Калі дзяржава перастане катаваць хворых?

Каб зразумець, што з сістэмай аховы здароўя нешта не так, трэба прыйсці раніцой у Слуцкую паліклініку.

Памяшканне ля рэгістратуры запоўнена хворымі, якія мараць атрымаць талон да доктара. Але не ўсім гэта ўдаецца, нават адстаяўшы ў доўгай чарзе. Талонаў катастрафічна не хапае.

Асабліва цяжка трапіць на прыёмы да вузкіх спецыялістаў. Суседка па чарзе да тэрапеўта паскардзілася, што ніяк не можа запісацца да афтальмолага. Вырашыла праверыць асабіста. Сапраўды, 12 сакавіка запісаца да афтальмолага нельга было ні на сакавік, ні на красавік. Супрацоўнца рэгістратуры прапанавала тэлефанаваць у пачатку красавіка, каб даведацца, калі будзе запіс на май.

Для таго, каб палегчыць пацыентам доступ да дактароў, на сайце паліклінікі можна запісацца на прыём у электронным выглядзе. Гэта — тэарэтычна. На практыцы над датамі дней прыёма дактароў часцей за ўсё усплывае адзін і той жа запіс: «В настоящее время нет талонов, доступных для заказа через интернет. Звоните в регистратуру для уточнения возможности заказов этих талонов».

Асабліва шмат нараканняў сярод людзей на тое, што расце колькасць платных паслуг. Каб не пакутаваць у чэргах, трэба плаціць за УЗІ, біяхімічныя аналізы, электракардыяграмы і іншае.

Валянціна Пятроўна распавяла пра свайго мужа, які перанёс інсульт. Яна рэкамендуе людзям падрыхтаваць немала грошай для таго, каб некалькі тыдняў палячыцца ў неўралагічным аддзяленні. Трэба заплаціць за дарагія лекі, за памперсы, за хуткую дапамогу, якая адвязе ляжачага хворага з бальніцы дадому.

Зразумела, што наракаць на паліклініку і бальніцу за гэта нельга, бо такія ўмовы для лячэння нашага небагатага насельніцтва існуюць ва ўсіх лячэбных установах і створаны самой дзяржавай.

Адзін з дактароў Слуцкай паліклінікі скардзіцца на дэфіцыт спецыялістаў, замучанасць медыкаў і адсутнасць матывацыі.

— Адчуванне, што я працую ля канвеера і ў мяне не хапае рук, а пацыенты ўсё плывуць і плывуць. Дактароў у паліклініцы не хапае, а хворых з кожным годам становіцца болей, — гаворыць медык. — Прыходжу дадому ледзь жывы. Шмат прыходзіць пажылых людзей, але я не згодны з тым, што яны ходзяць у паліклініку, як у «пенсіянерскі клуб». Не надта многа аматараў знойдзецца сярод хворых людзей без прычыны стаяць у такіх доўгіх чэргах і вузкіх калідорах дзеля таго, каб на некалькі хвілін трапіць да доктара.

І дактары, і хворыя людзі чакаюць, калі размовы ў вярхах аб паляпшэнні стану медыцыны ўрэшце ўвасобяцца ў дастойныя заробкі медыкаў, сучаснае дыягнастычнае абсталяванне і лячэнне без жудасных чэргаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!