Калі змаганне за зуб мае сэнс і перспектыву

Мы працягваем публікаваць парады сківічна-тваравага хірурга, якія, магчыма, будуць карысныя нашым чытачам.

Фота www.mkivanovo.ru

Як гэта не дзіўна, але па кожным пытанні грамадства мае не меней як два меркаванні, а найчасцей — значна больш. Не выключэнне і сітуацыя з выдаленнем зубоў. Крывая размеркавання пазіцый шырока раскінулася: ад «выдаляйце, я лепей новы ўстаўлю» з нагоды дэфекту пломбы да «не, я паспрабую зуб выратаваць» пры флегмоне дна рота і пагрозе прарыву гною ў сардэчную сумку.

Вядома, беларускае заканадаўства гарантуе, што да моманту абвяшчэння смяротнага прысуду кожны грамадзянін мае права памерці самастойна, у тым ліку і ад зубоў і звязаных з імі праблем, адмовіўшыся выдаляць вінаваты орган. Таму далейшы тэкст — для тых, хто жадае разабрацца ў пытанні пры дапамозе логікі і элементаў медычных ведаў.


Ідэал і паталогія

Прырода запланавала для кожнага два шэрагі зубоў, у якіх зубы стаяць «плячо ў плячо» ад краю да краю сківіцы, і кожны зуб (за выключэннем ніжніх цэнтральных ды верхніх кутніх) мае кантакт з двума зубамі супрацьлеглай сківіцы, прычым бугры і ямкі ўзаемна дапасуюцца, як ключык да замка. Кожны зуб — гэта каронка, якую мы бачым у роце, і корань, які сядзіць у сківіцы, і гэты корань удвая даўжэйшы за каронку, каб зуб вытрымліваў усе магчымыя функцыянальныя нагрузкі годна і эфектыўна.

Паталагічныя працэсы, што вядуць да страты зубоў, быва­юць трох відаў:

  • вострая траўма накшталт удару ў зубы\сківіцу ці падзення на зубы;
  • несвоечасова ці некваліфікавана лечаны карыес і яго ўскладненні;
  • расхістванне зубоў праз хваробы апорных тканак, калі зуб высоўваецца з косткі ці костка вакол зуба рассмоктваецца.

Асабняком стаяць зубы мудрасці, якія ў дадатак маюць уласныя асаблівасці прарэзвання, але нярэдка фігуруюць і ў трох згаданых катэгорыях.


Паказанні для выдалення

У кожнай катэгорыі паталагічных працэсаў ёсць зубы, якія варта ратаваць, і зубы, з якімі варта развітацца.

Неадкладна і адназначна мусяць быць выдаленыя зубы, якія ўяўляюць пагрозу для агульнага здароўя чалавека.

Найперш гэта зубы, праз якія развіліся гнойныя запаленчыя працэсы мяккіх тканак твару і шыі, а таксама — прычынныя зубы ў выпадку запалення сківічнай косткі. Вылечыцца без выдалення зуба ў такім разе немагчыма, зацягванне з выдаленнем ставіць пад пагрозу жыццё, у лепшым выпадку — узнагародзіць вас хранічным запаленнем сківічнай косткі, якое будзе гадамі ўкладваць вас у лякарню штовесну і штовосень ды пакідаць на памяць знакі ад разрэзаў і свішчоў.

Другое месца належыць зубам, якія замінаюць вашым ныркам, суставам ды сэрцу, а таксама з’яўляюцца перашкодай да планавай аперацыі.

Выпадак з маёй практыкі. Чалавек захварэў на эндакардыт — цяжкую сардэчную хваробу. Тэмпература пад трыццаць дзевяць на фоне ўнутрывеннага ўвядзення антыбіётыкаў цягам тыдняў прымусіла ўрэшце кардыёлагаў зазірнуць пацыенту ў зубы і паклікаць стаматолага. У першы дзень пацыенту выдалілі 4 ці 5 разбураных карыесам зубоў. Ужо ўвечары тэмпература была каля 37,5. Праз два дні выдалілі яшчэ некалькі зубоў — тэмпература нармалізавалася, санацыю завяршылі трэцім захадам, пацыент адужаў і быў выпісаны на амбулаторнае лячэнне.

Самае павучальнае ў гэтай гісторыі, што апошнія некалькі гадоў зубы ў роце ціхенька разбураліся, але не балелі, і пацыент цешыў сабе думкай, што зубы ў яго ёсць, пакуль міна хранічнай інфекцыі не спрацавала, ледзьве не выправіўшы нестарога яшчэ дзядзьку да Адама на піва.

Наяўнасць хранічнай зубной інфекцыі таксама падтрымлівае рэўматычныя праблемы суставаў і некаторыя хваробы нырак.

Перад кожнай планавай аперацыяй абавязкова саніраваць усе хранічныя інфекцыі, ад карыесу да грыбкоў на пазногцях. Рызыкаваць сэпсісам (заражэннем крыві) не мусяць ні адэкватныя лекары, ні асцярожныя пацыенты.

Фота www.zwonok.net

Трэцяе ганаровае месца належыць зубам-дыверсантам, на каранях якіх пачынаецца і паступова захоплівае ўсё большую тэрыторыю хранічны запаленчы працэс — кіста. Асаблівасць кісты ў тым, што яна моўчкі расце, і рост яе можна спыніць толькі хірургічным шляхам. Калі своечасова не спыніць — дойдзе да разбурэння значнай часткі сківіцы, страты не аднаго, а некалькіх зубоў, хранічнага гаймарыту, паталагічнага пералому сківіцы…

Вось тады думка пра тое, што можна было ўсяго толькі выдаліць адзін зуб і пазбегнуць сур’ёзных праблем, абавязкова наведае ўпартую галаву. Ці толькі не запозна будзе.


Што можна захаваць

Зубы, вартыя змагання, — гэта байцы, чыя страчаная жавальная эфектыўнасць можа быць адноўленая без рызыкі пашкодзіць арганізму (пункт 3).

Сфармулюю «Правіла траціны»: можна спадзявацца захаваць зуб, пашкоджаны не больш як на 1\3 даўжыні.

Расшыфроўваецца гэта так. Падзелім зуб на ўмоўныя тры часткі: каронка, каронкавая палова кораня і верхавінкавая палова кораня. Цяпер уявім сабе наступства нялечанага карыесу — гранулёму ці невялічкую кісту на верхавіне зуба. Калі разбураная костка вакол верхавіны ахапіла зубны корань на 1\4 — 1\3 — ёсць спосабы ўратаваць зуб, выдаліўшы сам ачаг інфекцыі. Болей за палову — сэнсу важдацца фактычна няма. Няма сэнсу поркацца і тады, калі, у дадатак да гранулёмы, каронка значна разбураная, альбо дзясна і костка вакол шыйкі аселі. Паважайце фізіку: пры аперацыі корань зуба ўкарочваецца, а «правіла рычага» ніхто адмя­ніць не ў стане.

Дапусцім, што зуб расхістаўся, корань пачынае агаляцца, дзясна асела, утварыліся косныя «кішэні». Калі верхавінкавая палова ў добрай костцы без ніякіх гранулём, а каронка зуба добра захавалася, ёсць шэраг мераў па спыненні разбурэння косткі і стабілізацыі зуба. Але, зноў жа, сэнс у гэтым будзе толькі тады, калі разбурэнне не дайшло да паловы, а іншыя часткі зуба ў норме.

Калі вы зламалі зуб (адламалася каронка), але дзясна вакол зуба здаровая, «кішэняў» няма, і вакол верхавіны кораня таксама здаровая костка — у вас добрыя шанцы на аднаўленне былой велічы (прынамсі, у аднакаранёвых зубах ротавага «фасада»). Але пратэзіст не стане брацца за аднаўленне зуба, калі корань не ў ідэальным стане.



На малюнку: норма; тры варыянты паталогіі, калі зуб варта ратаваць; безнадзейны зуб.


А калі ўсё ж такі паспрабаваць уратаваць зуб, хворы больш, чым на траціну?

За ўласныя грошы вы можаце спрабаваць амаль бясконца. Можа стацца, ваш зуб прабудзе з вамі яшчэ колькі месяцаў ці нават гадоў. Гэта мае сэнс тады, калі адтэрміноўка патрэбная: напрыклад, расце сківіца, і захаванне зуба — спосаб прафілактыкі парушэння прыкусу, альбо вам праз тыдзень замуж.

Але найчасцей гэта — выкінутыя грошы, асабліва тады, калі пакінутыя «сумнеўныя» зубы — ключавыя для выбару канструкцыі пратэза. Калі, не вытрымаўшы нагрузкі «за сябе і за таго хлопца», зуб здаецца — можа аказацца, што ў «плявашку» выправіцца і ўся прыгажосць, якую вы панасілі пару месяцаў. А значыць, трэба добра падумаць, перш чым ратаваць «шарагоўца Раяна». Не хварэйце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: