Калі абмежаваныя магчымасці не абмяжоўваюць

«Sziget», «Lollapalloza», «Rock am Ring» — назвы буйных еўрапейскіх музычных фестываляў, якія Дзяніс наведвае штогод. Нават паверыць немагчыма, што чалавек з такім дыягназам столькі вандруе

Дзяніс

У Дзяніса — дзіцячы цэрабральны параліч. Яго бацькі заўсёды змагаліся за тое, каб сын адчуваў сябе такім, як усе. Яны нават судзіліся за магчымасць Дзяніса хадзіць у звычайную школу. Бацькі ўсяляк дапамагалі сыну, падтрымлівалі яго ва ўсім. Больш за ўсё Дзяніс цікавіўся музыкай. Аднойчы яго сябры прапанавалі разам паехаць на «Kubana» — расійскі музычны фэст. Грошай у самога Дзяніса не хапала, і ён звярнуўся да бацькі. А той адказаў: навошта табе гэтая «Kubana», едзь на «Sziget» у Венгрыю. Было гэта ў 2012 годзе і паклала пачатак музычным вандроўкам Дзяніса Лесніка.



Адчуць сябе чалавекам

Паехаць першы раз далёка ад дома, ды яшчэ і на музычны фэст… На гэта адважыцца не кожны.

— У Еўропе зусім іншае стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — распавядае Дзяніс. — Напрыклад, у тым жа 2012 годзе мяне не пусцілі ў мінскі клуб «Цэнтр». Дзяўчына на ўваходзе мне адразу сказала: «Не». Бо, маўляў, яны не змогуць забяспечыць маю бяспеку. Узнікае пытанне, чыю бяспеку ўвогуле яны могуць забяспечыць? Можна было проста сказаць, што няма месцаў, — і чалавек сыдзе. Навошта намякаць яму на яго абмежаванасць? Мне ахова казала, што я — трэці на іх памяці інвалід, які наогул у клуб прыйшоў. А ахоўнік 20 гадоў там працуе.

Дзяніс

Але калі я прыехаў на «Sziget», я адчуў зусім іншае стаўленне. І ўбачыў шмат інвалідаў. На заходніх фестывалях колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі падлічыць немагчыма — так іх шмат.

Ні ў каго нават думкі не з’явілася мяне кудысьці не прапусціць. Хочаш прайсці — калі ласка. А ахова табе заўсёды дапаможа. Калі чалавек зламае сабе нагу — яму выдадуць вазок ці кіёк. Ёсць спецыяльныя пляцоўкі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прычым звычайна яны знаходзяцца ў самым цэнтры, каб лепш было бачна.

Неяк у 2013 годзе, падчас выступу гурта «Skunk Anansie», хлопца паднялі на вазку і працягнулі над галовамі да сцэны. Салістка, убачыўшы тое, пайшла басанож па руках гледачоў, ды паціснула яму руку.

Выступ гурта «Skunk Anansie» на фэсце «Sziget» у 2013 годзе. Скрыншот з відэа «Sziget–2013»

На «Sziget» у фан-зоне быў вялікі натоўп, але я ішоў скрозь іх, — людзі мяне прапускалі. Ніхто не скандаліў: маўляў, што ты ўлез са сваімі мыліцамі.

Нават улічваючы ўсе мае фізічныя недахопы, там я адчуваю сабе свабодна. Калі б я меў перашкоды з-за таго, што я інвалід, я б, канешне, туды ніколі не ехаў. Але я прыязджаю на еўрапейскія фестывалі як звычайны чалавек. Я нікому не замінаю — ніхто не замінае мне.


Just Fun

— На фестывалях жывуць паводле прынцыпу «Just Fun», — распавядае Дзяніс пра свае ўражанні ад фэстаў. — Я ніколі не бачыў там боек. Усе прыязджаюць, каб адпачываць. Тут могуць рабіць усё, што прыйдзе ў галаву ў межах закона. «Just fun!» — неяк сказала дзяўчына, якая ўсіх абдымала ў майцы «free hugs». Там так адпачываюць, што ў мяне часам пачуццё, што яны год працуюць, каб адзін тыдзень адарвацца напоўніцу.

На «Sziget» нават ёсць ability-паркі — трэба і ў нас такое стварыць. Гэта такі пункт на фэсце, дзе табе даюць квэст: ты сляпы, глухі ці мабільна абмежаваны. Паўсядзённыя рэчы робіш з пункту гледжання чалавека з інваліднасцю: калі сляпы — табе завяжуць вочы, калі глухі — заткнуць вушы. «Смех набліжае нас да дабра», — казаў Боб Марлі. Многія людзі «не бачаць» інвалідаў, напрыклад, у транспарце, яны іх не разумеюць. А тут ты з кіёчкам паскакаў праз перашкоды нейкія — і разумееш чалавека, крыху пабыўшы ў яго скуры. Гэта робіцца дзеля таго, каб наблізіць грамадства да інвалідаў.

Фота Rockstar Photographers (@rockstarphotographers) ад «Sziget»

У нас усе думаюць, што гэта абурае людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але насамрэч, гэта для таго, каб народ нармальна ўспрымаў людзей з інваліднасцю. Я лічу, калі зробяць нейкія такія поінты на нашых фестывалях — гэта будзе крута.

Ёсць прымаўка: «Калі ты быў на “Sziget” — ты бачыў усё». Акрамя мультыкультурнага кампоту з гуртоў ёсць і агульная дзвіжуха, напрыклад, у беларусаў свой намётавы лагер. Шмат розных майстар-класаў ды перфомансаў, якія часта ствараюцца самімі наведвальнікамі. Як мы любім жартаваць: «Адчуванне, што ў заходнікаў не было піянерлагераў».


Пераадолець страх

— Калі ты нечага хочаш — не бойся, — кажа Дзяніс. — Людзі часта баяцца зрабіць першы крок, зрабіць нешта, што выбівае іх з прывычнай каляіны. Яны зацюканыя грамадствам. Справа нават не ў тым, інвалід ты ці не.

І Дзяніс не баіцца. Кожны яго крок — гэта крок да якой-небудзь мэты. Зараз ён працуе аператарам капіравальна-множыльнай тэхнікі. Шмат падарожнічае па свеце. Хутка ён стане бацькам, таму не ведае, калі зноў пашчасціць паехаць на фестываль. Але прызнаецца, што марыць, каб яго дзіця таксама калі-небудзь ўлілося ў гэты дзіўны фестывальны свет.


У гэтым годзе фестываль «Sziget» адзначае свой юбілей — яму спаўняецца 25 гадоў. Акрамя вялікай колькасці гуртоў, на ім сёлета выступіць беларуска-ўкраінскі гурт «Brutto». Далучайцеся патрымаць землякоў!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: