«Калі ты зараз адсюль не «дзёрнеш», цябе, магчыма, увогуле не знойдуць»

Падчас пратэстаў у ноч з 9 на 10 жніўня Аляксандр Садоўскі атрымаў два кулявыя раненні і здолеў уцячы з імі ад АМАПу. Выпадковыя людзі даставілі яго ў шпіталь, дзе мужчына знаходзіўся ў цяжкім стане, перанёс некалькі аперацый. Не было вядома, ці ён выжыў.
Ілюстрацыйнае фота. АМАП страляе па людзях гумовымі кулямі. 9-10 жніўня. Фота Уладзя Грыдзіна, Радыё Свабода

Ілюстрацыйнае фота. АМАП страляе па людзях гумовымі кулямі. 9-10 жніўня. Фота Уладзя Грыдзіна, Радыё Свабода

У тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга» 10 жніўня з’явілася паведамленне, верагодна, ад кагосьці з персаналу 4 гарадской клінічнай бальніцы.

«Уначы да нас прывезлі агнястрэл. Даставілі на асабістым аўто. Траўма была атрымана на Кальварыйскай. Зараз малады чалавек знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане».

І далей — дыягназ: сляпое кулявое раненне правай паяснічнай вобласці. Сляпое баявое торако-чэраўнае раненне з пашкоджаннем узыходзячага і папярочна-абадковага аддзелаў тоўстай кішкі, страўніка, дыяфграгмы. Распаўсюджаны серозна-фібрынозны перытаніт, рэактыўная фаза. Адкрытыя аскольчатыя пераломы 9-10 рэбраў злева. Левабаковы гемапнеўматоракс. Удар правай ныркі. Траўматычны шок 2-3 ст.

30 верасня тэлеграм-канал «Вольная Беларусь» апублікаваў звесткі пра Аляксандра Савіцкага (сапраўднае прозвішча мужчыны — Садоўскі. — НЧ), 1983 года нараджэння. Паведамлялася, што мужчына быў расстраляны ў ноч з 9 на 10 жніўня на вуліцы Кальварыйскай у Мінску. Атрымаў цяжкія раненні ў жывот і спіну. Быў дастаўлены ў 4-ю ГКБ на вуліцы Розы Люксембург. На наступны дзень яны спрабавалі наведаць параненага, але ў бальніцы паведамілі, што мужчына атрымаў вельмі цяжкія раненні і знаходзіцца ў коме. Далейшы лёс яго быў невядомы.

Неўзабаве ён сам выйшаў на сувязь і паведаміў, што з ім усё адносна ў парадку. «Новаму Часу» ўдалося паразмаўляць з героем трывожных зводак пра тое, што здарылася.

Аляксандр Садоўскі працуе кіроўцам. Увечары 9-га жніўня ён адзін пайшоў у бок цэнтра з Сухарава. У раёне Скрыганава-Кальварйскай, узгадвае суразмоўца, на процілеглы бок пад'ехаў аўтазак.

«Нас чалавек 30 перайшло на той бок. Пастаялі насупраць АМАПу, “пабрахалі”. Потым шчыты рассоўваюцца – і чалавеку ў пяці метрах ад мяне прылятае з пампавіка, — распавядае Аляксандр. — Усе абураюцца, давай крычаць. Ну, праз хвіліну прыкладна і мне прыляцела. Пачалі разбягацца, я толькі павярнуўся – яшчэ адна, у паясніцу».

Пасля таго, як прыляцела другая куля ў спіну, Аляксандр не ўпаў — яго «паставіла» на калена.

«Я літаральна цягам некалькіх імгненняў чуў, як ззаду пачалі тупаць берцы, народ пачынае разбягацца. Адчуваю, слезацечны газ пайшоў. Думаю: “Так, сябра, калі ты зараз адсюль не «дзёрнеш», то цябе, магчыма, потым увогуле не знойдуць”. Калі мяне прывезлі апераваць, чалавек, які быў на маёй аперацыі, распавёў, што ўсю кроў маёй групы перацягалі.

З каленяў я падарваўся і дзякуючы шоку, адрэналіну і спартыўнаму мінуламу так паскорыўся, што метраў 100 — 150 абганяў усіх “цэлых”. Дабег да скрыжавання, мяне двое хлапцоў спынілі, убачылі, што я прастрэлены, кроў, і кажуць: стой, куды ты нясешся, табе ў бальніцу трэба, а не бегаць. Знайшлі машыну — літаральна першую, якая трапіла з тых, што стаялі на светлафоры. Рабяты павезлі мяне да 4-ай бальніцы. Там я ўжо слаба памятаю, што было».

Аляксандр перанес дзве аперацыі, правёў два тыдні ў рэанімацыі і яшчэ амаль столькі ж — у агульнай палаце. Потым яго выпісалі.

Мужчына кажа, што не чакаў таго, што сілавікі пачнуць страляць па людзях. «А тут — выйшаў з хаты, і ўжо праз максімум дзе гадзіны ў бальнічцы».

Цяпер пра тое, што адбылося, Аляксандр распавядае з іроніяй і ўвогуле не губляе бадзёрасці духу. Але раненні ўсё яшчэ не даюць яму нармальна жыць. На пытанне пра самаадчуванне суразмоўца адказвае так:

«Ну, пра швы і іншае не буду. Збольшага нармальна, працую. Але застаўся маленькі такі нюанс у выглядзе каластомы (адтуліна ў кішэчніку — НЧ.), закрыюць толькі ў канцы кастрычніка. І гэты нюанс напружвае трохі. Бясплатныя пласціны скончыліся, напэўна, у жо тыдні з тры таму — іх 15 штук на два месяцы выдаюць, беларускай вытворчасці. У мяне было такое, што я за дзень мяняў тры штукі».

Пасля раненняў. Фота прадастаўлена Аляксандрам Садоўскім

Аляксандр мяркуе, што, робячы стаўку на жорсткі разгон пратэстаў, улады хацелі хутка пазакрываць людзям раты, разлічваючы паўтарыць сцэнар 2010 года і «прагнаўшы» самых актыўных праз турмы. Аднак яны памыліліся.

Зрэшты, рабіць прагнозы наконт таго, чым скончыцца супрацьстаянне беларускага народа з дыктатурай, суразмоўца не бярэцца, кажа, дасведчаныя палітолагі — і тыя не ведаюць, як усё павернецца.

Не мае ілюзіяў мужчына і наконт таго, што вінаватых у нанясенні шкоды яго здароўю можна прыцягнуць да адказнасці. На дадзены момант гэта немагчыма, а вось атрымаць за гэта самому крымінальную справу — лёгка, мяркуе Аляксандр.

«Вельмі хочацца, каб усе намаганні нашага народа не былі дарэмнымі», — падсумоўвае ён.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: