Каля кінатэатра ў Слуцку больш за трох не збірацца!

Калі вы крышку прытаміліся і хочаце прыпыніцца каля кінатэатра «Беларусь» у Слуцку – я гэтага не раю вам рабіць. Асабліва небяспечна, калі ў вашых руках будзе якая-нібудзь папера і калі вы будзеце не адзін.
Усе вашыя дзеянні і крамольныя рухі тут жа адсочыць пільная і ідэалагічна выхаваная грамадзянка, якая займае пасаду дырэктара кінатэатра. Яна нават не пацікавіцца вашымі намерамі, а адразу ж па мабільнаму тэлефону дакладзе начальніку аддзела ідэалогіі Слуцкага райвыканкама аб тым, што на вуліцы Леніна нейкія людзі штосьці чытаюць ці раздаюць. Пасля з пачуццём выкананага грамадзянскага абавязку накіруецца да грамадскага транспарту.

Дырэктарка кінатэатра можа ехаць у сваім аўтобусе спакойна і не сумнявацца, што яна пераклала справу ў рукі надзейных таварышаў, якія перададуць інфармацыю туды, куды трэба – у Слуцкі РАУС. Так яно і выйшла.
Начальнік аддзела ідэалогіі Варабей Міхаіл адразу ж даклаў аб здарэнні намесніку старшыні Слуцкага райвыканкама. А той ужо праінфармаваў аддзел аховы правапарадку Слуцкага РАУС.

Менавіта так распачыналася адміністрацыйная справа супраць старшыні Слуцкага ТБМ Зінаіды Цімошак 4 кастрычніка, калі тая асмелілася нагадаць жыхарам Слуцка падчас перапісу не забыць пра сваю родную мову — беларускую. Выразка з газеты «Новы Час» ад 29.09.2019 года, на якой намаляваны рабочы і змешчаны надпіс «Родная мова – беларуская», зараз займае годнае месца сярод 27 лістоў адміністрацыйнай справы. Гэта і ёсць той «крамольны лісток», які Цімошак яшчэ з адной жанчынай раздавалі случакам.

У Слуцкім РАУС не ўбачылі правапарушэння ў тым, што старшыня ТБМ займалася папулярызацыяй беларускай мовы з нагоды перапісу,і  пасля праверкі адміністрацыйная справа была спынена з-за адсутнасці складу правапарушэння. Тым не менш, адна пільная жанчына, Караваева Наталля Леанідаўна, задала шмат працы аддзелу аховы і правапарадка. Міліцыянты выязджалі на месца здарэння, разам з начальнікам аддзела ідэалогіі райвыканкама Вараб’ём Міхаілам сур'ёзна аглядалі месца здарэння. Вызначылі, што «площадка имеет плиточное покрытие. Расположена вдоль проезжей части по ул.Ленина. С левой стороны расположено здание “Дом быта”, с правой – павильон “Связной”. На данной площадке находились две женщины и 1 мужчина. Женщины раздавали листовки прохожим, а мужчина просто стоял. Листовка форматом А5, на белом фоне изображен рисунок строителя и надписи “Наша мова - беларуская”, “04.10 – 30.10.2019г. Перапіс насельніцтва”. Около 17-45 женщины, раздававшие листовки и мужчина, который находился рядом с ними, разошлись в разные стороны».

Апрача пратакола агляду месца здарэння ў матэрыялах справы № 1336 аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ёсць і пратаколы апытання сведкаў, віноўніцы здарэння, фотаздымкі, дадатковыя дакументы. Напісана мноства розных папер, бо завесці справу на чалавека лягчэй, чым яе скончыць. Для ўзбуджэння справы дастаткова было аднаго званка Караваевай Наталлі, дырэктаркі кінатэатра.

Таму і раю случчанам і гасцям горада Слуцка не збірацца больш за трох каля кінатэатра «Беларусь». На ўсялякі выпадак.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!