Гэты артыкул — частка спецпраекту «Падзеленыя кратамі»

«Калі ідзеш праз пекла, нельга спыняцца»

Мужнасці, трываласці і нязломнасці гэтай жанчыны можна толькі пазайздросціць. За апошнія 8 месяцаў ёй столькі ўсяго давялося перажыць, што хапіла б на некалькі жыццяў. Але яна праходзіць праз усе выпрабаванні лёсу — і застацца такой жывой і шчаслівай.

«Люда, дыхай!»

— Я шчаслівая, я сапраўды шчаслівая, — кажа Людміла. — У мяне цудоўныя сыны. Проста фантастычныя. Мне не трэба хаваць ад людзей вочы. Бо яны не зрабілі нічога дрэннага. Яны любяць сваю краіну і хочуць бачыць яе вольнай і незалежнай.


Людміла — маці двух палітзняволеных Кіма і Аляксея Самусенкаў. Малодшага, Кіма, падазраюць ва ўзломе камп’ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама.

— Абодва мае сыны чаканыя і любімыя ад нараджэння. Я заўсёды хацела сыноў. Яны ў мяне найлепшыя. Хаця і вельмі розныя, — расказвае Людміла. — Лёха — асоба ад нараджэння, мне здаецца, ён адразу ведаў, што яму трэба і для чаго. Ён нешматслоўны, але вельмі глыбокі. Памятаю, было яму можа гады 3–4. Заглядваю да яго, а ён сядзіць такі задуменны. Пытаюся: Пра што думаеш? А ён: «Вясна хутка. Парсючка набываць трэба. Кабачком назавем».

А вось Кім — гэта пратэст ад першай хвіліны нараджэння. Яго паклалі на вагі: ён глядзеў мне ў вочы і гучна крычаў, як быццам не жадаў мірыцца са сваім становішчам. Ён да трох гадоў фактычна не размаўляў. Затое ў тры гады адразу выдаў: «Ніколі сябраваць не буду». Вось такія ў мяне сыны — з аднаго цеста, але зусім розныя. Я іх вельмі люблю і паважаю. Мая роля была — заставацца побач і не замінаць. Даць магчымасць развівацца, спасцігаць свет.

Памятаю, як у вёсцы, дзе мы набылі старэнькі дамок, каб дзеці маглі гадавацца на чыстым паветры, быў такі выпадак. Пасля дажджу там паўсюль былі лужыны. А адна амаль ніколі не перасыхала. І там былі гусі. І вось мае хлопцы ў той лужыне, разам з гусямі так ужо вывазіліся. Усе мокрыя, брудныя ідуць. А суседка кажа: «Людка, а што ж ты з імі зараз рабіць будзеш?». Кажу: «Ваду з боцікаў вылью».

Быў яшчэ такі выпадак. Аднойчы ў двор зайшла карова і падышла да Кіма. Лёша, якому было чатыры гады, заўважыў гэта і ўстаў паміж каровай і братам. Было відаць, як яму страшна, але ён закрываў Кіма. Гэта такі стрыжань... пачуццё мужчыны, якое не выхаваеш, калі яго няма. Лёша — герой. Кім тым часам разглядаў карову, яму было цікава, зусім не баяўся. Мае дзеці такія розныя, але класныя. Вы не ўяўляеце, як мне пашанцавала з маёй сям’ёй.
Сям

Сям'я Самусенкаў. Фота з сямейнага архіву

Мы вучылі хлопцаў быць добрымі і справядлівымі, ніколі не хлусіць і змагацца за праўду. Яны такія і ёсць. І за гэта — цяпер за кратамі. За гэты час мне шмат пра што давялося падумаць. Дасюль не магу паверыць, што гэта мае сыны.

У нас з сынамі заўсёды была цесная сувязь. Яна не спынілася і цяпер. Я з імі размаўляю ў думках, спрачаюся, нашы стасункі не спыніліся. Я з імі жыву, а час ляціць імкліва. Мы абавязкова ўбачымся, калі гэта ўсё скончыцца. А яно абавязкова скончыцца. Я абдыму маіх хлопчыкаў. І, напэўна, тады я змагу нарэшце выдыхнуць.

А пакуль што кажу сабе: «Люда, дыхай і ідзі далей». Бо калі ідзеш праз пекла, нельга спыняцца. Толькі так можна з яго выйсці.

Мужчына не можа быць абыякавым

Абодва сыны Людмілы адвучыліся ў беларускамоўнай гімназіі, а пасля атрымалі эканамічную адукацыю.

— Эканамічная адукацыя вучыць на ўсё глядзець праз прызму логікі. Гэта веды, якія дазваляюць бачыць тое, што навокал робіцца, як сістэму, — расказвае Людміла. — І адзін, і другі ўдзельнічалі ў эканамічнай алімпіядзе. Старэйшы два гады выйграваў рэспубліку, а малодшы, калі пачаў удзельнічаць, выйграў толькі першы тур — потым алімпіяду адмянілі.

Аляксей працаваў у сетцы фірм, якая займаецца вырабамі з пластыку. Кім да нядаўняга часу ўзначальваў аддзел кіберспорту пры футбольным клубе. З праграмаваннем ён не звязаны — падумаў проста, што беларускі кіберспорт слаба прадстаўлены і варта яго развіваць. Але пазней праз каронавірус гэты кірунак закрылі, і Кім застаўся без працы.

Кім з жонкай і дачкой. Фота з сямейнага архіву

Кім з жонкай і дачкой. Фота з сямейнага архіву

Кім у верасні згуляў вяселле. У яго маленькая дачушка. Жонка Кіма Алеся — украінка. Яны пазнаёміліся ў Кіеве, калі хлопец вазіў туды сваіх спартоўцаў на спаборніцтвы. Яна была вымушана вярнуцца да бацькоў — у Беларусі яна адчувала сябе ў небяспецы. Дарэчы, Леся абараніла дысертацыю па рэпрэсіях 1920–1930-х гадоў ва Украіне. Так што добра ўсведамляла, што адбываецца і чым гэта можа скончыцца. Акрамя таго, яна не хацела, каб Кіма маглі шантажаваць жонкай і дачкой.

Лада Самусенка. Фота з сямейнага архіва

Лада Самусенка. Фота з сямейнага архіва

Хлопцы заўсёды цікавіліся тым, што адбываецца ў грамадстве. Мужчына не будзе мужчынам, калі ён будзе да гэтага абыякавы. Да гэтага года старэйшы сын ніколі не ўдзельнічаў у палітычным жыцці. Мы з Кімам былі больш актыўныя.

З дзяцінства цікавіліся гісторыяй


Вёска, у якой выхоўвалі дзяцей, знаходзіцца пад Мілавідамі. У 1863 годзе там праходзіла бітва, у якой удзельнічаў Кастусь Каліноўскі. Людміла кажа, што сярод мясцовых ёсць нашчадкі паўстанцаў.

Браты з дзяцінства цікавіліся беларускай гісторыяй. Бацькі ім у гэтым дапамагалі. А пра нешта расказвалі суседзі.


— Мы шмат вандравалі па Беларусі. У 2006 годзе заснавалі клуб гістарычнай рэканструкцыі. Кіму споўнілася тады 17 гадоў. Клуб называўся «Паўночны замак». Цяпер — Lignum vitae — «Дрэва жыцця». Старшым у клубе быў не тата, а Кім. Ролі размяркоўваліся. Гэта вучыла выбудоўваць адносіны. Мы маглі спрачацца да пасінення, адстойваючы свае пункты гледжання, але былі адно з адным. Самі шылі касцюмы, ездзілі па фестывалях, у баях удзельнічалі няшмат, нас больш цікавіла гісторыя, культура, побыт. Жылі вось у такой атмасферы.

Нас цікавіла, як жылі людзі ў горадзе ў Францыі XIV стагоддзя. На той момант, калі мы пачыналі займацца рэканструкцыяй, гэты час быў менш за ўсё вывучаны. Мы не ўдзельнічаем у бітвах, нас больш цікавіць побыт — вопратка, кулінарыя. Мы вывучаем дакументы, тэхналогію вырабу рэчаў, ездзім па фестывалях.


Дом пад Мілавідамі стаіць побач з лесам. Пайсці з сынамі ў лес, паглядзець, як жывуць звяры і птушкі, было ў сям’і адным з любімых заняткаў. На вакацыях хлопцы прападалі ў лесе цэлымі днямі.


«Не ведаю, ці атрымаецца, але выходзіць правільна»


Людміла кажа, што ў сям’і заўсёды адзначалі Дзяды, збіраліся са сваякамі за сталом, успаміналі памерлых. Калі дзеці падраслі, хадзілі на Дні Волі. Лёша заўсёды адсочваў сітуацыю, але да выбараў нідзе не ўдзельнічаў, не бачыў у гэтым сэнсу. Кім лічыў: каб быў вынік, трэба хоць неяк паказваць сваю пазіцыю. Сама Людміла думае, што любыя змены павінны адбывацца ў працэсе эвалюцыі, таму ў сям’і шмат увагі надавалася адукацыі.

— Вясной мінулага года ўсё змянілася. Людзі выходзілі на афіцыйныя пікеты па зборы подпісаў, пратэсты. Мы таксама хадзілі, выкарыстоўваючы сваё канстытуцыйнае права. Памятаю, неяк я спытала ў Лёшы: «Як думаеш, што-небудзь атрымаецца?» Ён адказаў: «Не ведаю, ці атрымаецца, але выходзіць правільна».

Цяжкімі днямі для мяне былі з 9 да 12 жніўня. Я сядзела дома з сабакам і з’язджала з глузду, калі не магла датэлефанавацца да сваіх мужчын. Адчувала жах, калі іх не было дома. З іншага боку, я баялася, што мае мужчыны будуць дома ўвесь час.


Ну і, канечне ж, было балюча, калі напачатку лістапада прыйшлі па маіх хлопцаў. Спачатку па Кіма... Следчы камітэт заявіў, што Кім нібыта датычны да ўзлому камп’ютарнай сістэмы Мінгарвыкама і актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Яго затрымалі па ч. 2. арт. 349 Крымінальнага кодэкса (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове) і ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па артыкуле 342 праходзіць і Аляксей, за ім прайшлі праз два дні.

Затрымалі таксама двух прыяцеляў Кіма са двара — Івана Андрушойця і Паўла Дразда.

«Пасіянарны выбух, які зменіць усю Еўропу»


Нягледзячы на тое, што цяпер жыццё Людмілы — гэта бясконцыя зносіны з адвакатам, перадачы, лісты, — яна ні пра што не шкадуе. І ўдзячная лёсу за ўсё. Асабліва за тых добрых людзей, якіх сустракае паўсюль.

— Людзі, у нас такія людзі цяпер! Глядзіш у вочы — і бачыш Чалавека! Я нават уявіць не магла, колькі беларусаў гатовыя прыйсці на дапамогу адзін аднаму. Мяне здзівіла, колькі людзей з майго мінулага адгукнуліся, каб падставіць плячо. Вы б ведалі, якія цудоўныя ў мяне суседзі. Проста незнаёмыя людзі, якія даведваюцца пра маіх сыноў, гатовыя дапамагчы, чым могуць. Гэта нерэальна! Мне, напэўна, жыцця не хопіць кожнаму сказаць «дзякуй». Я не веру — я ведаю, што ў нас усё будзе добра. Гэта падтрымка дае моц спакойна жыць, дапамагаць сваім дзецям і Беларусі.


Мы ўжо перамаглі. Галоўнае — не даць перагарнуць старонку, бо кропку незвароту мы ўжо прайшлі. Упэўненая, што з Беларусі пачнецца пасіянарны выбух, які зменіць да лепшага ўсю Еўропу. А можа, і свет.

Беларусаў пастаянна грамілі, захоплівалі, але паглядзіце: наш ген незабівальны. Мы да такой ступені моцны народ, што мы незнішчальныя. Нават калі наша планета раптам абрынецца, мы будзем жыць дзесьці паблізу, там, дзе вельмі шмат вільгаці, як на балотах. Мы крутыя, мы проста касмічныя.


Усё, што я цяпер магу рабіць, гэта расказваць пра маіх сыноў. І пра ўсіх тых, хто хацеў лепшай долі для краіны, хацеў справядлівых выбараў, але цяпер — за кратамі. І я расказваю, дзе магу і каму магу. Часам здаецца, што не вытрымаю, але гэта толькі здаецца. Сусвет справядлівы, веру, што мяне чакае нешта добрае і светлае. А мае дзеці будуць дома — і ўсё наладзіцца. І тады я нарэшце змагу выдыхнуць і пачуць сябе…


Адрас для лістоў братам Кіму і Аляксею Самусенкам: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Падтрымаць сям'ю Кіма Самусенка можна па спасылцы https://bit.ly/3xmwEQq (праз VPN) альбо праз Paypal https://bit.ly/3elFZl0 (з адзнакай "семье Самусенко")..

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: