Калеснікава запатрабавала распачаць справу супраць КДБ і ГУБАЗіК

Марыя Калеснікава запатрабавала распачаць справу супраць супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК, якія аказвалі на яе ціск і пагражалі забіць, паведамляе TUT.BY.

 

Фота: Анжаліка Васілеўская, TUT.BY

Марыя Калеснікава патрабуе ад Следчага камітэта распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК, якія, па яе словах, падчас затрымання пагражалі пазбавіць яе жыцця. Заяву Калеснікавай на імя старшыні СК Івана Наскевіча перадала адвакат Людміла Казак.

У заяве Марыя Калеснікава падрабязна выклала храналогію падзей 7 і 8 верасня і ўсё, што з ёй адбывалася ў гэты прамежак часу: выкраданне невядомымі людзьмі, псіхалагічны ціск, пагрозы пазбаўлення жыцця, спроба сілай выправадзіць за межы Беларусі.

Марыя Калеснікава ўказвае канкрэтныя імёны і пасады людзей, якія аказвалі на яе псіхалагічны ціск у ГУБАЗіК і КДБ. Яна патрабуе распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў КДБ РБ, ГУБАЗіК РБ па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных арт. 182, 183, 186 Крымінальнага кодэкса Беларусі. У заяве адзначае, што яна можа апазнаць усіх, хто пералічаны ў заяве, і гатовая даць падрабязныя паказанні.

"Названымі асобамі ў дачыненні да мяне выказваліся пагрозы пазбавіць мяне жыцця, якія ўспрымаліся мною рэальна. У прыватнасці, заяўлялася, што ў выпадку, калі я добраахвотна не пакіну тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, мяне ўсё роўна вывезуць: жывой ці па частках. Выказваліся і пагрозы пазбавіць мяне волі на тэрмін да 25 гадоў, зладзіць мне праблемы ў месцах утрымання пад вартай, у месцах пазбаўлення волі, якія я таксама ўспрымала як рэальныя. З прычыны таго, што запатрабаванай згоды ад мяне атрымана не было, мяне змясцілі ў камеру, дзе я правяла каля гадзіны. Названыя асобы выказвалі ў мой адрас пагрозы маім жыццю і здароўю, якія ўспрымаліся мною рэальна.

Падчас майго незаконнага ўтрымання ў ГУБАЗіК, КДБ, я выкарыстоўвала любую магчымасць і заяўляла супрацоўнікам, якія праходзілі міма, аб тым, што мяне выкралі, патрабавала паведаміць пра месца свайго знаходжання адвакату і бацьку.

Пасля таго, як супрацоўнікі КДБ усвядомілі, што добраахвотна з Беларусі я не з’еду, мне надзелі на галаву мяшок, запіхалі ў мікрааўтобус і вывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу (п.п. Аляксандраўка), дзе з ужываннем сілы, супраць маёй волі спрабавалі выправадзіць мяне з Рэспублікі Беларусь.

Пасля таго, як я парвала свой пашпарт, выключыўшы такім чынам уезд на тэрыторыю Украіны, мяне зноў пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі ў Мазырскі пагранічны атрад, дзе я знаходзілася да вечара 8 верасня. Такім чынам, пералічанымі вышэй службовымі асобамі ГУБАЗіК і КДБ Рэспублікі Беларусь у дачыненні да мяне здзейснены шэраг крымінальна каральных дзеянняў, а менавіта: выкраданне чалавека (арт. 182 КК РБ), незаконнае пазбаўленне волі (арт. 183 КК РБ), пагрозы забойствам (арт. 186 КК РБ)", — гаворыцца ў заяве Марыі Калеснікавай.

Паводле https://news.tut.by/economics/699979.html

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: