Каму Дзень Волі, а каму 20 базавых за вольны сход

Суд Слуцкага раёна прысудзіў блогеру Уладзіміру Няронскаму штраф у 20 базавых велічынь за «арганізацыю несанкцыянавага мітынгу» каля рэчкі Случ.
Нагадаем, случчанін запрасіў жыхароў горада ў сваім блогу сабрацца 15 сакавіка, каб папіць кавы і абмеркаваць найбольш балючыя гарадскія праблемы. На яго заклік адгукнуліся каля 20 чалавек. Людзі сумесна папілі кавы і абмеркавалі выпадак злоўжывання слуцкімі міліцыянтамі паўнамоцтваў у адносінах да жыхаркі горада Слуцка некалькі гадоў таму назад. Жанчына распавяла сваю гісторыю ў прамым эфіры, які вёў блогер.

У далейшым супраць блогера была ўзбуджана адміністрацыйная справа.

25 сакавіка падчас судовага разбіральніцтва Уладзімір Няронскі патлумачыў, што, збіраючы людзей на абмеркаванне праблем, ён карыстаўся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і сабраў людзей папіць кавы якраз у Дзень Канстытуцыі, якая прадугледжвае ў сваіх артыкулах свабоду сходаў і выказванняў.

Аднак суддзю не цікавілі эмацыйныя выказванні і гісторыі сведак пра несправядлівасць. Яго цікавілі сам працэс арганізацыі сходу і наяўнасць дазволу.                                    

Па іроніі лёсу, штраф у 20 базавых за арганізацыю вольнага сходу блогеру прысуджаны 25 сакавіка, у Дзень Волі, які святкуюць усе неабыякавыя і нацыянальна свядомыя беларусы.


Падтрымаць слуцкага блогера ў суд прыйшлі каля 30 чалавек, у тым ліку і Віталь Амяльковіч, грамадскі актывіст і сябра Беларускага Хельсінскага Камітэту.

— Лічу гэты прысуд палітычна матываным, як і іншыя прысуды грамадзянам Беларусі, чые канстытуцыйныя правы на свабоду сходаў абмяжоўвае дзейснае заканадаўства, — зазначыў ён. — Для грамадскіх актывістаў такія прысуды звыклыя, але цікава было назіраць за рэакцыяй прысутных звычайных случчан. Падалося, што яны такіх абмежаванняў на сходы раней не ведалі, таму вялі сябе падчас суда эмацыйна. Відавочна, што некаторыя случчане былі ў шокавым стане пасля атрымання вось такога незвычайнага «курса лікбезу» па рэальным судовым заканадаўстве.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: