Калонія №9 у Горках: дзе ламаюць беларускіх палітвязняў

Беларускія праваабаронцы асцерагаюцца за жыццё палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае тэрмін у ПК-9. Актывісты апазіцыі, якія прайшлі гэтую калонію, патлумачылі DW, чаму ў яе дурная слава.

У розныя гады ў Горацкай калоніі №9 у Магілёўскай вобласці адбывалі частку свайго тэрміну апазіцыйныя актывісты Зміцер Дашкевіч, Мікалай Дзядок, Аляксей Мілюкоў і Васіль Парфянкоў. У дадзены момант там знаходзіцца былы дацэнт Віцебскага тэхналагічнага інстытута, сузаснавальнік праваабарончай установы "Платформа інновэйшн" Міхаіл Жамчужны. Шэраг праваабарончых арганізацый у сумеснай заяве ў снежні 2015 года прызналі яго палітычным вязнем. Тое, што адбываецца ў Горацкай ПК-9 дае падставу праваабаронцам лічыць яе інструментам расправы уладаў з непажаданымі.

Ліст у пракуратуру, адказ з ДВП


У снежні мінулага года юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Наста Лойка накіравала афіцыйны зварот у пракуратуру Горацкага раёна з патрабаваннем прыняць меры па забеспячэнні асабістай бяспекі палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Стала вядома, кажа Лойка, што ў дачыненні да палітвязня былі распаўсюджаныя недакладныя звесткі аб яго так званым "нізкім статусе", з-за чаго немінуча ў такіх выпадках ад пэўнай катэгорыі асуджаных паступаюць пагрозы расправы.

Міхаіл Жамчужны трапіў у Горкі ў жніўні мінулага года, і з таго часу ўжо 14 раз быў змешчаны ў штрафны ізалятар (ШІЗА). Бесперапынны арышт доўжыўся сто дзён з-за таго, што, выходзячы з ШІЗА, Жамчужны кожны раз атрымліваў новае спагнанне за адмову пераходзіць у атрад, сфармаваны з заключаных з "нізкім статусам". Патрабаванні палітвязняўперавесці яго ў бяспечнае месца не далі рады.


Наста Лойка адзначае, што была здзіўленая адказам, які прыйшоў з Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС Беларусі. Гэта значыць, што раённая пракуратура, тлумачыць яна, не ўзяла на сябе адказнасць пачаць праверку і адправіла зварот у Магілёўскую абласную пракуратуру, а тая перанакіравала яго ў ДВП. Як правіла, працягвае праваабаронца, дзяржорганы такія звароты спускаюць у ніжэйстаячыя інстанцыі для рэагавання, а ў дадзеным выпадку ліст наадварот пайшоў знізу ўверх. Зрэшты, канстатуе Лойка, адказ уяўляе сабой адпіску: праверка не выявіла парушэнняў заканадаўства з боку службовых асоб калоніі.


Асаблівае стаўленне да палітвязня


Аднак прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні Таццяна Равяка лічыць, што зварот Насты Лойка падзейнічаў, бо адказ змяшчае інфармацыю аб праверцы ў ПК-9. Акрамя таго, з ліста, які Равяка атрымала ад Міхаіла Жамчужнага, стала вядома, што з 6 студзеня ён пераведзены на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Праўда, пакуль не ясна, адзначае Равяка, ці звязана гэта з забеспячэннем яго асабістай бяспекі або яно аформлена як чарговае спагнанне.



Судзілі Жамчужнага, нагадвае Таццяна Равяка, у закрытым рэжыме, і толькі праз год пасля яго арышту стала вядома, што беларускі КДБ падазраваў яго ў шпіянажы на карысьць Польшчы. Высветлілася, што ўсе падзеі, якія адбываліся з Жамчужным, былі часткай следчага эксперыменту КДБ: асудзілі яго толькі за наўмыснае раскрыццё службовых сакрэтаў — як палічыў суд, за куплю ў супрацоўніка міліцыі інфармацыі, якая з'яўляецца службовай таямніцай. Шэраг праваабарончых арганізацый тады безумоўна прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязнем.

Апазіцыйны актывіст Аляксей Мілюкоў, які вызваліўся з Горацкай калоніі тры месяцы таму, называе ціск на Жамчужнага помстай за яго барацьбу з міліцэйскім самаўпраўствам. "Платформа Іннавейшн", кажа Мілюкоў, сістэмна займалася менавіта абаронай правоў асуджаных, таму да Жамчужнага ў калоніі асаблівае стаўленне. Сам Мілюкоў трапіў на год у ПК-9 таксама пасля канфлікту з міліцыяй: разам з бацькам, блогерам Алегам Желновым, ён здымаў на відэа парушэнні правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі ДАІ.

Сумна вядомая ПК-9


Апынуўшыся ў ПК-9, успамінае Аляксей Мілюкоў, ён неўзабаве высвятліў, што ўсім асуджаным дадзена каманда з ім не кантактаваць. А далей пачаліся бясконцыя прыдзіркі: напрыклад, ён атрымаў спагнанне за адсутнасць летняй формы, якую яму не выдала сама адміністрацыя. За год знаходжання ў калоніі Мілюкоў два месяцы правёў у ШІЗА, дзе ў знак пратэсту тройчы аб'яўляў галадоўку. "Задача Горацкай калоніі зламаць чалавека", — упэўнены ён.

Горацкая папраўчая калонія строгага рэжыму №9 знаходзіцца за горадам. Ад райцэнтра яе аддзяляе чыгуначнае палатно і станцыя Пагодзіна, куды штодня прыходзіць цягнік Брэст-Камунары, апошні закрыты кратамі вагон якога збірае на этап зняволеных з усіх беларускіх СІЗА. Раз у тыдзень два дзясяткі супрацоўнікаў ДВП з сабакамі прымаюць і адпраўляюць у Пагодзіна асуджаных.


У мінулым годзе выпраўленчая ўстанова адзначыла 60-гадовы юбілей. Калонія была створана ў 1957 годзе на базе мясцовага цаглянага завода, а ў сярэдзіне 70-х яе перапрафілявалі пад выпуск прамысловай прадукцыі. Разлічана ПК №9 на 1500 чалавек.

Метады працы адміністрацыі Горацкай калоніі


Адзін з фігурантаў "справы анархістаў" Мікалай Дзядок трапіў у гэтую калонію ў 2015 годзе. З першых дзён, распавядае Дзядок, ён увесь час адчуваў на сабе неапраўдана жорсткія патрабаванні аператыўнікаў па выкананню рэжыму, і гэта ніяк не залежала ад паводзінаў: як бы паслухмяны ты ні быў, усё роўна караюць.

ПК-9, сцвярджае ён, выкарыстоўваецца для аказання ціску не толькі на палітзняволеных, але і прадстаўнікоў крымінальных груп, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць з міліцыяй. Мікалай Дзядок не сумняваецца, што загад пераследваць няўгодных зыходзіць не ад адміністрацыі калоніі, а ідзе зверху — з ГУБАЗіК і КДБ.

Экс-лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч, які адбыў частку пакарання ў ПК-9 у 2011 годзе, успамінае, што самымі небяспечнымі людзьмі там былі зняволеныя з максімальнымі тэрмінамі. Яны разумеюць, што ўжо не выйдуць на свабоду, таму гатовыя на ўсё, каб уладкаваць свой побыт у зоне.

Іх рукамі, кажа Дашкевіч, і дзейнічае адміністрацыя, якая сама практыкуе прымяненне супраць асуджаных нефармальных зэкаўскіх "паняццяў". Няўгодных спрабуюць перавесці ў своеасаблівую касту недатыкальных, якія прыраўноўваюцца да гомасэксуалаў і выконваюць брудную працу — гэта і ёсць "нізкі статус".

Скаргі на ўтрыманне зняволеных у Горках праваабаронцы атрымліваюць рэгулярна, падкрэслівае юрыст Павел Сапелка, які займаецца маніторынгам месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі. ПК-9, паводле яго слоў, прызначана для асоб, якія трапілі ў турму паўторна, таму там больш складаны кантынгент і метады працы. Відавочна, кажа Сапелка, там парушаецца абсалютнае права грамадзян на свабоду ад жорсткага абыходжання. Але змяніць сітуацыю, мяркуе юрыст, можа толькі праз пільную ўвагу грамадскасці.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!