«Калі не супрацьстаяць гвалту, ён прыйдзе зноў на нашу зямлю». Людзі прыйшлі на малітву ў Курапаты

Сёння спаўняецца 30 гадоў з дня першай міжканфесійнай малітвы ва ўрочышчы.
Фота: Фэйсбук тэлеканалу «Белсат»

Фота: Фэйсбук тэлеканалу «Белсат»

Каля трох дзясяткаў чалавек прыйшлі 1 траўня на малебен у Курапаты. У іх ліку былі грамадскія актывісты, абаронцы Курапатаў Вячаслаў Сіўчык, Ганна Шапуцька, Ніна Багінская, Валерый Рабцаў.

«Я спадзяюся, што хутка тут будзе паства ўсіх канфесій, — сказала Ганна Шапуцька. — Трэба верыць і разлічваць на сябе. Хай нас мала, купка людзей, але мы павінны стаяць як скала. Знішчаць нас — усё паўторыцца. Калі не супрацьстаяць гвалту, ён прыйдзе зноў на нашу зямлю».
Фота: Павел Кузаўка, Фэйсбук

Фота: Павел Кузаўка, Фэйсбук

Ніна Багінская нагадала пра падзеі 1988 года, калі на Дзяды (Дзень памінання продкаў) адбылося масавае шэсце ў Курапаты, жорстка разагнанае міліцыяй. Супрацьстаянне з уладамі ў Курапатах працягваецца да гэтага часу, падкрэсліла Багінская.

Людзі, якія сабраліся, спявалі песні, у тым ліку гімн «Магутны Божа». Ганна Шапуцька прачытала вершы сучаснага беларускага паэта Лявона Цімохіна, на лячэнне якога ад анкалагічнага захворвання праводзіцца грамадскі збор сродкаў.

Малебен доўжыўся крыху больш за гадзіну. Тое, што адбывалася, здымалі на відэа невядомыя ў цывільным.

Фота: Фэйсбук тэлеканалу «Белсат»

Фота: Фэйсбук тэлеканалу «Белсат»

У каментары БелаПАН лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык адзначыў: ён не лічыць, што ў Курапаты прыходзіць мала людзей. «Калі б гэта была іншая краіна, дзе ў грамадзян былі б правы і свабоды, то можна было сказаць, што прыйшло мала людзей. Тое, што людзі прыходзяць у Курапаты і моляцца, — гэта, наадварот, дасягненне. І трэба падзякаваць у першую чаргу гэтым людзям», — сказаў актывіст.

На яго думку, пакуль няма ніякіх іншых, акрамя малітвы, метадаў уздзейнічаць на страшную сітуацыю, калі былі выдраныя крыжы. «Таму добра, што малітвы адбываюцца кожны дзень, і спадзяюся, што яны будуць працягвацца. Наша мэта застаецца ранейшай — гэта абарона нацыянальнага некропаля, які стварылі людзі», — падкрэсліў Сіўчык.

Вячаслаў Сіўчык. Фота: Фэйсбук тэлеканалу «Белсат»

Вячаслаў Сіўчык. Фота: Фэйсбук тэлеканалу «Белсат»

Малітвы ў абарону Курапатаў рэгулярна праводзяцца ва ўрочышчы пасля таго, як 4 красавіка тут па рашэнні ўладаў былі знесены і вывезены ў невядомым кірунку 70 шасціметровых крыжоў. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфесій.

10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы. Аднак 13 красавіка былі знесены новыя крыжы — гэтым разам 24 металічных, устаноўленых у 2017 годзе на грошы грамадскасці. Вакол урочышча быў усталяваны плот з уваходнымі аркамі.

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на ​​пытанні журналістаў, заявіў, што не варта перабольшваць градус палітызацыі адпаведнай тэматыкі. Гаворачы аб навядзенні у Курапатах парадку, ён адзначыў: «Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на «вялікай размове» я сказаў: «Добра, калі на тое пайшло, трэба прэзідэнту і тут парадак навесці, я паспрабую».

Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: