Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова сталі пераможцамі міжнароднай прэміі «Courage in Journalism Awards»

Прэмію «Courage in Journalism Awards» прысуджаюць адважным журналісткам, якія дэманструюць адданасць свабодзе прэсы і сумленнай журналістыцы, паведамляе «Белсат».

Журналісткі «Белсата» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева, асуджаныя да двух гадоў зняволення, сталі лаўрэаткамі міжнароднай прэміі за адвагу ў журналістыцы — «Courage in Journalism Awards».

«Courage in Journalism Awards» — гэта прэстыжная міжнародная журналісцкая прэмія, заснаваная Міжнародным фондам жанчын, якія працуюць у СМІ (International Women’s Media Foundation/IWMF).

Прэмію прысуджаюць адважным журналісткам, якія рызыкуюць сабою, выконваючы прафесійныя абавязкі, дэманструюць адданасць свабодзе прэсы і сумленнай журналістыцы.

Разам з Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай лаўрэаткамі сталі: Паоля Угас з Перу, рэдакцыя выдання «Khabar Lahariya» з Індыі і Ванэса Шарлат з ЗША.

Кацярына Андрэева даведалася, што стала пераможцай прэміі «Courage in Journalism Awards», у гомельскай калоніі.

«Гэтая ўзнагарода стала для мяне велізарным сюрпрызам, — прызналася Кацярына. — Калі я пра гэта даведалася, я адчула буру станоўчых эмоцый, на якія звычайна не разлічваеш у турме. Гэтая прэмія надае мне дадатковыя сілы для таго, каб з усмешкаю пераносіць усе выпрабаванні. Для мяне вялікі гонар быць у адным шэрагу з найлепшымі журналістамі свету».

«Калі я вяла свой рэпартаж, рызыкуючы трапіць за краты, я не думала, што здзяйсняю адважны ўчынак. Перш за ўсё я хацела данесці да грамадства праўдзівую інфармацыю, я проста рабіла сваю працу і хацела зрабіць яе добра. Мне здаецца, гэта мне ўдалося, і я гэтым ганаруся. Так, я і мае калегі заплацілі высокую цану за вернасць прафесіі, але я абсалютна перакананая, што ўсё гэта было недарма», — падкрэслівае яна.

Перамогу на «Courage in Journalism Awards» пракаментавала маці Дар’і Чульцовай Наталля Церабіленка:

«Атрыманне такой узнагароды для Дашы — гэта вельмі адказна і важна. Ведаць, што яе працу высока ацанілі. І яна разумее, што рэпрэзентуе ўсіх жанчын-журналістак Беларусі, якія нясуць людзям праўду».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: