Калегі і блізкія наведалі магілу Паўла Шарамета

У другую гадавіну забойства вядомага журналіста Паўла Шарамета, 20 ліпеня, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, сваякі ды блізкія ўшанавалі яго памяць на месцы пахавання на Паўночных могілках пад Мінскам.  

Машына, у якой журналіст накіроўваўся на працу, выбухнула ранкам 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева, дзе апошнія гады жыў і працаваў Павел Шарамет. Ён загінуў на месцы злачынства. Адразу было высветлена, што пад крэслам кіроўцы было закладзена накіраванае выбуховае прыстасаванне.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка запэўніваў, што гэтае злачынства супраць вядомага журналіста мусіць быць раскрыта як мага хутчэй. Аднак прайшло два гады, а следства нічога не дало. Дагэтуль не вядома, хто забіў Паўла, хто арганізаваў і хто замовіў гэтае забойства.


І ўсё ж калегі ды блізкія Паўла не пакідаюць надзеі, што злачынцы будуць знойдзеныя, панясуць пакаранне, а “справа Шарамета” не ператворыцца ў шматгадовы “вісяк”, як гэта сталася са справай аб знікненні ягонага сябра тэлеаператара Змітра Завадскага, а таксама былога міністра ўнутраных справаў генерала Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: