Каму муляюць вочы крыжы ў Благаўшчыне?

Пакуль увага грамадзянскай супольнасці накіравана на змаганне за Курапаты, у іншым месцы масавых расстрэлаў прыбралі ўсталяваныя актывістамі крыжы.

Пра гэта 23 чэрвеня паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку грамадскі актывіст Яўген Батура, які ў свой час удзельнічаў ва ўсталяванні часткі крыжоў.

— Мой шлях з працы праходзіць праз паварот на Благаўшчыну, я часта бываю там, вось і ўчора вырашыў заехаць, паглядзець, як ідзе падрыхтоўка да адкрыцця мемарыяла, якое адбудзецца 29 чэрвеня. Адразу пайшоў глядзець крыжы, усталяваныя грамадскасцю. Яшчэ месяц таму ўсе яны — крыж у памяць аб палітвязнях мінскіх турмаў, расстраляных у чэрвені 1941 года, крыж ад руха салідарнасці «Разам», усталяваны на пачатку гарадской звалкі, якую наваліла дзяржава ў 1950-х гадах на магілах закатаваных чэкістамі і нацыстамі людзей, а таксама крыж айцу Вінцэнту Гадлеўскаму — былі на месцы. Але ўчора ніводнага з іх ужо не было, — распавёў Яўген Батура «Новаму часу».

Таксама, па словах актывіста, яго непрыемна ўразіла тое, што спілавалі дрэвы ў месцы, дзе прыезжыя з Нямеччыны вешаюць таблічкі з інфармацыяй пра сваіх загінулых у Трасцянцы ад рук нацыстаў сваякоў. Засталіся толькі тыя дрэвы, на якіх былі прымацаваныя шыльдачкі.


Правалы ў памяці

Малы Трасцянец — чацвёрты ў свеце нацысцкі канцэнтрацыйны лагер па колькасці ахвяр. Аднак гэта месца не толькі фашысцкіх зверстваў. Даследчык савецкіх рэпрэсій 1920 — 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў адзін з першых стаў пісаць пра тое, што ў Трасцянцы адбываліся савецкія расстрэлы, і праводзіліся яны менавіта ва ўрочышчы Благаўшчына. Афіцыйная лічба закатаваных тут нацыстамі — 150 тысяч чалавек, але многія даследчыкі, абапіраючыся на архіўныя звесткі і сістэму падліку целаў з 34-х рвоў-магіл, прытрымліваюцца лічбы 70 — 80 тысяч. Па падліках Ігара Кузняцова яшчэ да вайны органы НКУС расстралялі тут да 15 тысяч чалавек. У 1956 годзе на месцы гэтых расстрэлаў пачаў функцыянаваць сметнік.

— Мая галоўная версія, чаму звалка была насыпана на гэтай тэрыторыі, — таму, што туды вядзе след так званага беларускага катынскага спісу. Гэта былі ваеннапалонныя, на злачынствы супраць якіх не распаўсюджваецца тэрмін даўнасці, таму месца іх знішчэння трэба было замаскіраваць асаблівым чынам, — тлумачыць Ігар Кузняцоў.

Апроч таго ў Благаўшчыне ў ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 года канваіры расстралялі каля 2 500 — 3 000 арыштантаў мінскіх турмаў. Да 75-х угодкаў трагедыі, 24 чэрвеня 2016 года, актывісты ініцыятывы «За ратаванне мемарыяла «Курапаты» ўсталявалі ў Благаўшчыне крыж, які прастаяў два гады і знік, па злой іроніі лёсу, прыкладна ў гэтыя ж даты.


Ігар Кузняцоў звяртае ўвагу на тое, што ў 1960-я гады мемарыялізацыя Трасцянца пачалася з зусім іншага боку, у чатырох кіламетрах ад урочышча Благаўшчына — асноўнага месца расстрэлаў.

— Мемарыяльны знак адмыслова паставілі там, каб не прыцягваць увагу да ўрочышча. І гэта сітуацыя працягваецца да сённяшняга дня: два гады таму першая чарга трасцянецкага мемарыялу была адкрыта зноў не ў Благаўшчыне, — перакананы гісторык.


Фінансаванне маючага адкрыцца мемарыяла ў Благаўшчыне ўзяў на сябе нямецкі бок, па словах Ігара Кузняцова, на гэта выдаткавалі 10 мільёнаў еўра.

— Гэта помнік не ўсім ахвярам нацызму, а толькі яўрэям, дэпартаваным з Заходняй Еўропы. Але ў Благаўшчыне большасць расстраляных — беларускія яўрэі, таму мемарыял атрымаўся аднабаковым. Гэта прыніжэнне памяці нашых суайчыннікаў — незалежна ад таго, кім яны былі, гэта былі нашы людзі, і памяць пра іх павінна быць. Прыборка крыжоў — гэта варварства на дзяржаўным узроўні, — гаворыць Ігар Кузняцоў.


Здзек з ахвяр двух рэжымаў

У 2013 годзе сябры руха салідарнасці «Разам» усталявалі ля падножжа ўжо закрытага сметніка крыж у памяць пра ахвяр камуністычных і нацысцкіх рэпрэсій.

— Я вельмі абураны тым, што крыжы знесены. Я лічу, што гэта акт вандалізму, здзек з ахвяр як нацысцкага рэжыму, асуджанага Нюрнбергам, так і камуністычнай сістэмы, — каментуе сітуацыю сябра Сойму руха салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Трасцянецкі лес вядомы яшчэ адной трагедыяй — 24 снежня 1942 года фашысты забілі тут аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і кіраўніка беларускага нацыянальнага супраціву нацызму ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.

Разьбяны крыж у памяць пра святара быў асвенчаны ў Благаўшчыне ў снежні 2010 года. Гісторыя ўсталявання гэтага крыжа была няпростай. Ён мусіў паўстаць яшчэ ў 2006 годзе, і грамадскасць вельмі спадзявалася, што гэту справу возьме на сябе Каталіцкі Касцёл. Аднак падчас запланаванага ўсталявання крыжа яго разам са святаром проста не пусцілі ў Благаўшчыну, а людзей, якія меліся ўдзельнічаць у імпрэзе, затрымалі. Праз два гады грамадскія актывісты здолелі самастойна ўсталяваць крыж на тым самым месцы, дзе загінуў айцец Гадлеўскі. Яго аўтар — вядомы беларускі мастак Алесь Цыркуноў, ідэя належала і была рэалізаваная рухам салідарнасці «Разам» і кіраўніком клуба беларускай інтэлігенцыі «Спадчына» Анатолем Белым.  


— Да гэтага часу спецслужбы працуюць супраць памяці гэтага выбітнейшага беларуса, які прыняў пакутніцкую смерць ад рук нацызму, — упэўнены Вячаслаў Сіўчык. — Я лічу, што абсалютна недапушчальныя тыя акты вандалізму, якія здзяйсняе цяперашні рэжым. Гэта не толькі знос крыжоў у Трасцянцы, але і адкрыццё рэстарацыі на костках у Курапатах.

Нязручныя пытанні

Усталяваныя грамадствам крыжы былі напамінам пра тое, што ў Благаўшчыне мелі месца не толькі нацысцкія злачынствы. Суразмоўцы «Новага часу» звязваюць знікненне крыжоў з прыездам на афіцыйнае адкрыццё мемарыяла, якое адбудзецца 29 чэрвеня, кіраўнікоў прэзідэнцкіх дэлегацый чатырох краін. Мемарыял у Благаўшчыне — другая чарга ўшанавання ахвяр лагера смерці Трасцянец пасля «Брамы Памяці» на вуліцы Сяліцкага. Умоўна ён будзе падзелены на дзве часткі: шлях, па якім людзі ішлі да месца расстрэлу, не ведаючы або здагадваючыся, што іх чакае, і непасрэдна месца знішчэння. Першую частку праекта стварала «Творчая майстэрня архітэктара Левіна Л.М.», другую — «Мінскпраект». Відавочна, убачыўшы драўляныя крыжы, удзельнікі ўрачыстасці сталі б задаваць пытанні: чаму крыжы стаяць у гэтым месцы, каму яны прысвечаны і як увогуле хрысціянскі сімвал апынуўся на месцы яўрэйскай трагедыі? Адказы на гэтыя пытанні беларуская ўлада хавае ад самой сябе, што ўжо казаць пра міжнародную супольнасць…


Прыклад мемарыялізацыі Благаўшчыны мімаволі выклікае паралелі з Курапатамі. Калі дзяржаве муляе вочы народны помнік і яна цішком аддае загад яго знішчыць, ці бяспечна даручаць ёй мемарыялізацыю самага вялікага месца знішчэння беларускага народа?..



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Люстэрка
  • 2018-06-25 23:27:46
Дзякуй, што паднялі гэтую тэму. Савецкая ўлада насыпала звалку на касцях забітых НКВД, а сённяшняя ўлада зносіць крыжы і хавае праўду пра генацыд беларусаў у СССР. Значыць сённяшняя ўлада падтрымлівае тых, хто забіваў беларускі народ. Вельмі красамоўна. Па справах пазнаеце іх.
  • Люстэрка
  • 2018-06-25 23:27:51
Дзякуй, што паднялі гэтую тэму. Савецкая ўлада насыпала звалку на касцях забітых НКВД, а сённяшняя ўлада зносіць крыжы і хавае праўду пра генацыд беларусаў у СССР. Значыць сённяшняя ўлада падтрымлівае тых, хто забіваў беларускі народ. Вельмі красамоўна. Па справах пазнаеце іх.