Калі ўцекачы пачнуць аддаваць свае кватэры за бясцэнак? Пакупнікі мараць танна набыць добрае жыллё

Шмат беларусаў мусілі пакінуць свае хаты і шукаць шчасця-долі за межамі краіны. Але пакуль мегаскідак на жыллё не назіраецца. Дык калі іх кватэры ў продажы зʼявяцца за бясцэнак? Эксперт па нерухомасці Наталля Лісоўская разважае на «Белсаце», ці хутка абрынуцца цэны на жыллё.

Бежанцы. 1915 год

Днямі мяне ў прыватнай размове спыталі: столькі народу з краіны з’ехала, дык калі іх кватэры ў продажы зʼявяцца за бясцэнак? Потым, крыху інакш сфармуляванае, гэтае пытанне задаў яшчэ адзін чалавек. І яшчэ.

Я не рыэлтар, але агенты ў нерухомасці таксама з гэтым сутыкаюцца. У абмеркаванні тэмы на Facebook падзяліліся: «У мяне пра гэта пытаюць пастаянна. Зацікаўленыя спадзяюцца на гэта і чакаюць… Толькі што быў званок: «Мне трэба кватэра паводле самай выгаднай цаны, каб магла максімальна дорага здаваць. Бо ўцякаюць жа, скідаюць за бесцань, вось мне такая і трэба».

І гэтыя людзі, што цікавяцца жытлом палітычных эмігрантаў, не ябацькі, не сілавікі, не чыноўнікі. Звычайныя грамадзяне: прадпрымальнікі, работнікі творчай і банкаўскай сфер, менеджары сярэдняга звяна. Хоць, напэўна, запыт спее і ў асяроддзі прыхільнікаў улад, проста пакуль не агучаны.

Мараль? Не да яе. Гэтыя людзі разлічваюць, што будуць жыць у Беларусі, не зважаючы ні на што. Што іх не пасадзяць, бо сцягоў не вывешваюць, на мітынгі не ходзяць, а за думказлачынства караць усіх не будуць — рэсурсаў не хопіць. Ну а потым, праз год, два, пяць усё наладзіцца. Або ішак здохне, або султан — але жыццё пойдзе сваім парадкам і не стане горшым, як было. А выжываць і прыстасоўвацца яны ўмеюць. І наогул, «жыць жа трэба».

Наталля Лісоўская 

Асабіста я не схільная асуджаць гэтых людзей і далучацца да хору абураных. Бачу плюс у іх пазіцыі: яны ўсё-ткі вераць у перамогу законнасці і здаровага сэнсу, у тое, што тут можна будзе жыць, няхай і ў аддаленай перспектыве.

Ну і вераць у вельмі танныя кватэры. Наколькі танныя? Наўрад ці як у Данецку, дзе з пачаткам вайны кватэры ўпалі ў кошце ў сярэднім ў 3-4 разы. Нават самыя смелыя і аптымістычна настроеныя разумеюць, што не ўбачаць у цэнтры Мінска кватэр па 500 долараў за квадратны метр. А вось метр за тысячу ў жыллі камфорткласу ім здаецца цалкам рэальным і прывабным.

Аперуюць лічбамі: каля 40 тысяч асоб аселі на гэты момант у Польшчы, Літве, Украіне. Гэтая вясна, магчыма, дасць яшчэ адну хвалю палітычных уцекачоў. Значыць, павінны ж з’явіцца гэтыя прапановы, яшчэ і перабіраць можна будзе?

Для тых, хто чакае эмігранцкага жытла ў прэстыжных лакацыях тэрмінова і за тысячу, дрэнная навіна. Яго практычна няма і дакладна сёлета не з’явіцца.

Па-першае, не ўсе людзі, якія ўцяклі з краіны дзеля ўласнай бяспекі, — уласнікі якога-небудзь жытла. Па-другое, палітычныя эмігранты, у большасці сваёй, плануюць вярнуцца. А навошта прадаваць кватэру, калі плануеш вяртацца?

Часу, каб пастанавіць прадаць, трэба нямала. І пастановяць людзі, толькі калі знойдуць сябе ў новай краіне, а тут за гэты час сітуацыя не палепшыцца. Колькі трэба для «ўкаранення» на чужыне? Год, два, пяць?

Акрамя таго, тыя, хто застанецца ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Украіне, у большасці сваёй не круглыя сіроты, яны даручаць продаж сваім родным, што засталіся ў Беларусі. А родныя не спяшаюцца і не бачаць сэнсу дэмпінгаваць.

І на наступную хвалю эмігрантаў я б таксама не раіла разлічваць.

Людзі, якія ўсё яшчэ разважаюць над эміграцыяй, пакуль бачаць: нават калі тэрмінова прадасі кватэру — не факт, што вывезеш грошы. Як вывозіць? Дзе гарантыі, што грошы, нават задэклараваныя, не адбяруць у аэрапорце, а цябе не адправяць на суткі за пікетаванне, супраціў, ды хоць за тое, што знайшлі фота ў сацсетках з нацыянальным сцягам? Так, гэта незаконна, але ў Беларусі ж «часам не да законаў». Патэнцыйныя палітычныя эмігранты гэта разумеюць лепш за іншых.

Наогул самае простае рашэнне для людзей, якія зʼехалі або збіраюцца зʼехаць, — або закансерваваць кватэру і дыстанцыйна аплочваць камуналку, або здаць яе знаёмым за аплату камуналкі і сімвалічную даплату.

Складаней уладальнікам дамоў. Прыватныя дамы без нагляду катастрафічна хутка прыходзяць у заняпад. І тут альбо трэба шукаць тых, хто пажыве ў доме на ўмовах арэнды ці хаця б нагляду за маёмасцю, альбо прадаваць.

Але прадаваць, зноў жа, могуць паводле генеральнай даверанасці і сваякі, і агенцтвы нерухомасці, так што і тут не варта чакаць асабнякоў за цану хрушчоўкі. Прынамсі мне такія абʼявы ў базах яшчэ не трапляліся. Максімальны дысконт — 15 % ад рынкавай цаны мінулага года. На рынку, які спадае, гэта наогул ні пра што не кажа.

Яшчэ адно тлумачэнне адсутнасці мегаскідак на кватэры тых, хто зʼехаў, — гэта тое, што, раз чалавек пастанавіў нешта прадаваць тут, значыць, плануе нешта купляць там. А цэны ў ЕС і нават ва Украіне на жытло адных і тых жа якасцей сёння вышэйшыя за нашы.

Разлічваць на вельмі таннае «пакінутае» жытло не варта. Цэны ва ўсіх катэгорый прадаўцоў будуць зніжацца хутчэй праз эканамічныя фактары, у аднолькавым тэмпе. Праўда, ніхто пакуль не можа прадказаць, у якім.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: