Калі пройдзе спёка? Адказваюць сіноптыкі

Наступны тыдзень прынясе ў Беларусь палёгку ад цяперашняй спякоты, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.
фота antikor.zp.ua

фота antikor.zp.ua


Гэтыя выхадныя ў Беларусі будуць гарачымі. Але пачынаючы з нядзелі атмасферны фронт, які змяшчаецца з Заходняй Еўропы, будзе паступова адціскаць спякоту на ўсход, — перадае БЕЛТА словы сіноптыка.

У суботу, 12 жніўня, будзе пераменная воблачнасць і пераважна без ападкаў. Толькі ў другой палове дня ў асобных раёнах Брэстчыны і Гродзеншчыны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Уначы і зранку месцамі па краіне магчымы слабы туман. Вецер будзе паўднёва-ўсходні 3-8 метраў за секунду, пры навальніцах з парывамі да 14 метраў за секунду. Уначы слупок тэрмометра будзе паказваць ад 16 да 22 градусаў вышэй за нуль. Удзень ён падымецца да +28...+34, месцамі па Брэстчыне прагназуецца да 35 градусаў цяпла.

У нядзелю, 13 жніўня, атмасферны фронт з Заходняй Еўропы пачне паступова адціскаць спякоту на ўсход. Тэмпература паветра ўначы чакаецца 14-21 са знакам «плюс». Удзень будзе +25...+30, па ўсходзе краіны — 31-34 вышэй за нуль, па захадзе — 19-24 градусаў цяпла. Уначы ў асобных раёнах, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы.

У панядзелак, 14 жніўня, уначы і зранку ў асобных раёнах усходу краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, а ўдзень будзе пераважна без ападкаў. Уначы тэмпература паветра будзе ад 10 да 17 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе — да +19. Удзень сіноптыкі абяцаюць +21...+26 градусаў.

У аўторак і сераду чакаецца цёплае камфортнае надвор'е, пераважна без ападкаў. Удзень у аўторак будзе 20-26 са знакам «плюс», у сераду — 21-28 градусаў цяпла.


euroradio.fm


Каментаваць