Каардынацыйная рада заклікала вызваліць Максіма Знака

На 11-ты дзень галадоўкі Максіма Знака сябры Каардынацыйнай рады заклікалі вызваліць яго з-за кратаў, а самога Знака — спыніць галадоўку.


Чальца Прэзыдыюму Каардынацыйнай рады і адваката Максіма Знака затрымалі 9 верасня і 18 верасня абвінавацілі ў закліках да дзеянняў, скіраваных на ўчыненне шкоды нацыянальнай бясьпецы — паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу. Пасьля гэтага Максім Знак абʼявіў галадоўку.

Каардынацыйная рада заклікала беларускія ўлады неадкладна даць магчымасць аказаць кваліфікаваную медычную дапамогу Максіму Знаку; неадкладна вызваліць Максіма Знака з-пад варты; спыніць крымінальны пераслед Максіма Знака.

КР заклікала сусветную супольнасць да ціску на беларускія ўлады, каб тыя вызвалілі Максіма Знака.

Рада выказала падтрымку патрабаванням Максіма Знака, аднак заклікала яго спыніць галадоўку. «Мы не заклікаем Максіма Знака спыніць пратэст. Але заклікаем берагчы сябе для будучыні!», — сказана ў заяве.

Адвакат, кандыдат юрыдычных навук Максім Знак сёлета аказваў юрыдычную дапамогу Віктару Бабарыку і Святлане Ціханоўскай. Ён падаваў заяву ў ЦВК на рэгістрацыю кандыдатам ад імя Віктара Бабарыкі, калі той ужо быў зняволены, пазоў у Вярхоўны суд аб непрызнанні вынікаў выбараў 9 жніўня ад імя Святланы Ціханоўскай.

Паводле Радыё Свабода



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: