«Калі мяне забралі, першая думка была пра тое, што дадому не вярнуся»

Гэта расповяд 43-гадовага Максіма Матыркі, уладальніка мэблевай кампаніі, Мінск.
Фота: Команда праекту Август2020

Фота: Команда праекту Август2020



„13 жніўня са мной не адбылося нічога звышнатуральнага. Ішоў па працоўных справах у раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Паварочваю галаву і бачу чорны бус з танаванымі шыбамі. А ў мяне на ўсё гэта чуйка. Разумею, што ўсе, зараз мяне будуць прымаць. Так яно і выйшла.

З машыны выбеглі мужыкі ў чорных масках, як бандзюкі ў 90-я, дагналі, схапілі мяне і дзяўчыну з хлопцам, якія праходзілі міма, і ўсіх разам заштурхалі ў машыну. Я асабліва не супраціўляўся. Усяго нас у бусе апынулася дванаццаць затрыманых. Плюс шэсць «людзей у чорным» разам з кіроўцам. Як потым я зразумеў, нас узялі за БЧБ-сымболіку. Адразу мне сарвалі з рукі белую стужачку.

Я не маўчаў, пытаўся, што кепскага ім зрабіў. Спачатку яны нават уступалі ў дыялёг, казалі: «Ды вы нам усім надакучылі, нам усё гэта ўжо надакучыла». На што я хутка зрэагаваў і адказаў, маўляў, ехалі б вы дадому да жонкі і дзяцей, дык не, са мной тут катаецеся. Пасля чаго я і атрымаў першы ўдар у калена.

А потым мяне панесла. Выказаў усё, што пра іх думаю. Што ўсё, што яны робяць — гэта незаконна, і што ўсіх іх чакае трыбунал. І што вы думаеце? За ўсё гэта яны мяне крышку паштурхалі, больш каб закрыў рот, але ў іх у вачах чытаўся страх. Яны ўсе нас баяцца. Самі б’юць і пераглядваюцца паміж сабой, разумеюць, што сам-насам бы ня справіліся.

З усіх дванаццаці чалавек мне дасталася больш за ўсё, бо я ўвесь час бурчаў. «Людзі ў чорным» прасілі мяне памаўчаць, а я ім адказваў, што мне сумна і што я сам па сабе люблю пагаварыць. Не, вы ня думайце, што я бясстрашны. Многія мае сябры да гэтага часу ляжаць пакалечаныя ў лякарні пасля ўсяго гэтага. Напэўна, мяне проста так загартаваў жыццёвы досвед.

Яшчэ ў дзяцінстве мама пакінула мяне ў дзіцячым доме. Мяне выхоўвала вуліца. А потым служыў у Чачэніі, прайшоў вайну ў 1995 годзе, ведаю, што такое смерць. З бою нас вярнулася двое з шаснаццаці — я з раненнямі і яшчэ адзін таварыш на інвалідным вазку. І мне зусім ня хочацца, каб цяпер, у мірны час, адбывалася нешта падобнае. Я сам вайсковец, ведаю псыхалёгію сілавікоў, мяне так проста не напалохаць, не зламаць.

За ўвесь час, пакуль нас вазілі па горадзе, паўгадзіны патрацілі на мяне. На ўсе мае словы адказвалі кулакамі. Відаць, што людзі падрыхтаваныя, б'юць у самыя болевыя месцы — рэбры, калені, рукі, цягліцы. Па твары ня білі, стараліся не пакідаць сінякоў. Два разы ўдарылі ў калена так, што да гэтага часу калю абязбольвальныя і кульгаю.

Калі мяне забралі, першая думка была пра тое, што дадому не вярнуся. Быў гатовы да таго, што павязуць невядома куды. І ніхто ня будзе ведаць, дзе я і што са мной, а потым знойдзе ў лесе які-небудзь грыбнік. А яшчэ баяўся, што залезуць мне ў тэлефон -- і ўсё, прывітанне, Акрэсціна. Быў страх за таварышаў, з якімі перапісваліся і стэлефаноўваліся, каб іх таксама не забралі. Але, як ні дзіўна, тэлефона ніхто не запатрабаваў.

Я сваю пазыцыю ўтойваць ня буду. Ужо пачынаючы з 9 жніўня я актыўна ўдзельнічаю ва ўсіх акцыях пратэсту і працягну рабіць гэта далей. Нягледзячы на тое, што я грамадзянін Расеі, з 2004 году жыву ў Менску. Так, мне прапаноўвалі беларускае грамадзянства, але пры дзейнай уладзе мне гэта нецікава. Маю дачку-беларуску, ёй 9 гадоў. І ўсё гэта я раблю дзеля яе, каб яна жыла ў спакойнай і цудоўнай краіне.

Цяпер кожную раніцу прачынаюся, гляджу ў люстэрка і кажу: «Хто малайчына? Максім малайчына. На Акрэсціна сёння паедзем? Не, не паедзем». Усё роўна ёсць адчуванне, што міма мяне гэтыя падзеі ня пройдуць. Нельга ва ўсім гэтым варыцца і застацца ўбаку.

У выніку сілавікі павазілі нас гадзіны тры ў машыне і выкінулі за горадам у раёне Ўручча. Напрыканцы ўдарылі мяне нагой у спіну, і я ўпаў на калені. Развітаўся з імі словамі: «Дзякуй, закон бумэранга яшчэ ніхто не адмяняў».

Калі машына зехала, некаторыя, хто быў са мной там поплеч, выказвалі свае прэтэнзіі: маўляў, навошта ты балбатаў, скажы дзякуй, што наогул выпусцілі. Я нават трохі пакрыўдзіўся на людзей. Мы быццам бы ўсе з аднолькавымі стужкамі, за адну ідэю, а калі сутнасць даходзіць да справы — усе адразу ў кусты. У мяне крыху іншы характар.

Заявы ў міліцыю я не пісаў. На каго, «людзей у чорным»? Гэта смешна. Магу пайсці з заявай і не вярнуцца. У лякарню таксама не звяртаўся. Уколы ў калена калю сам. Яно ў мяне да гэтага часу як каменнае. Але гэта мяне не спыняе схадзіць з усімі на плошчу па нядзелях. Аднойчы нават выступіў у вольны мікрафон, расказаў, што са мной адбылося, і падзякаваў беларусам за тое, што вы крутая нацыя. На беларусаў цяпер глядзіць увесь свет і ганарыцца вамі. І таму назад шляху ўжо няма“.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: