Крыж на месцы хутару, які знік, бо ўсіх жыхароў рэпрэсавалі

На Шклоўшчыне на могілках зніклага хутару Хадзевічы ўсталяваны крыж у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У 1932 годзе братоў Салаўёвых вывезлі з паселішча. Вярнуцца і адрадзіць хутар ім не было наканавана. У 1990-м у памяць пра забітых хутаран і паставілі крыж.


У Шклоўскім раёне пад рэпрэсіі падпалі больш за 700 чалавек. Паводле краязнаўцаў, арыштаваных расстрэльвалі багата ў якіх месцах, аднак, могілкі Хадзевічаў адзіныя, на якіх, згадваюцца забітыя сталіншчынай.

Трохметровы крыж на ўскрайку разрослага сасонніку бачны здалёк. На ўштукаванай у яго падмурак шыльдзе імёны братоў Салаўёвых. У 1932 годзе іх раскулачылі. Аляксандра, Сяргея ды Пятра расстралялі ў Магілёве. Антона, Мікалая ды Міхаіла саслалі ў Сыбір і адтуль яны не вярнуліся.

Як вынікае з тэксту на шыльдзе, іхная віна была ў тым, што яны працавалі, але «сталінская ўлада іх прызнала кулакамі, за што і загінулі». У 1962 годзе Салаёўвых рэабілітавалі, але Хадзевічаў ужо не было.

Шыльда пад крыжам

Шыльда пад крыжам


«На Шклоўшчыне гэта адзіная мясціна, на якой у памяць пра забітых у часы сталінскіх рэпрэсіяў стаіць крыж», — апавядае, стоячы ля яго, краязнаўца Аляксандар Грудзіна:

«Паставілі тут крыж дзякуючы руплівасці мясцовага журналіста Аляксандра Шчарбака. Ён збіраў звесткі пра рэпрэсаваных жыхароў раёну ды пісаў пра іх у газэту. Да сённяшняга дня Аляксандар Майсеевіч не дажыў. З аповедаў старажылаў вядома, што стралялі людзей падчас сталінскага тэрору шмат дзе ў раёне: на шклоўскіх могілках, на могілках вёскі Стары Шклоў... На месцы масавых расстрэлаў знакаў ніякіх няма, толькі тут».

Аляксандар Грудзіна

Крыж паставілі 10 кастрычніка 1990 году. У яго падмурку з каменьчыкаў выкладзеная гэтая дата. На выступе пад шыльдай лямпадка.

Дата ўсталяваньня крыжа

Дата ўсталяваньня крыжа


Некалі на ўзараным полі, што цяпер перад крыжам, былі раскіданыя сядзібы хутароў. На мапах даўнейшых часоў Хадзевічы пазначаліся як фальварак. Да сёння ад паселішча засталося поле і пяць магіл за крыжам.

Даўнейшая мапа з пазначэннем Хадзевічаў і цяперашні аэраздымак

«На старых мапах відаць, што тутэйшыя сядзібы былі раскіданыя даволі шырока. Зразумела, на хутарах жылі заможныя людзі», — кажа яшчэ адзін краязнаўца Зміцер Антончык.

Зміцер Антончык

Зміцер Антончык


«1932 год — час, калі ўзнялася хваля гвалтоўнай калектывізацыі», — даводзіць ён.


«Савецкая ўлада распачала рэпрэсіі супраць тых, хто не ішоў у калгасы. Салаўёвы былі з такіх. Ня выключана, што яны аказвалі і супраціў упаўнаважаным. У 1932 годзе сяляне ж яшчэ спадзяваліся, што можна ўратавацца ад калгасаў. Яны думалі, што спробы абагуліць сялянскую маёмасць часовыя, што ўсё мінецца. Для Салаўёвых лёс склаўся трагічна, як і для саміх Хадзевічаў».

Поле, на якім быў хутар Салаўёвых

Поле, на якім быў хутар Салаўёвых

Крыж у памяць пра рэпрэсаваных свежапафарбаваны. На агароджанай пляцоўцы прыбрана. Непадалёк зваленае сучча, параскіданыя пластыкавыя бутэлькі. Сасоннік завалены бураломам.

Магілы — тое, што пакінула даўніна ў памяць пра Хадзевічы


На недалёкай шашы за гадзіну, пакуль аглядалі могілкі, не праехала ніводнай машыны. Бліжэйшая вёска ад крыжа, Аўчыненкі, за дзясятак кілямэтраў. Адшукаць выхадцаў з Хадзевічаў не ўдалося.

Каля крыжа звалілі сучча

У раённай кнізе «Памяць» згадваюцца імёны 700 рэпрэсаваных жыхароў Шклоўшчыны. Аляксандар Грудзіна адзначае, што гэтая лічба недакладная. Паводле краязнаўцы, пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсіяў болей. Многія, кажа ён, дагэтуль утойваюць праўду пра зніклых у ГУЛАГу сямейнікаў.

Сасоньнік у бураломе

«Людзі баяцца прызнацца, што яны нашчадкі „кулакоў“. У кожнага свае прычыны маўчаць. Нехта дапускае, што і цяпер, як скажа пра сваіх рэпрэсаваных, дык яму гэта адгукнецца, — кажа краязнаўца. — Я нядаўна гутарыў з жанчынай, якая на пэнсіі, мае вышэйшую адукацыю. Яна мне расказвала пра свайго загінулага ў ГУЛАГу дзеда. І калі я запытаўся, чаму яна звесткі не перадала, калі рыхтавалася кніга „Памяць“, — кабета шчыра сказала, што пабаялася».



svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: