Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу беларускай журналісткі

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу гомельскай журналісткі, сябры ГА «БАЖ» Наталлі Крывашэй і накіраваў ураду Беларусі для атрымання каментару па пытаннях парушэння права на збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі.
Наталля Крывашэй, архіўнае фота

Наталля Крывашэй, архіўнае фота

Адпаведнае паведамленне на гэты конт атрымаў з КПЧ ААН афіцыйны прадстаўнік журналісткі, праваабаронца і сябра ГА «БАЖ» Леанід Судаленка, які вядзе справу Наталлі Крывашэй на міжнародным узроўні.

У чэрвені 2015 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў Крывашэй датычнай да падрыхтоўкі разам з журналістам-фрылансерам Кастусём Жукоўскім відэасюжэта «Самагубства выкладчыцы», які быў паказаны 15 красавіка ў праграме «Аб’ектыў» спадарожнікавага тэлеканала «Белсат» (Польшча).

У ім распавядалася пра суіцыд выкладчыцы Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Францішка Скарыны, кандыдата філалагічных навук Святланы А. Як распавядалася ў сюжэце, яна здзейсніла самагубства, бо баялася застацца без кватэры. (Жылы дом, у якім жыла выкладчыца з дзецьмі, кіраўніцтва ўніверсітэта перааформіла ў інтэрнат, узаконіўшы гэта праз эканамічны суд. Жывеш у ім — пакуль працуеш ва ўніверсітэце.)

За згаданы відэасюжэт суддзя Марына Дамненка пакарала Наталлю Крывашэй максімальным штрафам (9 мільёнаў недэмінаваных рублёў) на падставе ч. 2 артыкула 22.9 КаАП — за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі пры беларускім Міністэрстве замежных спраў.

Журналістка абскарджвала штраф у вышэйшых судовых інстанцыях Беларусі, але справядлівасці не дамаглася. Таму далей звярнулася ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Як распавёў Леанід Судаленка, на разглядзе ў гэтай аўтарытэтнай міжнароднай структуры знаходзяцца таксама скаргі на штрафы за журналісцкую дзейнасць Кастуся Жукоўскага і Ларысы Шчыраковай з Гомеля, а таксама Тамары Шчапёткінай з Бярозы і Аляксандра Буракова з Магілёва.

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: