Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Каб атрымаць працу, людзі хаваюць, што маюць інваліднасць

У межах тыдня даступнасці сёння, 16 мая, адбыўся круглы стол "Працаўладкаванне без межаў: Праблемы і рашэнні".

Мерапрыемства арганізавалі Офіс па правах людзей з інваліднасцю, ODB Brussels, установа "Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу".

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі распавёў пра праблемы працаўладкавання ў Беларусі. Апошнім часам людзям з інваліднасцю стала знайсці працу яшчэ цяжэй. Бюракратычны бар'ер, калі трэба сабраць шмат дакументаў, ды выключна медычны падыход пры ацэнцы працаздольнасці, які стварае істотныя абмежаванні, фактычна дыскрымінуюць інвалідаў. Таму пры працаўладкаванні людзі часта прыхоўваюць факт сваёй інваліднасці. Паводле Граблеўскага, хаця і ёсць дзяржаўная праграма падтрымкі інвалідаў, няма незалежнага маніторынгу яе эфектыўнасці.

Алег Граблеўскі

Згадаў ён сярод праблем працаўладкавання людзей з інваліднасцю і адсутнасць безбар'ернага асяроддзя. А моцна забюракратызаваная рэабілітацыя і адаптацыя інваліда для працадаўцы стварае дадатковыя перашкоды.

Таксама Алег Граблеўскі як праблему адзначыў закрытасць статыстыкі па працаўладкаванні інвалідаў, у сувязі з чым немагчыма нават ацаніць маштаб праблемы. "На апошнім кірмашы вакансій у Мінску інвалідам прапаноўвалася толькі 32 вакансіі з заробкам 200–250 рублёў", — прывёў Алег Граблеўскі пэўныя красамоўныя лічбы.

У шмат якіх краінах ёсць закон пра сацыяльнае прадпрымальніцтва. Гэта і стала  тэмай для далейшага абмеркавання. З дакладам выступіў Валеры Журакоўскі ад Міжнароднага асветніцкага грамадскага аб'яднання "Акт". Такога тэрміна, як сацыяльнае прадпрымальніцтва, у беларускім законе няма, але існуюць прадпрыемствы, якія маюць пэўныя падатковыя ільготы. Удзельнікі круглага стала адзначалі, што гэтага яўна недастаткова, бо працаўладкавана толькі каля 15% людзей з інваліднасцю.

 Валеры Журакоўскі 

Прысутныя інваліды і іх сваякі агучылі памеры пенсій па непрацаздольнасці: іх велічыня вагалася ад 170 да 200 рублёў. Эксперты дадалі, што сярэдняя пенсія для інвалідаў складае каля 120 рублёў.

У дыскусіі, дзе агучваліся праблемы і магчымыя шляхі іх вырашэння, прымалі ўдзел прадстаўнікі асацыяцый інвалідаў, мясцовых уладаў, Мінпрацы, прадпрымальнікі праваабаронцы, самі інваліды. Удзельнікі адзначалі, што праблема з працаўладкаваннем інвалідаў абвастрылася ў тым ліку ў сувязі з пагаршэннем агульнай эканамічнай сітуацыі ў краіне.



Каментаваць