Калі слова — не верабей

Усё ж такі сродкі масавай інфармацыі, нават у нашых умовах, застаюцца «чацвёртай уладай» і інфармацыйным чыннікам. Не дзіўна, што іх працягваюць «зачышчаць». Але на гэтым тыдні менавіта яны стваралі асноўныя тэмы для абмеркавання.


Найперш, канешне, гэта CNN з інтэрв’ю з Лукашэнкам. Улада, напэўна, чакала і не магла дачакацца такой увагі. Прапагандысты застылі ў чаканні: адна з найбуйнейшых медыякарпарацый звярнула, нарэшце, увагу на афіцыйнага беларускага кіраўніка! Напэўна, ужо былі заточаныя пер’і, каб напісаць пра маштабны «дыпламатычны прарыў» і «вызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам».

Не адбылося. І гэта не дзіўна, што не адбылося, бо калегі з «Радыё Свабода» налічылі «14 фэйкаў Лукашэнкі з інтэрв’ю CNN» — гэткі іх загаловак да адпаведнага артыкулу. Напрыклад, Лукашэнка казаў пра «нейкія праваабарончыя арганізацыі» і прапаноўваў журналісту CNN абмяркоўваць «не меркаванне эфемерных прааваабарончых арганізацый, а канкрэтныя факты». Свабода ж піша, што Беларуссю ў тым ліку шчыльна займаецца «Міжнародная амністыя» — арганізацыя, якая апрылюдніла катаванні ў турме Гуантанама.

Лукашэнка заявіў, што «Мы ніколі ва ўпор не стралялі ў ніводнага апазіцыянэра. І нават радыкала. Ніколі». Свабода ж згадала Тарайкоўскага і Шутава, якія былі застрэленыя ў час пратэстаў (прычым першы — менавіта ва ўпор). Ну і далей, далей, далей, каму цікава — можаце пачытаць тут.

Канешне ж, гэта не «фэйкі», бо фэйк — гэта свядома скажоная інфармацыя з мэтай увесці аўдыторыю ў зман. Лукашэнка ж — я ўпэўнены, — шчыра верыць у тое, што ён кажа. Часам ён перабольшвае, але шчыра верыць. Проста ён жыве ў сваім, віртуальным свеце, створаным сваёю ж прапагандай, дзе навокал усе-ўсе ворагі, а ён адзін — белы і пухнаты. І таму ён так упэўнена трымаецца падчас сваіх прамоў.

Праўда, гэтая ўпэўненасць CNN — да фіялетавай зоркі. Таму што яны аперуюць фактамі, а не эмоцыямі, што ў прынцыпе ўласціва сур’ёзным сродкам масавай інфармацыі. А таму маналог пакуль што кіраўніка Сінявокай быў сур’ёзна парэзаны. І да таго ж — ніхто і не назваў яго прэзідэнтам. З тае ж прычыны: CNN кіруецца фактамі, а факт у тым, што вынікі леташніх выбараў і легітымнасць Лукашэнкі — пад вялікім пытаннем.

Прапагандыстам давялося «пераабувацца ў паветры» і зноў ствараць вобраз ворага — ужо з карэспандэнта, які размаўляў з Лукашэнкам. Маўляў, заслалі нейкага шпіёна… Карацей, на медыйным фронце — поўны правал.

Такі ж правал адбыўся з «Камсамольскай праўдай у Беларусі». Пасля станоўчага каментару пра праграміста Зельцэра, які ўступіў у перастрэлку з супрацоўнікамі КДБ, што ламіліся да яго ў кватэру, сайт «Камсамолкі» ў Беларусі быў заблакаваны. На тыдні быў затрыманы журналіст Генадзь Мажэйка, які гэты матэрыял зрабіў. Прычым незразумела, дзе ён быў затрыманы: у Мінску ці ў Маскве.

Гэта выклікала скандал у «шляхетным сямействе». Вуснамі прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова Крэмль выказаў сваё «фе», не засталіся ўбаку дэпутаты Дзярждумы, а рэдактар «Эха Москвы» спадар Венядзіктаў заявіў, то «Камсамолка» — любімая газета Пуціна, а таму ён не пакіне гэтую сітуацыю без адказу.

Але пра «інсайдарскія ўкіды» Венядзіктава ходзяць нездаровыя чуткі. Напрыклад, ён прадракаў сур’ёзныя крокі Расіі ў адказ на пасадку Віктара Бабарыкі і наезд на «Белгазпрамбанк», які па факце ёсць беларускай філіяй расійскага «Газпрамбанку». Тады «Газпрам» уцёрся. Падаецца, Крэмль утрэцца і цяпер, бо тая ж «Камсамолка» проста закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі.

І гэтая сітуацыя — чарговы ўдар непасрэдна па Пуціну. Цяпер шмат хто разважае, што ўяўленне пра ўплыў Расіі на падзеі ў Беларусі значна перабольшанае, што Пуцін нічога не можа зрабіць са сваім пратэжэ, якога ён падтрымаў у 2020-м. І падобныя высновы могуць прывесці да чаго заўгодна з любых бакоў. Можа быць, Лукашэнка, адчуўшы слабасць партнёра, як мінімум адкладзе «канстытуцыйную рэформу», на якой настойваў Крэмль (прынамсі, кіраўнік МЗС Расіі Лаўроў пра яе ўсе вушы прагундзеў). А можа быць, прэзідэнт ЗША Байдэн вырашыць, што Масква не мае належнага ўплыву на беларускую сітуацыю, пра якую ён з Пуціным размаўляў.

Як адзін з падобных крокаў — вельмі жорсткая рэзалюцыя па Беларусі, якая была прынятая ў Еўрапарламенце 7 кастрычніка. За яе прагаласавалі 506 дэпутатаў, супраць — 29, устрымаліся — 139. У ёй, не чакаючы афіцыйнага заканчэння расследавання, пасадка рэйсу Ryanair FR4978 у Мінску называецца «актам дзяржаўнага тэрарызму»; Еўрасавет закліканы тэрмінова ўвесці пяты пакет санкцый супраць Беларусі 21-22 кастрычніка, з уключэннем у яго дадатковых сектараў, у тым ліку металургічны, дрэваапрацоўчы, хімічны, а таксама «Беларуськалій» і «Белтэлекам».

Еўрапарламент лічыць неабходным прызнаць усіх супрацоўнікаў КДБ Беларусі неўязнымі, прапануе краінам-сябрам ЕС «адклікаць сваіх амбасадараў з Мінска для кансультацый і адмовіць беларускім дыпламатам у акрэдытацыі пры ЕС», а таксама «заклікае разгледзець пытанне аб перадачы беларускай справы ў Міжнародны суд на падставе Чыкагаўскай канвенцыі, Манрэальскай канвенцыі і Канвенцыі супраць катаванняў, дапушчаных Беларуссю Лукашэнкі».

Як правіла, тое, што ў Еўрапарламента ў рэзалюцыі, тое, з цягам часу, увасабляецца ў рашэннях Еўрасавета. Рэзалюцыя Еўрапарламена — гэта апошняе папярэджанне, пасля якой яшчэ можна сітуацыю «адкаціць назад». Але часу на гэты «адкат» застаецца не вельмі шмат.

Але як «адкаціць», калі лёсаносныя рашэнні прымаюцца не ўрадам, і нават, мажліва, не Лукашэнкам, а сілавым блокам? За тыя ж каментары адносна Зельцэра сілавікі затрымалі пад 200 чалавек. Патэнцыйна гэта 200 новых палітвязняў. А значыць — не адкат, а эскалацыя адносінаў з Еўропай.

Адказ на гэтую эскалацыю будзе вельмі балючым. Асабліва цяпер, калі ў «Беларуськалія» заканчваюцца тэрміны падпісаных кантрактаў…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: