Кацярына Барысевіч: Ліст у турме — гэта як у звычайным жыцці выйграць тур на Мальдзівы

Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч, якая нядаўна вызвалілася пасля шасцімесячнага зняволення па справе «нуль праміле», распавяла аб велізарнай важнасці ліставання з вязнямі.
— Кожны дзень камера жыве тым, што чакае лістоў, тэлеграм, паштовак, — напісала Кацярына Барысевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Ты ведаеш: сёння нічога не прыносяць, але ўсё роўна чакаеш. Хоць адзін сказ: «Заквітнеў бэз». Чытаеш і ўсміхаешся. Цэлы дзень.

Многія казалі: не трэба пасылак і перадач, толькі б прыходзілі лісты. Ліст у турме — гэта як у звычайным жыцці выйграць тур на Мальдзівы. Адчуванні аднолькавыя.

Калі цішыня, дарослыя людзі плачуць. Пішыце! Пра ўсё, там так хочацца пазнаваць пазітыўныя навіны: прыляцелі буслы, каля дома адкрылася новая кавярня, хтосьці закахаўся ці ажаніўся.

Раніцай дома знайшла паштоўку ад блізкага чалавека. Ён усё яшчэ за кратамі, але працягваў пісаць мне дадому, да канца не разумеючы: выйду я ці не. Але ён вельмі верыў. Я выйшла. І раніцу пачала з веры. Накупляла паштовак і паслала іх з тэлеграмамі ў СІЗА. У нас ва ўсіх павінна быць вясна.

Усім, хто ўпарта і так шмат пісаў мне гэтыя паўгода, нізкі паклон. Лісты правезла праз тры этапы, ніводны не пакінула ў камеры.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: