Калі беларусы змогуць знайсці справядлівасць у судзе?

Пераважная большасць судовых рашэнняў у Беларусі носіць абвінаваўчы характар. Паводле дадзеных Вярхоўнага суда, за першае паўгоддзе 2017 года ў крымінальных справах у беларускіх судах былі асуджаныя 21326 чалавек. Пры гэтым апраўданыя за гэты ж перыяд былі толькі 36 чалавек.

Такім чынам, доля апраўданых судамі грамадзян склала толькі 0,12% ад колькасці асуджаных.

У панядзелак 31 ліпеня, каментуючы гэтыя дадзеныя, намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч заявіў, што рост долі абвінаваўчых прысудаў звязаны са з'яўленнем Следчага камітэта, пасля чаго «ў суды стала паступаць менш спраў са слабой доказнай базай».

Ці сапраўды ў гэтым прычына такой сітуацыі?

Праваабаронца Тамара Сяргей лічыць, што абвінаваўчы ўхіл пры разглядзе спраў у Беларусі прысутнічае ўжо вельмі даўно.

— Як правіла, праваахоўная і судовая сістэма працуюць так, што калі справа паступіла ў суд, то гэта практычна адназначна будзе абвінаваўчы прысуд, — заўважае яна.

У той жа час, на думку суразмоўцы, беларускае грамадства пакуль не надае гэтай праблеме дастатковага значэння.

— Чалавек, на жаль, пачынае думаць аб правасуддзі, калі сам аказваецца ў жорнах праваахоўнай і судовай сістэмы, — падкрэслівае праваабаронца.

На думку юрыста, фундаментальная праблема заключаецца ў тым, што ў Беларусі адсутнічае незалежны суд як дзяржаўны інстытут:

— Калі б беларускі суд быў незалежным ад выканаўчай улады, то ў нас было б значна больш апраўдальных прысудаў, чым у еўрапейскіх краінах — таму што ў тым выглядзе, у якім шматлікія справы паступаюць у суд, іх проста нельга разглядаць.

Падобная сітуацыя назіраецца ў выпадку не толькі крымінальных, але і грамадзянскіх, а таксама адміністрацыйных спраў.

— Напрыклад, адміністрацыйныя справы часта разглядаюцца ў паскораным тэмпе без даследавання доказаў, а супрацоўнікі праваахоўных органаў нават не турбуюць сябе тым, каб нармальна скласці пратакол і правесці апытанне, — кажа Тамара Сяргей.

Праваабаронца ўпэўненая: да таго часу, пакуль у Беларусі суд будзе залежым ад выканаўчай улады, абвінаваўчы ўхіл у судовай практыцы нікуды не знікне.

Па словах праваабаронцы і кіраўніка арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алега Волчака, у апошні час не бачна ніякага паляпшэння работы з боку Следчага камітэта.

Да нас звяртаюцца людзі і па адміністрацыйных і па крымінальных справах, многія з якіх ідуць з парушэннем працэсу, — кажа эксперт. — Чаму амаль няма апраўдальных прысудаў? Так як у Беларусі суддзі, пракуроры і следчыя зацікаўлены ў тым, каб былі выкананыя пэўныя паказчыкі.

На думку суразмоўцы, у краіне па-ранейшаму існуе і актыўна ўжываецца савецкая практыка.

— Калі чалавека раптам апраўдваюць, значыць, трэба пакараць суддзю першай інстанцыі, які вынес рашэнне. Затым пакараць следчага, пракурора — менавіта таму суддзі баяцца прымаць такога роду рашэнні, каб не было гэтай дысцыплінарнай ланцужкі, — падкрэслівае Алег Волчак.

На думку праваабаронцы, сістэма ў Беларусі выбудавана так, што міліцыю і суддзяў ацэньваюць «па галачкам».
 Глядзяць, колькі ў цябе спраў закрыта, ці ёсць апраўданыя. Калі ёсць апраўданыя, значыць, нешта не тое, — заўважае Алег Волчак.

На думку суразмоўцы, Беларусь ужо даўно мае патрэбу ў судовай рэформе.

— Трэба, каб на першым месцы стаяў чалавек і яго правы, а толькі потым права дзяржавы. А ў нас наадварот. Кропкава змяніць гэтую сітуацыю не атрымаецца, таму што ўсе адзін аднаго цягне — і пракуратуру трэба мяняць, і суды, і сістэму выканання пакаранняў. Патрэбна глабальная рэформа, — рэзюмуе Алег Волчак.

Пераклад на беларускую мову НЧ
zautra.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: