказны ў пытаннях юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні юрыст Міхаіл Кірылюк у размове са «Свабодай» тлумачыць небяспекі і прававыя супярэчнасці дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі аб наданні Радзе бяспекі паўнамоцтваў у выпадку яго гібелі.
Пра прававы калапс у будучыні

— Дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі, і гэта відавочна стварае праблему. Калі сапраўды такі выпадак наступіць, адна група асобаў у дзяржаўным кіраўніцтве будзе казаць, што мы павінны выконваць Канстытуцыю, а другая група асобаў будзе казаць, што мы павінны выконваць дэкрэт. І гэта можа стварыць само па сабе прававы калапс.

Пра дыскрэдытацыю сістэмы, якую выбудоўвалі 26 гадоў

— Дэкрэт — толькі сімптом хворай сістэмы дзяржаўнага кіраўніцтва. Тое, што для перадачы ўлады трэба прымаць асобныя дэкрэты, гэта дыскрэдытацыя ўсёй сістэмы, якую выбудоўвалі 26 гадоў запар. Каб перадаць уладу — трэба парушыць Канстытуцыю, якую ты сам і пісаў пад сябе. У некаторых краінах ёсць манархіі, якія юрыстамі і палітыкамі лічацца больш архаічнымі сістэмамі дзяржаўнага кіраўніцтва, але нават там прадугледжаны механізм пераходу ўлады ў спадчыну. У нас нават гэтага няма, наша сістэма дзяржаўнага кіраўніцтва менш развітая, чым нават манархія. Гэта ўяўляе небяспеку.

Хто можа адмяніць гэты дэкрэт

— Павінен быць парламэнт, нармальная выбары ў прадстаўнічыя органы дзяржавы, і далей гэта будзе рашэннем дэпутатаў. Калі захочуць яны згодна з воляй суайчыннікаў адмяніць 25 ці 100 дэкрэтаў, так і будзе. Найперш трэба арганізаваць нармальнае прадстаўніцтва людзей ва ўладзе. Больш за 20 гадоў уся дзяржаўная палітыка кіравання была накіраваная, каб раздзяліць людзей на дзве катэгорыі — тых, хто мае доступ да ўлады, і тых, хто яго не мае. І фармаванне гэтага дасягнула піку, і дэкрэт — гэта такая вішанка на торце. То бок нічога нельга зрабіць з гэтай сістэмай акрамя таго, каб чалавек, які яе ўзначальвае, памёр.

Чаму прычына смерці не мае значэння

— Чамусьці юрыдычна падкрэсліваецца, што гэта павінна быць нейкая нечаканая смерць, забойства, хаця з юрыдычнага пункту гледжання, не павінна адрознівацца смерць праз інфаркт ад смерці праз забойства. Я не ведаю ніводнай краіны свету, дзе былі б розныя механізмы ў адпаведнасці з рознымі прычынамі смерці. Гэта наша вынаходніцтва, і не вельмі добрае.

Чаму са зменай улады ніхто не будзе мець столькі ўлады як Лукашэнка

— У такіх рэжымах, якія сканцэнтраваныя на адной асобе, калі мяняецца ўлада, далейшае развіццё падзеяў залежыць ужо не ад дэкрэтаў, якія пісаў чалавек. Калі яго няма, увесь аўтарытэт гэтых папераў рассыпаецца ўшчэнт. І любы палітык, які прыйдзе пасля яго да ўлады, кім бы ён не быў, не будзе мець такога ўплыву на сілавыя структуры, нават калі сам будзе іх узначальваць. У яго не будзе той канцэнтрацыі ўлады, якая была ў Аляксандра Лукашэнкі.

Пра дэкрэт як вынік пратэстаў

— Лёс краіны ўрэшце будуць вырашаць самі беларусы. Пачыналася ўсё з таго, што Лукашэнка казаў, што не будзе ніякай перадачы ўлады, «толькі праз мой труп», і за 8 месяцаў мы дасягнулі таго, што такая перспектыва прадстаўляецца яму не нерэальнай. Мабыць, яму даюць аналітычныя запіскі пра ступень любві да яго грамадзтва, і гэта таксама дасягненне пратэстнай часткі беларусаў, якая робіць ціск на ўладу.

Пра дэкрэт як тэстамэнт

— Найбліжэйшая аналогія — спадчына. Чалавек, калі ведае, што здароўе не вельмі добрае, узрост, хоча напісаць запавет, тэстамэнт пра тое, як сваёй маёмасцю распарадзіцца, каму што будзе належыць. Тут прыкладна такі выпадак. Проста Лукашэнка глядзіць на Беларусь як на сваю маёмасць. Гэта не дакумент, які піша дзяржаўны дзеяч, які выбудоўвае сістэму ў разліку на тое, каб яна працавала 100 гадоў пасля яго. Як беларус я хацеў бы бачыць у такіх дэкрэтах і ў сістэме дзяржаўнага кіраўніцтва, каб іх пісалі з думкамі пра будучыню беларусаў. А тое, што зараз робіцца — крадзеж той будучыні. І ніхто акрамя саміх беларусаў гэта не спыніць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: