«Калі галава «пухне» ад раку, на кавід ужо не хапае сілаў»

Рак — гэта не тая хвароба, якая дазваляе чакаць. Ад таго, наколькі хутка будзе пастаўлены дыягназ і распачата лячэнне, залежыць шанец на выздараўленне і на жыццё. Тым часам пандэмія каронавіруса часткова пазбавіла анкапацыентаў на своечасовую дыягностыку і лячэнне.

Два месяцы без неабходнай дапамогі

У Мінскім гарадскім клінічным анкалагічным дыспансеры для хворых на COVID-19 яшчэ ў сакавіку былі перапрафіляваныя два аддзяленні: 4-ты хірургічны корпус і радыелагічны корпус. Адметна, што ў апошнім праводзяць радыяёдатэрапію і дыягностыку людзям з ракам шчытападобнай залозы — ва ўсёй краіне гэта робяць толькі тут ды яшчэ ў Гомелі. На месяц пад каронавірус быў аддадзены і хірургічны корпус Віцебскага абласнога анкадыспансера.

Напрыканцы траўня маці аднаго з суразмоўцаў «Новага Часу», які пажадаў застацца ананімным, не змагла прайсці неабходнае абследаванне пры анкалагічным захворванні. Жанчыне трэба было зрабіць камп'ютарную тамаграфію, але ў мінскім анкацэнтры гэта было ўжо немагчыма: усё аддадзена пад «карону». Корпус, дзе робіцца адмысловае даследаванне радыеактыўныя іёны плюс камп’ютарная тамаграфія (ПЭТ КТ) таксама ў Мінску не дзейнічаў. А без гэтага даследавання нельга ўбачыць дакладную карціну пухліны. Адпаведна, прызначыць неабходнае лячэнне.


На думку суразмоўцы, калі б своечасова былі ўведзеныя агульнадзяржаўныя меры засцярогі, то такой бы карціны не было, і мы б значна хутчэй выйшлі з пандэміі.

Яшчэ адзін суразмоўца «Новага Часу», Г. К., сам мае анкалагічнае захворванне, і мусіў два месяцы ездзіць на апраменьванне ў анкацэнтр і потым вяртацца дамоў, незалежна ад самаадчування. У звычайных умовах такія пацыенты пасля працэдуры ляжаць у дыспансеры. Праблема ў тым, што ў анкахворых вельмі нізкі імунітэт, а рызыка падхапіць інфекцыю ў грамадскім транспарце надта вялікая. Што, верагодна, і адбылося: калі Г. К. нарэшце змог легчы ў стацыянар, аказалася, што ён перанёс каронавірус бессімптомна. Калі б у дыспансеры гэта не выявілі, ён бы і не ведаў, што хварэў.

Неабходнае своечасовае лячэнне і дыягностыку многія анкалагічна хворыя ў Мінску не маглі атрымаць напрацягу двух месяцаў. У сітуацыі, калі ад ранняй дыягностыкі літаральна залежыць жыццё, два месяцы прамаруджвання — немагчымая раскоша і недаравальная страта часу. З улікам таго, якія чэргі на абследаванні і аперацыі былі ў анкалагічных аддзяленнях у «дакавідную» эпоху, такі перапынак можа мець сур’ёзныя наступствы. Звесткі Белстата прымушаюць напружыцца: у I квартале 2020 года праз наваўтварэнні памерла 4877 чалавек. Гэта на 1,8% больш, чым у студзені — сакавіку 2019 года. І, заўважым, гэтыя даныя былі сабраныя яшчэ да закрыцця анкалагічных аддзяленняў, але вірус у гэты час ужо прыйшоў.



АФІЦЫЙНА. Адказ Міністэрства аховы здароўя на запыт «Новага Часу» датычна аказання
медыцынскай дапамогі ў час каронавірусу пацыентам, якія маюць анкалагічныя захворванні. 

Сітуацыя не крытычная

Па словах кіраўніцы Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» Ірыны Жыхар, сітуацыя з закрыццём часткі аддзяленняў у анкадыспансерах для онкапацыентаў усё ж не стала крытычнай.

— Не было такога, каб усе дыспансеры былі зачыненыя. Былі перанесеныя планавыя аперацыі. Каму неабходныя былі тэрміновыя аперацыі, тых накіроўвалі ў Бараўляны. Былі пераносы аперацый там, дзе гэта было без наступстваў, калі рак развіваецца павольна, і можна было пачакаць. Камусьці, дзе была магчымасць, пачыналі лекаванне з хіміятэрапіі, а не з аперацыі. Я дакладна ведаю, што нашы анколагі раіліся з еўрапейскімі. Канешне, былі і тыя, хто пацярпеў. Але скаргаў да нас было вельмі мала.

Суразмоўца кажа, што ў Віцебскім абласным анкадыспансеры, які яшчэ з 18 траўня вярнуўся да сваёй звычайнай працы, усім пацыентам, якія паступаюць, робяць экспрэс-тэсты на каронавірус і КТ. І калі ёсць хаця б адзін чалавек у палаце са станоўчым вынікам тэсту, усю палату выпісваюць дамоў на каранцін. Больш за тое, многія людзі самі баяцца класціся ў шпіталь, каб не заразіцца.

— Правільна ці не было аддаваць частку аддзяленняў у анкадыспансерах пад каронавірус, я не ведаю. Але ж і сярод анкапацыентаў ёсць хворыя на кавід. У любым разе, гэтае рашэнне прымалі не галоўныя лекары медустаноў, а Міністэрства аховы здароўя. Як атрымалася — так атрымалася. Але гэтая сітуацыя навучыла нашых дактароў-анколагаў працаваць з такімі хворымі. У нас не ўсё так дрэнна, як мы думаем, асабліва ў параўнанні з некаторымі іншымі краінамі, — зазначае Ірына Жыхар.

У астатнім пандэмія не вельмі моцна змяніла звыклы лад жыцця анкапацыентаў, паколькі яны, ведаючы асаблівасці свайго арганізму, прывыклі клапаціцца пра сваё здароўе і выконваць усе рэкамендацыі па бяспецы.

— Мы вельмі ўважлівыя. У нас ёсць «брудная» і «чыстая» зоны ў хаце, мы не сумняваемся, што трэба насіць маскі і пальчаткі. Калі мыем падлогу, мы абавязкова дадаем «Белізну». У мяне дзень пачынаецца і заканчваецца дэзінфекцыяй: я праціраю антысептыкам усе ручкі і паверхні, да якіх дакранаюся, абавязкова праветрываю памяшканне, прасую ўсю бялізну.

У той жа час, дадае Ірына Жыхар, праз тое, што дзяржаўныя СМІ не ствараюць ажыятажу вакол пандэміі, па тэлебачанні не ўбачыш чыноўнікаў у масках, у беларускіх анкапацыентаў досыць нізкі ўзровень трывожнасці адносна каронавіруса.

— Калі галава «пухне» ад раку, на кавід ужо не хапае сілаў, — кажа суразмоўца.


«Улады павінны былі падаваць прыклад»

У Ірыны Жыхар няма адназначнага адказу на пытанне, ці слушна паступілі беларускія ўлады, не абвясціўшы каранцін.

— Я не магу сказаць, добра гэта ці не. Адмоўнае — тое, што палітыкі пра гэта не гавораць, мы не бачым нікога з уладаў у масках. Улады павінны былі казаць, што трэба берагчы сябе, і падаваць прыклад. Апранаць маскі, казаць пра сацыяльную дыстанцыю трэба было раней, яшчэ ў лютым — сакавіку. Але хранічна хворых не трэба ні ў чым пераконваць.

Мне цяжка сказаць, наколькі патрэбны быў каранцін. Але не варта было праводзіць шмат грамадскіх мерапрыемстваў.

У грамадскай прасторы, на думку Ірыны Жыхар, не хапае парадаў ад спецыялістаў, як сябе паводзіць і што рабіць. У беларускай інтэрнэт-прасторы няма медыкаў, якія б распавядалі пра гэта.

— Нават калі ты атрымаеш дозу каронавіруснай інфекцыі, не факт, што яна спрацуе. Ёсць такое паняцце як экспазіцыя (час, за які антысептычны або дэзінфекцыйны сродак знішчае хваробатворныя мікраарганізмы. — НЧ.). Але хто нам кажа, чым паласкаць нос і рот? Па тэлебачанні трэба было распавядаць, як магчыма мінімізаваць дзеянне віруса. Калі я ведаю, як сябе паводзіць, гэта садзейнічае зніжэнню захворвання.

Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» шчыльна супрацоўнічае з медыкамі, і неўзабаве на сайце арганізацыі пачнуць з’яўляцца матэрыялы з іх каментарамі і парадамі.  

— У размовах з медыкамі даводзіцца чуць, што яны апынуліся ў пекле. У нас ёсць гераічныя і самаахвярныя дактары, і вельмі хочацца сказаць ім словы падзякі за тое, што ўзялі на сябе гэты цяжар і штодзённа працуюць з хворымі на каронавірус.


Сістэма дала збой. Але не паўсюль

Галоўны ўрач Маскоўскай гарадской анкалагічнай бальніцы № 62 Дзмітрый Канер у інтэрв’ю расійскаму выданню «Российская Газета» распавёў, што ўсіх анкалагічных хворых умоўна можна падзяліць на тры групы. Першая — гэта першасныя пацыенты, у якіх пухліна верыфікаваная, пацверджаная, злаякасная, і чалавека трэба пачынаць лячыць. Паводле даследаванняў анколагаў з Вашынгтона, адмена лячэння для такіх пацыентаў значна больш небяспечная, чым каронавірус.

«Таму, якой бы складанай ні была эпідэмічная сітуацыя, анкацэнтры працягваюць працаваць і лячыць — з захаваннем усіх нормаў бяспекі. Сама тактыка лячэння не змяняецца — хірургія, хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія. Амерыканцы ўжо абагульнілі, што ні адзін з відаў лячэння — няхай гэта будзе хірургія, хіміятэрапія ці апраменьванне — не з'яўляецца больш пераважным спосабам ва ўмовах пандэміі каронавіруса. Важна захаванне агульных эпідэміялагічных патрабаванняў», — распавёў расійскі анколаг.

З хворымі, якіх каронавірус заспеў на стадыі лячэння, кожны выпадак разглядаюць індывідуальна. Напрыклад, да пацыентаў з пухлінамі прастаты або з захворваннямі малочнай залозы, якім робяць падскурныя гарманальныя ін'екцыі, лекар з медсястрой прыязджаюць на дом.


Між тым дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге 18 чэрвеня адзначыў, што даныя аб тым, як пандэмія ўплывае на іншыя аспекты здароўя, выклікаюць занепакоенасць.

«У Еўрапейскім рэгіёне 68% краін паведамілі аб тым, што прадастаўленне паслуг па вядзенні неінфекцыйных захворванняў было перапынена з-за пандэміі. Было часткова або цалкам перапынена прадастаўленне 66% паслуг па вядзенні пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй і 58% паслуг па вядзенні пацыентаў, якія пакутуюць на дыябет або яго ўскладненні. У Нідэрландах на 25% знізіліся паказчыкі дыягностыкі рака; у некалькіх краінах была прыпыненая праца праграм скрынінга на рак. У Іспаніі колькасць выпадкаў лячэння інфаркту міякарда на базе аддзяленняў кардыялогіі знізілася на 40% у параўнанні з дадзенымі за перыяд да пачатку эпідэміі. Мы таксама сталі сведкамі 60% -нага скарачэння паказчыкаў выяўлення сухотаў, што прыводзіць да позняга пачатку лячэння і росту смяротнасці ад гэтай хваробы. У некаторых краінах было перапынена аказанне паслуг па імунізацыі насельніцтва. Шэраг іншых краін сутыкнуўся са зніжэннем паказчыкаў ахопу: так, у Вялікабрытаніі ахоп дзіцячага насельніцтва вакцынай супраць адзёру, паратыту і краснухі да сярэдзіны красавіка ўпаў на 20%.

Гэтая затрымка ў прадастаўленні дапамогі насельніцтву павінна быць ліквідаваная», — заявіў Ханс Клюге.

Па словах дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ, крызіс, выкліканы пандэміяй, яшчэ не пераадолены. Сістэмы аховы здароўя ва ўсім свеце далі збой, наступствы якога яшчэ вельмі не хутка можна будзе ацаніць і яшчэ больш часу спатрэбіцца, каб іх пераадолець.

Барацьба з каронавірусам працягваецца, расце і колькасць ахвяр. У многіх краінах вірус вяртаецца. І на гэтым тле надзвычай дзіўна назіраць, як з афіцыйных СМІ рапартуюць пра тое, што эпідэмія каронавіруса ў Беларусі пераможаная.


А вось тут мы распавядаем пра тое, ці можна папярэдзіць з'яўленне рака і якія сімптомы могуць сведчыць пра наяўнасць небяспечнай хваробы? 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: