Калеснікава, Алексіевіч, рэпрэсіі і міжнародная рэакцыя. Найважнейшае за 9 верасня

Рэжым працягвае рэпрэсіі, пагаршаючы сваё і без таго хісткае становішча. Падобна, што сваім вобразам у вачах «супольнага Захаду» ўлада ўжо не цікавіцца — і так няма куды горш. Аднак і «саюзнік», падаецца, задумаўся, ці трэба яму такое сяброўства...


Услед за Машай Калеснікавай, якая знайшлася ў СІЗА-1, мінскай «Валадарцы», быў арыштаваны Максім Знак — адвакат Бабарыкі і чалец Каардынацыйнай рады. Ён быў апошнім з дзейсных чальцоў, бо нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у гэтай радзе з’яўляецца больш сімвалам — выконваць нейкія абавязкі яна не можа па стане здароўя.

Аднак, «гуляць — дык гуляць», вырашыла ўлада і завітала да Алексіевіч. Пісьменніца дзверы не адчыніла, а да яе адразу ж прыехала моцная група падтрымкі — пісьменнікі, журналісты, і амбасадары замежных краін. Асобы ў балаклавах вымушаныя былі сысці.

Працягваецца ціск на прэсу: Міністэрства інфармацыі вынесла трэцяе папярэджанне парталу tut.by. У выніку рэсурс могуць заблакаваць.

Між тым, рэакцыя на мужны ўчынак Калеснікавай, якая парвала пашпарт, каб не быць дэпартаванай з Беларусі, не прымусіла сябе чакаць. ЗША заявілі аб магчымых санкцыях у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі. Пра тое ж — з боку ЕС, — заявіла Францыя.

Украіна адмяніла Форум рэгіёнаў, які планаваўся ў Гродна, і на якім павінен быў прысутнічаць Уладзімір Зяленскі. Сербскае войска не пагадзілася ўдзельнічаць у супольных з Беларуссю вучэннях (прывітанне міністру абароны Хрэніну, які дапусціў выкарыстанне арміі на вуліцах гарадоў).

А самае галоўнае — Масква заявіла, што «рана казаць пра дату візіту Лукашэнкі ў Расію». Што цікава, бо раней казалі пра візіт 14 верасня і нават зазначалі,, што Лукашэнка і Пуцін абмяркуюць праблему рэструктурызацыі беларускіх пазыкаў. Калі візіт зрываецца за пяць дзён да меркаванай даты— гэта азначае, што цяпер бачыць Лукашэнку ў Крамлі проста не жадаюць.


Тым часам у Мінску на Нямізе прайшла акцыя ў падтрымку Марыі Калеснікавай. Насуперак словам Караева, што яго падначаленыя імкнуцца не затрымліваць жанчын, без гэтага не абышлося.


На плошчы Пераменаў у двары на вул. Чарвякова ў Мінску з канцэртам для мясцовых жыхароў выступіў Зміцер Вайцюшкевіч. Праўда, на яго прыехалі людзі ў масках, зафарбавалі мурал з ды-джэямі перамен і на ноч прыставілі ахову, каб жыхары зноў не адмылі яго. Раніцай высветлілася, што мурал залілі смалой і потым здзерлі смалу разам з малюнкам.

Цікава, колькі бюджэтных грошай сышло на барацьбу са сцяной?

Юры Корзун


А паводле тэлеграм-каналу «Страйкам ААТ “Беларуськалій”», салігорскі шахцёр Юры Корзун прыкаваў сябе кайданкамі да горназдабывальнага абсталявання ў шахце на глыбіні 305 метраў.

Корзун патрабуе спынення пераследу рабочых, вызвалення сябраў страйкаму і сыходу Лукашэнкі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: