«Калі заходзіш у камеру, паўсюль толькі і бачыш «Жыве Беларусь». Фотакор «Нашай Нівы» Шура Піліповіч-Сушчыц — пра свой арышт

20-гадовая журналістка адбыла ў ізалятарах на Акрэсціна і ў Жодзіне 7 сутак арышту за працу на Маршы памяці Рамана Бандарэнкі. Пасля выхаду на свабоду яна занатавала свае ўражанні.

Фота «Наша Ніва»

— Страх ёсць. Гэта страшна — страціць кантроль над сваім жыццём, страшна паварочвацца спінай да людзей са зброяй, страшна хадзіць па жодзінскіх падземных лабірынтах, якія больш падобныя да рэканструяваных ваенных катакомб, цытуе Шуру Піліповіч-Сушчыц «Наша Ніва».

Гэта прыніжальна — станавіцца «тварам да шконкі», калі ў камеру ўваходзіць ахоўнік, прыніжальна хадзіць у туалет, калі паміж ім і ложкамі ды сталом, за якім ядуць і чытаюць літаратуру, толькі перагародка ў метр, прыніжальна чуць «эй ты» і «цёлка» на адрас адэкватных, мірных, інтэлігентных людзей.

Гэта сумна — чуць гісторыі затрыманняў. Сумна, калі затрыманымі аказваюцца бацька, маці і старэйшая дачка, а дома на цэлы дзень і ноч застаецца адзін 13-гадовы сын, сумна, калі гэты ж бацька бачыць, як у аўтазаку б’юць дачку па галаве яе тэлефонам, і не мае магчымасці абараніць яе, сумна, калі чалавеку з прыступам эпілепсіі пры затрыманні не выклікаюць хуткую, а ў РУУСе смяюцца і пытаюцца: «У цябе аргазм?»

Але побач з усімі гэтымі пачуццямі яшчэ адно — вера.

Калі заходзіш у камеру, паўсюль толькі і бачыш «Жыве Беларусь» — на стале, на сцяне, на ложках, на посудзе.

У нашай камеры атрымалася знайсці:

— «Я рада, што я тут і цяпер, і я рада, што гэта хутка скончыцца. 19.10.2020»;

— «Сядзім за «хлопотное дельце»;

— «БГМУ і БДАМ з народам»;

— «Верым, можам, пераможам»;

— «Стварай дабро супраць сістэмы»;

— «Пасля чорнай паласы заўсёды будзе белая — чырвоная — белая»;

— «Лебядзіны выходзіць штодзень»;

— безліч «Свабоду палітвязням»;

Нашы ложкі зататуіраваныя вершамі Купалы і Багдановіча, наш посуд патрабуе свабоду Марыі Калеснікавай ды абвяшчае аб вольных Прылуках.

Мы спявалі песні, гулялі ў кракадзіла, дзяліліся перадачкамі, шмат чыталі і рашылі, здаецца, усе крыжаванкі, кожны дзень займаліся спортам і размаўлялі з цікавымі яркімі людзьмі.

У Жодзіне нас было восем: дызайнерка касцюмаў на размеркаванні і тэсціроўшчыца, іх абедзвюх асудзілі за фота ў інтэрнэце, валанцёрка «Вясны» з бчб-манікюрам, айцішніца, эканаміст, што ішла з крамы, галоўная бухгалтарка, медык, якую затрымалі праз бчб-рукавіцы, і я, фотажурналістка. Нам ад 20 да 64 гадоў — можна сказаць, тры пакаленні.

Мы выраслі на рознай музыцы, мы апранаемся ў рознае адзенне, у невялікай бібліятэцы выбіраем розныя кнігі (нават «Слясарная справа» знайшла свайго чытача), нашы прафесійныя сферы амаль не перакрыжоўваюцца, і мы не перастаём дзівіцца досведу кожнай з нас, мы і гучныя, і ціхія, занадта шчырыя і закрытыя, але ў нас ёсць адна важная рыса — мы ўсе тут гатовыя да змен і імкнёмся да справядлівасці.

А бытавуха насамрэч нічым не адрозніваецца ад аповедаў у СМІ, усё тая ж халодная вада, бясконцы дзень, бо ноччу гэтак жа ззялі яркія лямпы, брэх сабак, які з часам ператвараецца ў фон, што перастаеш заўважаць, але што аказалася іншым — дык гэта настрой. Фізічна мы ўсе абмежаваныя і нават не маем права карыстацца ложкам з 06:00 да 22:00, але аказалася, што ні ідэі, ні ўпэўненасць у камеры не схаваць, яе нельга ўпакаваць у пакет, падпісаць на ім імя ўладара ды накласці арышт. Адчуванне свабоды ў нашых думках і словах пераварочвае ўсё з ног да галавы — і вось аказалася, што каб адчуць сябе сапраўдны вольнай, спатрэбілася аднойчы трапіць за краты.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: