КаАПерацыя пад выбары

У 2020 годзе з’явяцца новыя рэдакцыі Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях — яны павінна быць гатовыя да 1 траўня

Скончыўся збор прапановаў ад грамадзян па змяненнях у гэтыя, бадай, самыя часта ўжываныя заканадаўчыя акты: так альбо інакш з імі мела справу кожная беларуская сям’я — ну хто калі-небудзь што-небудзь нешта не парушаў, не плаціў штраф? Хаця б за парушэнне Правілаў дарожнага руху. Разбіраемся: дзеля чаго і як павінны быць перапісаныя КаАП і ПВКаАП?

Ці магчыма гуманізацыя сістэмы?

Заканадаўства наконт адміністрацыйных правапарушэнняў і пакаранняў за іх мяняецца пастаянна — па некалькі разоў на год. Яно карэктуецца ў сувязі са змяненнямі ў законы і з’яўленнем новых указаў. Так, цэлы шэраг новаўвядзенняў уступіў у сілу ўжо ў студзені 2020-га, хаця гэты год толькі пачаўся, яшчэ некалькі карэкціровак пачнуць дзейнічаць увесну. Новыя рэдакцыі можна назваць рэформай дзеля спрашчэння Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, каб яны сталі больш зразумелымі.

Нельга не адзначыць, што выпадкова ці не, але па часе актыўная праца прыпала на перыяд перад сёлетняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй. Улада пачала дбаць пра свой імідж. Нездарма адмысловую нараду, прысвечаную змяненням у заканадаўстве аб адміністрацыйных правапарушэннях, у снежні правёў кіраўнік краіны. Тэма ў сацыяльна-палітычным плане розгаласная, улічваючы статыстыку па гэтых самых адміністрацыйных правапарушэннях, якая апошнім часам біла рэкорды. Перадусім міліцэйскімі стараннямі. У 2017 годзе па ўсёй краіне было складзена амаль 4 мільёны пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, у 2018-м — ужо крыху больш за 4 мільёны! Самыя папулярныя — з вялікай перавагай па колькасці — парушэнні ПДР (перадусім перавышэнне хуткаснага рэжыму), распіванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах, дробнае хуліганства.

На згаданай нарадзе гаворка вялася ў тым ліку пра хібную практыку валавых справаздачных паказнікаў для ацэнкі дзейнасці службовых асобаў упаўнаважаных ведамстваў. «Дагэтуль у нас не выкараненая палачна-птушачная сістэма. Гэтым грашаць практычна ўсе: міліцыя, мытныя органы, падатковая інспекцыя, пажарная служба, санстанцыя ды іншыя. Даходзіць да таго, што кіраўніцтва з супрацоўнікаў наўпрост патрабуе прынесці не меней 3–5 пратаколаў аб правапарушэннях за дзень, а калі не — застануцца без прэміі», — заявіў Лукашэнка. І ў звыклай манеры дадаў: «За гэта трэба саджаць у турму без суду і следства. Інакш мы не развяжам праблему, будзе балбатня».

Пажывем — паглядзім, ці атрымаецца зрабіць так, як анансуецца на словах: каб галоўным крытэрам плённай працы сілавых ды іншых структур была не колькасць выяўленых запратакаляваных парушэнняў і выпісаных штрафных спагнанняў, а скарачэнне адміністрацыйных учынкаў. Як вынік іх прафілактыкі і эфектыўнага дзяржаўнага кіравання ў розных сферах жыцця. Каб дзейны Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях не ўжываўся пераважна як карны спосаб развязання канфліктных сітуацый. Па словах заклапочанага Лукашэнкі, «гэта фарміруе ў грамадстве меркаванне аб празмернай жорсткасці органаў улады і ўлады ўвогуле, а часта і відавочнай несправядлівасці практыкі прымянення адміністрацыйных санкцыяў». Але ці здольная сістэма ў прынцыпе гуманізавацца і адысці ад карнай інерцыі: усё ж 25 гадоў з падачы якраз кіраўніка краіны панаваў савецкі стыль адміністрацыйнай пугі?


Голас народа

Якім чынам мяркуецца мадэрнізаваць і гуманізаваць Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях?

Правапарушэнні распішуць па катэгорыях — у залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі і цяжкасці наступстваў — як у Крымінальным кодэксе. Адпаведнай будзе і градацыя пакаранняў. З’явіцца больш падставаў для вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці. Будзе скарочаная колькасць дзяржаўных органаў і арганізацый з правам складаць пратаколы па «адміністрацыйцы» — цяпер такіх ведамстваў каля 80. З КаАП знікнуць каля паўсотні артыкулаў. Увядуць нешта накшталт зніжак па выплаце штрафаў: іх памер будзе зменшаны, калі штрафы будуць аплачаныя адразу на месцы правапарушэння або цягам 10 дзён пасля яго здзяйснення. У выніку новыя рэдакцыі КаАП і ПВКаАП павінна быць складзены так, каб мінімум гадоў пяць не спатрэбілася ўносіць туды змяненні.

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі на партале Pravo.by з канца снежня мінулага года збіраў прапановы беларусаў па карэкціроўцы кодэксаў. «Новы Час» вывучыў іх і склаў Топ самых папулярных тэмаў. Гэта — хуткасны рэжым для аўтамабіляў і правілы паркоўкі, ужыванне алкагольных напояў у публічных месцах, а таксама разнастайныя сітуацыі, звязаныя з жыллём і зямлёй.

Што тычыцца жыллёвых пытанняў, то, напрыклад, народ прапануе змякчыць адказнасць па артыкуле «Самавольнае будаўніцтва». Гаворка пра выпадкі, калі штраф даецца за няўзгодненае ўзвядзенне навесу над ганкам ці над кладам дроваў. Таксама суровым падаецца людзям пакаранне паводле артыкула «Самавольнае заняцце зямельнага ўчастка» — штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў: «У практыцы маюцца выпадкі, калі праваўладальнік зямельнага ўчастка нязначна выходзіць за межы пры будаўніцтве або іншай дзейнасці (часцей гэта адбываецца ў сельскай мясцовасці), што не нясе вялікай шкоды». А штраф нярэдка перавышае месячны заробак на вёсцы.

Шмат розных прапановаў наконт шуму ў жылых шматкватэрных дамах — у якія гадзіны павінен захоўвацца рэжым «цішыні». Як вам, напрыклад, прапанова ўстанавіць яго з 21.00 па 9.00 і цэлыя суткі па нядзелях?

Асабліва жвавая дыскусія сярод грамадзян разгарнулася датычна адміністрацыйнай адказнасці за распіванне алкаголю ў грамадскіх месцах, а менавіта — піва. Яго многія прапануюць рэабілітаваць: «Нават для кіроўцаў транспартных сродкаў адказнасць настае пры дасягненні мінімальнага парогу ў 0,3 праміле. Для пешаходаў такога мінімальнага парогу няма. Атрымліваецца, што да пешаходаў і проста грамадзянаў, якія знаходзяцца ў грамадскіх месцах, патрабаванні больш строгія, чым да кіроўцаў, а любы грамадзянін можа быць прыцягнуты да адказнасці толькі за тое, што ўжыў, да прыкладу, куфаль піва ў адведзеным месцы, хаця ніякай небяспекі не ўяўляе, знаходзіцца ў адэкватным стане і грамадскі парадак не парушае». «Ёсць мноства паводзінных тэстаў, якія паказваюць празмернае ўжыванне алкаголю. Калі чалавек іх не прайшоў — адвезці на медыцынскі агляд, калі перавышаны парог 1,2 праміле — вось тады штраф і выцвярэзнік!»

На довад, што дрэнна піць нават піва навідавоку ў дзяцей, прыводзіцца контраргумент пра магчымасць ужывання піва, пакладзенага ў непразрысты пакет, а таксама пра крывадушнасць дзяржавы, якая ўхваліла па ўсёй краіне размяшчэнне шапікаў па продажу цыгарэт «Табакерка».

Што тычыцца ПДР, то ёсць, да прыкладу, прапановы зменшыць нештрафавальнае перавышэнне хуткасці ў населеным пункце з дзесяці кіламетраў на гадзіну да трох, узмацніць санкцыі за няправільнае паркаванне, а за першасныя парушэнні правілаў, апрача грубых, спачатку даваць папярэджанні, а ўжо пры паўторных — спаганяць вялізныя штрафы, большыя па памерах за цяперашнія.

А што вы думаеце наконт такой прапановы: «Скасаваць “калідор” штрафаў, каб за кожнае парушэнне было дакладнае пакаранне, а не размытае “папярэджанне або штраф ці пазбаўленне правоў”, бо гэта глеба для карупцыі»?

З іншых народных пажаданняў адзначым замену адміністрацыйнага арышту грамадскімі працамі ці адмену кампенсацыі адміністрацыйна зняволенымі расходаў на харчаванне падчас адбывання арышту.

Арыгінальнымі падаюцца ідэі ўвядзення пакарання за марудную язду ў горадзе, калі «кіроўца едзе на 11 меней за дазволеную хуткасць», або за навязлівыя рэкламныя тэлефанаванні.

Ці такая прапанова, каб больш караць паводле КаАП: «Дазвольце частцы супрацоўнікаў ППС хадзіць без формы і выдаваць штрафы людзям, якія ўчыняюць правапарушэнні, — у прыватнасці, парушэнні выгулу сабак, паркоўкі, курэння ў грамадскіх месцах, выкід смецця ў неналежным месцы... Гэта дазволіць зрабіць гарады чысцейшымі, папоўніць бюджэт і дысцыплінаваць грамадзян на культурнае стаўленне да парадку».

Якія прапановы падаюцца вам слушнымі і што змянілі б у КаАП вы?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: