«Калі табе патрэбная вольная Беларусь — сёння ты патрэбны Беларусі!»

Рада Моладзі БНФ выступіла з заявай наконт таго, якія пагрозы нясе Саюзная дзяржава, і што трэба рабіць, каб яе абараніць».
Адзначэнне 100 год БНР у Мінску, сакавік 2018. Аўтар Дзіяна Пінчук

Адзначэнне 100 год БНР у Мінску, сакавік 2018. Аўтар Дзіяна Пінчук

У заяве гаворыцца, што шматлікія выказванні ў медыя і сацсетках, а таксама ад расійскіх палітыкаў і «аналітыкаў» пра быццам бы хуткае аб’яднанне Беларусі і Расіі «робяцца не ўпершыню, і цяперашняя новая хваля мае асноўнай мэтай дэмаралізаваць беларускае грамадства, падштурхнуць нас і нашых суайчыннікаў да думкі, што беларусы нібыта ўжо страцілі сваю Незалежнасць, што нас непазбежна хутка захопяць і што ніхто не будзе гэтаму супраціўляцца — ані грамадства, якое нібыта моліцца на Пуціна, ані ўлада на чале з Лукашэнкам, які нібыта ўжо прадаў Беларусь».

«Усе такія сцверджанні вельмі моцна разыходзяцца з сапраўдным станам рэчаў, але Крэмль хоча прымусіць беларусаў думаць менавіта так, бо моц краіны і яе незалежнасці залежыць у вялікай ступені ад моцы духу яе грамадзянаў. Панікёраў лёгка захапіць. Таму не трэба слухаць пракрамлёўскіх праплачаных троляў, не варта апускаць рукі і паўтараць байкі, што хутка мы станем Расіяй. Мы ўсе разам павіны паказаць, што мы не жадаем і ніколі не будзем Расіяй, што мы самастойная і незалежная дзяржава і толькі мы, тут, на нашай зямлі будзем вырашаць, як нам жыць і што рабіць у сваёй краіне».

Аўтары заявы адзначаюць, што пагрозы для незалежнасці ўзмацняюцца, у вялікай ступені, існаваннем так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. «Калі Саюзная дзяржава станецца рэальнай, вырашаць усе пытанні жыцця беларусаў будзем ужо не мы з вамі, а нам будуць дасылаць указанні і загады з Масквы. Па-другое, беларускія хлопцы будуць служыць пад камандваннем Масквы, у лепшым выпадку дзесьці ў Сібіры, а ў горшым — будуць гарматным мясам у Сірыі ці іншых гарачых кропках для адстойвання чужых нам інтарэсаў алігархічных кланаў Крамля. Па-трэцяе, шалёная расійская карупцыя ды беззаконне накрыюць Беларусь, атруцяць нашыя жыцці. Расійская паліцыя будзе абараняць тут не беларусаў, а расійскіх бандзюкоў, алігархаў ды дасланых Масквой чыноўнікаў. Беларускіх бізнесоўцаў пазбавяць уласнасці або жыцця. Нашыя грошы будуць у кішэнях вузкай групы карупцыянераў — як гэта цяпер адбываецца з дзясяткамі мільёнаў простых расіянаў».


Што неабходна рабіць у такой сітуацыі?

Рада Моладзі БНФ прапануе «перш за ўсё адкінуць і рашуча спыняць панікёрства, лямант пра «здраду», «аншлюс» і г.д. Незалежная Беларусі існуе і яна далёка не такая слабая, як нас пераконваюць праплачаныя крамлёўскія тролі. Па-другое, рабіць усё, каб умацоўваць нашу Незалежнасць, беларускую ідэнтычнасць і нацыянальную свядомасць».

На думку аўтараў заявы, гэта можа быць грашовая падтрымка любога са шматлікіх культурніцкіх, палітычных ці адукацыйных праектаў, што накіраваныя на падтрымку беларускай мовы, культуры, гісторыі. Можна самому ствараць такія праекты ці далучацца да ўжо існуючых. «Нават самае простае, пачаць размаўляць па-беларуску, нават калі спачатку з памылкамі, бо мова — самы надзейны абаронца межаў». Ну і канешне, варта «быць больш актыўным і адказным. Ніхто не пачне змены за вас, калі не вы самі. Далучайцеся да незалежніцкіх палітычных сіл, якія вам падабаюцца і разам дамагайцеся зменаў. Калі палітыка гэта яшчэ не для вас, то пачніце змены са свайго двара, узначальце ініцыятыўную групу ды вырашайце разам свае лакальныя праблемы. Бо змены пачынаюцца з кожнага з нас, а не «дзесьці там у Мінску». Бярыце на сябе адказнасьць ды вучыце гэтаму людзей навокал. Будзьма адказнымі грамадзянамі сваёй краіны!», — заклікаюць аўтары заявы.

«Гэты год-два будуць вырашальнымі ў гісторыі нашай краіны. Калі глядзець на сытуацыю не вачыма ахвяры, чый лёс перадвызначаны «моцнымі гэтага свету» (як нас настройвае крамлёўская армія прапагандыстаў), але вачыма адказных грамадзянаў Беларусі — для нас ствараецца ўнікальны гістарычны шанец адарвацца ад расійскага імпералізму і вярнуцца ў сям’ю вольных народаў Еўропы. Таксама гэты год пакажа ці сапраўды беларускія ўлады гатовы адстойваць нашу незалежнасць, падтрымліваць(ці хаця б не перашкаджаць) розным культурніцкім і моладзевым ініцыятывам ці і надалей працягнуць штрафаваць актывістаў за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы, за караблікі каля расійскай амбасады. Расія з'яўляецца нашым суседам і мы не лічым, што там жывуць пераважна ворагі і імпералісты, мы і надалей лічым, што неабходна захоўваць нашыя эканамічныя, культурніцкія, палітычныя сувязі, але толькі пры ўмове двухбаковай павагі. Мы будзем вітаць, калі простыя расіяне будуць ціснуць на сваю ўладу, каб яна не займалася агрэсіяй супраць іншых краінаў, а лепш звярнула ўвагу на жыццё сваіх грамадзянаў».


Што будзе рабіць Моладзь БНФ?

Што Моладзь БНФ прапануе ўсёй беларускай моладзі? Сваёй асноўнай задачай арганізацыя бачыць у гэтым годзе зрабіць вялікую інфармацыйную кампанію, з дапамогай якой пакажа, што Саюзная дамова не патрэбная беларусам, невыгодная для нас і яе трэба скасаваць. Акрамя інфармацыйнай працы Моладзь БНФ пачне збор подпісаў за выхад з гэтай дамовы і паспрабуе зарэгістраваць ініцыятыўную групу для рэферэндума па гэтаму пытанню. «Разам з тым неабходна ствараць штабы па ўсёй краіне, каб была падтрымка гэтай кампаніі падчас любых падзеяў і мерапрыемстваў. Калі будзе неабходна, гэта значыць, калі інфармацыйная, эканамічная ды палітычная атака Крамля на Беларусь будзе ўзмацняцца, а беларускія ўлады не будуць прадпрымаць належных рашучых дзеянняў дзеля нейтралізацыі пагрозаў — па ўсёй краіне будзем рабіць маршы за Незалежнасць, пікеты, перфомансы, каб паказаць, што беларусы не будуць проста сядзець і чакаць, калі нехта будзе спрабаваць вырашыць лёс краіны насуперак волі беларускага народу». Аўтары заявы заклікалі тых, хто падзяляе гэтыя думкі, запісвацца ў ініцыятыўную групу. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!