«Калі б ведаў, што робіцца ў краіне, не прапусціў бы аніводнага шэсця і мітынгу!»

Праваабаронца Раіса Міхайлоўская атрымала ліст ад Святаслава Барановіча.

«Спяшаюся падзякаваць усім, хто адгукнуўся на папярэднюю просьбу, — напісала яна ў фейсбуку. Маецца на ўвазе збор сродкаў, які быў абвешчаны ў падтрымку вязня.

«Слава піша: «Багатым Бураціна быць зусім ня лёгка, але мы трымаемся з усіх сіл. ... хутка не буду змяшчацца ў дзверы, не паспяваю марнаваць калорыі. Магчыма, на суд не прывязуць (гэта ён пра Мінгарсуд, мае на ўвазе апеляцыю), так як трэба пашыраць праём, а для гэтага трэба ўзгадняць праект. а гэта ўсё час. Так і тэрмін можа скончыцца. Хвілінка гумару». Як я зразумела з напісанага — грошы ён атрымаў.
 
І далей: «Знаходзячыся ў гэтых сценах, я зразумеў і ўсвядоміў, што ведай я раней, што робіцца ў нас у краіне, не прапусціў бы ані воднага шэсця і мітынгу. Страшнае беззаконне, многіх саджаюць са слоў, вельмі шмат маладых хлопцаў, якія маглі б заводзіць сем'і і многае рабіць для краіны, а яны гніюць у турмах, сілкуюць злобу і нянавісць. Спадзяюся, што змены наступяць. Нам трэба ставіцца з павагай адзін да аднаго. Нажаль, мы далёкія ад гэтага цяпер. Але веру ў будучыню нашай краіны. Жыве Беларусь!».

Нагадаем, 15 сакавіка 2017 году пасля «Маршу недармаедаў» супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі затрымаць групу анархістаў, калі тыя сядалі ў тралейбус, каб з'ехаць з месца правядзення акцыі. Мінчанін Святаслаў Барановіч не пазнаў у асобах у цывільным міліцыянтаў і заступіўся за маладых людзей. Узнікла бойка, падчас якой Барановіч ударыў чалавека, які, як высветлілася пазней, апынуўся супрацоўнікам міліцыі. Суд Маскоўскага раёну Мінску 12 сакавіка 2018 года прысудзіў Барановіча да 3 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі камітэт не прызналі Святаслава Барановіча палітвязнем. Між тым, Форум “Свабоду палітвязням Беларусі” лічыць справу Святаслава Барановіча цалкам палітычна матываванай.

Пісаць Святаславу можна па адрасе: 222160, Мінская вобласць, г. Жодзіна вул.Савецкая, 22-а, СТ-8, Барановічу Святаславу Уладзіміравічу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: