«Калі ты адчуваеш сябе чалавекам, ніхто не можа у цябе гэтага адняць»

«Вясна» паразмаўляла з Алегам, які на мінулым тыдні выйшаў пасля адміністрацыйнага арышту з маладзечанскага ІЧУ: ён распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Алег – жыхар Маладзечна. Яшчэ восенню мінулага года яго выклікалі ў РАУС з-за ўдзелу ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве» з нагоды смерці Рамана Бандарэнкі. Тады маладзечанцы прайшлі па горадзе, каб ушанаваць памяць маладога чалавека. Алег распавядае, што ён не выкрыкваў лозунгі, а ішоў у калоне: так ён трапіў на камеры відэаназірання і атрымаў позву ў РАУС. Пры складанні пратаколу ён не адмаўляў удзел у мерапрыемстве, суд прызначыў яму сем сутак адміністрацыйнага арышту. Апеляцыю адхілілі.

Перад травеньскімі святамі да Алега дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, каб забраць яго для адбыцця пакарання, але ў той момант ён быў у камандзіроўцы. Таму ў РАУС мужчына прыехаў 13 траўня.

«За сем сутак выдалі зубную шчотку і туалетную паперу»

«Я ўзяў з сабой дазволеныя рэчы: кнігу, мыльныя прыналежнасці, пластыкавы кубак і гарбату, — кажа Алег. — Але. як высветлілася, гэта забаронена: усё, што за сем сутак мне выдалі з маіх рэчаў, —  гэта зубная шчотка і туалетная папера. З перадачы дазволілі ўзяць толькі цёплыя рэчы. Тым, у каго быў большы тэрмін, дазвалялі забраць з перадач зменныя рэчы, ручнік. У мяне за ўвесь час знаходжання не было ні ручніка, ні матраца, ні пасцельнай бялізны: спалі мы на ДСП.

За ноч "палітычных" маглі будзіць два разы: у большасці выпадкаў трэба было не проста прачнуцца, але і падняцца з ложка, адказваючы на пытанні. Ноччу ў камеры ўвесь час гарэла святло. З натуральнага асвятлення — адно акно метр на метр, якое складаецца са шклоблокаў, і другое — напалову меншае, якое можна было паспрабаваць адкрыць тонкай рукой, каб выветрыць памяшканне».

«Думаю, калі б у камеры быў той, хто паліў, было б праблематычна дыхаць, — адзначае Алег. — Таму што, хоць у нас ніхто і не паліў, пах цыгарэт даходзіў да нас з іншых камер і калідора. Але ў "палітычных" пад забаронай было практычна ўсё, у тым ліку і паленне».

Яшчэ адзін спосаб абудзіць зняволеных — уключыць вентыляцыю ўначы. Яна выдзімае затхлае паветра, зацягвае свежае, але халоднае, тэмпература ў камеры паніжаецца — і чалавек прачынаецца. Так за час «сутак» Алега рабілі некалькі разоў. Ён распавядае, што ў іх камеры было дастаткова цёпла, але на паўночным баку ІЧУ ў зняволеных ўмовы былі горшыя: праз пастаянную вогкасць там было вельмі золка.

«Асобная тэма — харчаванне, — працягвае Алег. — Я не пераборлівы, але назваць ежай тое, чым нас кармілі, складана. З раніцы звычайна была сечка або пярлоўка на вадзе, чвэрць батона і дзве так званыя катлеты шэрага колеру, па памеры ледзь таўсцей за крабавую палачку: іх мы нават не спрабавалі есці. У абед — суп, адзінае, што мы елі, ён быў хаця б гарачым. Але яго ў камеру на дваіх прыносілі ў адной талерцы з двума лыжкамі: дзяліся як хочаш. Двойчы давалі ядомае пюрэ, у астатніх выпадках — каша. Адзін раз далі па адной сасісцы на чалавека, іх мы з задавальненнем з'елі. У астатніх выпадках — тыя ж шэрыя хлебныя катлеты, толькі абсмаленыя, мы называлі іх нагетсамі. У абед прыносілі яшчэ па 200 грам хлеба. Вячэра складалася з аднаго нагетса. Гэта значыць, часцей за ўсё, у дзень ты еў батон і суп».

Алег адзначае, што праблем з лекарамі не ўзнікала: аднойчы ў яго падняўся ціск, яму аператыўна выклікалі хуткую дапамогу.

«Большасць канвойных апускалі вочы»

«У "палітычных" пад забаронай было практычна ўсё, што дазволена астатнім зняволеным, — кажа Алег. — Напрыклад, не давалі кніг, цыгарэт, кіпню. Калі прасілі, адказвалі "без каментароў", сыходзілі ад адказу ці маўчалі. 70% канвойных пры гэтым апускалі вочы. І хоць у большасці засталося сумленне, без "выдатнікаў" не абыходзілася: былі тыя, якім прыносіла задавальненне здзекавацца з нас. Умоўна, працу можна выканаць на "тры", калі ў цябе ёсць сумленне, а можна на "пяць", калі яго няма. Можна падняць цябе ноччу, а можна не будзіць, а праверыць стан. Можна наліць суп поўнасцю з вады, а можна дадаць туды нешта пажыўнае. Можна выдаць ручнік, а можна не выдаваць — хай выціраецца кофтай. Можна даць нармальную туалетную паперу, а можна — жудасную. Некаторыя разумеюць ступень маразму. У аднаго хлопца, які патрабаваў, каб мы ўсталі ноччу, я спытаў: "Ты атрымліваеш ад гэтага задавальненне ці як?" Ён адказаў: "Пытанні да начальства».

Алег кажа, што ўвесь гэты час у яго было адчуванне, што ён знаходзіцца ў ваенным фільме, дзе немцы перавозяць палонных савецкіх салдат, — толькі тут гэта стаўленне беларусаў да свайго ж народу.

«Такая плата за тое, што ты выказаў салідарнасць і маеш сваё меркаванне, — кажа Алег. — Яны хочуць паламаць ў табе пачуццё чалавечага, апусціць на сацыяльнае дно. Але калі ты адчуваеш сябе чалавекам, ніхто не можа ў цябе гэтага адняць. Тваё меркаванне не мяняецца, а абурэнне і жаданне змяніць сітуацыю і стаўленне да сябе ў людзей назапашваецца, як снежны ком».

«Усе можна перанесці»

«Вядома, аднастайнасць прыгнятае, — успамінае Алег. — Няма чым сябе заняць, ты нешта абмяркоўваеш, шпацыруеш па камеры, каб хутчэй заснуць. Можна займацца побытавымі справамі: праць і прыбірацца. Хлопец у "адзіночцы" займаўся матэматычнымі задачкамі, каб чымсьці сябе заняць. Але тыдзень усё роўна цягнецца невыносна доўга, хоць цяпер пра яго няма чаго і ўспомніць. Гэта як бегчы ўва сне: быццам бы бяжыш, але не можаш крануцца з месца. Здавалася б, сёння ты дома з дзецьмі, а заўтра ты — крымінальнік, да якога стаўленне горшае, чым да крымінальніка.

І хоць я шакаваны, як беларусы могуць рабіць такое з беларусамі, усё гэта можна перанесці і перажыць. Для гэтага можна і трэба знаходзіць матывацыю і плюсы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: