Юрыст: Сёння Беларусі і антыкарупцыйны суд не дапаможа

Пад уціскам міжнароднай супольнасці ў суседняй Украіне ўсё ж ствараецца Вышэйшы антыкарупцыйны суд. Адпаведны закон падпісаў прэзідэнт Пятро Парашэнка. Ці варта Беларусі паследваць прыкладу афіцыйнага Кіева?

Афіцыйныя беларускія СМІ, як і недзяржаўныя, ледзьве не штодня паведамляюць пра затрыманні спецслужбамі ўпраўленцаў рознага кшталту, высокапастаўленых чыноўнікаў па абвінавачанні ў карупцыйных дзеяннях. Узровень тых, хто ўжо апынуўся ў следчых ізалятарах КДБ ці МУС, уражвае. Апошнім прыкладам ёсць арышт і змяшчэнне ў СІЗА памочніка кіраўніка дзяржавы па Гродзенскай вобласці Сяргея Раўнейкі, якога схапілі за руку пры атрыманні хабару памерам у 200 тысяч (!) долараў. І падобных ужо вядомых справаў не проста багата, а вельмі багата ў нашай далёка не багатай краіне.

Можа, прыспеў час і ў Беларусі стварыць свой антыкарупцыйны суд, як гэта робяць нашы паўднёвыя суседзі? Насколькі гэта магчыма ў нашых рэаліях? Пра гэта ў гутарцы з “Новым Часам” разважае былы суддзя і адвакат, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла.

— Гары Пятровіч, ці варта ў Беларусі па прыкладзе Украіны стварыць антыкарупцыйны суд, каб пераадолець гэтую загану, з якой кіраўнік дзяржавы быццам бы спрабуе змагацца ўжо больш за два дзясяткі гадоў?

— Пакуль што ранавата. Якія б суды пры цяперашняй уладзе не ствараліся, яны не будуць незалежныя, яны будуць выконваць толькі волю нашага “гасудара-імператара”. Таму ў гэтых умовах змагацца з карупцыяй практычна немагчыма.

— Чаму немагчыма?

— Таму што адмысловы суд перад усім неабходны там, дзе ёсць самрэчная судовая ўлада, дзе яна не залежыць ад органаў выканаўчай улады, і толькі ў гэтых умовах суддзі могуць ажыццяўляць правасуддзе, у тым ліку і па справах аб карупцыі. Да, ва Украіне такі суд створаны, але калі б былі магчымасці пераадолець парушэнні прынцыпаў незалежнасці ў астатніх судах, у так званых судах агульнай юрысдыкцыі, то не было б патрэбы ствараць спецыяльны суд. Але, магчыма, улічваючы непад’ёмнасць гэтай сітуацыі для ўсіх судоў ва Украіне, было вырашана стварыць хаця б такі суд па барацьбе з карупцыяй.

— Чым беларуская сітуацыя ў гэтым плане адрозніваецца ад украінскай?

— Наша сітуацыя вызначаецца тым, што ў нас уся ўлада сканцэнтраваная ў адных руках, суды фактычна падпарадкаваны прэзідэнту і выканаўчай уладзе, у нас няма незалежных органаў правасуддзя. Па сутнасці, пракуратура, якая мусіла б быць таксама самастойнай і незалежнай, падпарадкавана тым жа “выканаўцам”, пачынаючы з мясцовых начальнікаў і заканчваючы галоўным начальнікам.

Таму ва ўмовах той сістэмы ўлады, якая створана і дзейнічае ў нашай краіне, не могуць існаваць ніякія іншыя сапраўдныя незалежныя галіны ўлады, апроч выканаўчай. Тая ж заканадаўчая ўлада, судовая. Яны не могуць паўнавартасна дзейнічаць, нават калі яны баццам бы з’яўляюцца незалежнымі паводле закону. Таму тут справа не ў судах, але ў тых прынцыпах, на якіх павінна грунтавацца іх дзейнасць. Аднак у нашых рэаліях, на жаль, як гэты суд не называй, ён усё роўна будзе залежным і будзе выконваць волю толькі аднаго вядомага чалавека, і на гэтым усё. На каго ён пальцам указаў, супраць таго вядуць справу, выяўляюцца пэўныя факты.

Але ёсць яшчэ справы, пра якія мы ўвогуле не ведаем. То бок, яму, магчыма, дакладаюць, ён глядзіць, маўляў, гэта свой хлопчык, суччын сын, але няхай пакуль працуе. Бо многія з’яўляюцца ягонымі прызначэнцамі, той жа памочнік па Гродзенскай вобласці. Ён жа там быў старшынём абласнога камітэта дзяржаўнага кантроля, а гэта вельмі вялікі чыноўнік. І, найхутчэй, пачынаў ён сваю карупцыйную дзейнасць яшчэ на гэтай пасадзе. Тым не менш, яго высунулі на яшчэ больш высокую пасаду. Гэта чалавек прэзідэнта, ён прыйшоў у тую ж галіну і працягнуў займацца тым, чым займаўся раней. Але, відаць, так зарваўся, і хабары былі настолькі відавочныя, што было вырашана даць яму па руках.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!