«Калі вярнулася, бацькі ўсе мае запісы, паштоўкі, налепкі спалілі», — беларуска два тыдні адпрацавала валанцёркай ва Украіне

Жыхарка Магілёва, дваццацітрохгадовая журналістка Дыяна Якаўлева два тыдні адпрацавала валанцёркай у Харкаве на адной з тамтэйшых гуманітарных станцыяў.



Разам з іншымі валанцёрамі раздавала ўцекачам з зоны антытэрарыстычнай аперацыі гуманітарную дапамогу. Дзяўчына кажа, што наважылася на паездку ў прыфрантавую вобласць Украіны, каб убачыць плён ад свае актыўнасці. Сваімі ўражаннямі ад паездкі яна падзялілася з беларускай "Свабодай".

Паводле Дыяны, уцекачоў з зоны баявых дзеянняў у Харкаве нямала. Але ў параўнанні з мінулым годам плынь зменшылася. Цяпер, кажа дзяўчына, за суткі прыбывае да трохсот чалавек. Год таму гуманітарныя станцыі прымалі да дзвюх тысяч і ледзьве давалі рады такой колькасці. Самой Дыяне давялося папрацаваць з 50 сем’ямі.

«Нам апавядалі, што год таму сітуацыя была дужа цяжкая, бо ўцекачы прыязджалі, і ў многіх была істэрыка. Мясцовыя псіхолагі не ведалі, што рабіць з такой панікай. А цяпер яны даволі адаптаваныя да жыцця. Крыху супакоіліся і ўпэўнена прыходзяць па дапамогу ды даволі бойка сябе паводзяць. Ёсць, зразумела, і тыя, у каго апусціліся рукі. Яны кажуць, што адчуваюць сябе нікому не патрэбнымі».

 

На адной з гуманітарных станцыяў у Харкаве

На адной з гуманітарных станцыяў у Харкаве

На станцыі, дзе працавала валанцёркай Дыяна, было чацвёра беларусаў. Астатнія супрацоўнікі — тыя ж уцекачы, якія ў свой час прыйшлі па дапамогу і засталіся, каб дапамагаць іншым. У кожнага, заўважае суразмоўніца, свая трагічная гісторыя бежанства. Усе спадзяюцца, што некалі на Данбасе ўсталюецца мір, і яны вернуцца на радзіму. Мала хто з уцекачоў два гады таму мог уявіць, што іх край стане зонай ваенных дзеянняў. Жыхары Харкава, кажа Дыяна, вераць, што вайна да іх не прыйдзе.

«У самім Харкаве дужа моцны нацыянальны ўздым. Паўсюль налепкі, у колеры нацыянальнага сцяга расфарбаваныя дрэвы. Нават паролі да Wi-Fi, так бы мовіць, нацыяналістычныя, антырасійскія і супрацьпуцінскія. Там цяпер дужа востра рэагуюць на ўсё, што звязана з Расіяй. Беларусаў прымаюць з адкрытай душой. Мы хадзілі ў нашых вышыванках, і яны казалі, што вышыванкі — гэта крута. Тыя, хто выехаў з Данбасу, яшчэ вастрэй рэагуюць на вайсковыя дзеянні з боку Расіі».

 

 

На вуліцах Харкава: «Усё для перамогі»

На вуліцах Харкава: «Усё для перамогі»

Адчування таго, што недзе недалёка вайна, не было, кажа Дыяна. Хаця, прызнаецца дзяўчына, першыя суткі было нязвыкла сутыкацца на вакзале з праверкамі дакументаў, бачыць на вуліцах людзей з аўтаматамі ды агітацыйныя намёты з заклікамі запісвацца ў войска.

«На трэція суткі мы да ўсяго прывыклі, — адзначае суразмоўніца. — У прынцыпе, там жа мірнае жыццё. Трывогі не ўзнікае. Мне дужа хочацца туды зноў, бо людзям, якія там працуюць валанцёрамі, патрэбная міжнародная салідарнасць. Да іх хочацца, а яшчэ хочацца дзеля цікавасці паехаць у зону баявых дзеянняў».

 

Паводле Дыяны, беларусаў, якія хацелі б дапамагчы ўкраінцам гэтаксама, як яна, — няшмат.

«Асабліва ахвотнікаў, наколькі я ведаю, няшмат. Для многіх беларусаў Украіна цяпер атаясамліваецца з вайной. Па вяртанні, калі я апавядала тутэйшым актывістам пра сваю валанцёрскую працу ва Украіне, многія казалі: «Так, гэта цікава, але ці мала якія ў нас будуць праблемы, калі вернемся адтуль». Калі сказаць слэнгам: «Тут могуць прэсануць толькі з-за аднаго штампа ў пашпарце».

На адной з гуманітарных станцыяў у Харкаве

На адной з гуманітарных станцыяў у Харкаве

Дыяна кажа, што ў яе не было праблемаў па вяртанні ў Беларусь. Тым не менш, адзначае дзіўныя, як яна кажа, паводзіны бацькоў.

«Пасля таго, як я з'ездзіла туды, яны ўсю маю літаратуру і ўсе мае запісы, паштоўкі, налепкі спалілі. У іх быў дужа вялікі шок, што я ва Украіну з'ездзіла».

Сама Дыяна паехала ва Украіну, каб адчуць, што можа быць сапраўды патрэбнай.

«У нашай рэчаіснасці, калі займаешся нейкай справай, то, вядома ж, разумееш, як яна мае ўплываць на грамадства і на жыццё. Але разам з тым складана ўбачыць рэальнае дзеянне, якое дапамагае. Там жа, калі раздаеш тую ж адзежу, у цябе ў руках нешта матэрыяльнае, і гэтым ты дапамагаеш канкрэтнаму чалавеку. Ад гэтага становіцца неяк добра ўнутры».

Чарга на гуманітарную станцыю
Чарга на гуманітарную станцыю

www.svaboda.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: