Камуністы прапануюць пераплавіць «мінскага гарадавога»

Члены Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» накіравалі зварот у МУС і Мінгарвыканкам з прапановай пераплавіць статую «Мінскі гарадавы» ў помнік супрацоўніку рабочай міліцыі. Яны таксама заклікалі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не прыпадабняцца царскім «дзяржымордам».

У звароце, апублікаваным на сайце spravmir.org, адзначаецца, што з моманту ўсталявання 2 сакавіка 2017 года на вуліцы Гарадскі Вал у Мінску скульптурнай кампазіцыі «Мінскі гарадавы» з ёй адбылося некалькі інцыдэнтаў, якія пацягнулі адкрыта неадпаведныя і нават абсурдныя санкцыі ў дачыненні да датычных да гэтых інцыдэнтаў грамадзян.

Камуністы звяртаюць увагу, што «сама ўстаноўка падобнай кампазіцыі абсурдная, паколькі супярэчыць ходу і сутнасці тых бурных гістарычных падзей, у якіх нараджалася і мацнела беларуская міліцыя. Афіцыйна Дзень міліцыі, які з'яўляецца прафесійным святам супрацоўнікаў МУС, адзначаецца ў нашай краіне 4-га сакавіка і, зразумела, гэтая дата не выпадковая: уся яго гісторыя напрамую звязана з імем выдатнага рэвалюцыянера Міхаіла Фрунзе, які, узначаліўшы ў 1917 годзе мінскую міліцыю, менавіта 4 сакавіка кіраваў захопам дружынамі рабочых і салдат будынка гарадской паліцыі і раззбраеннем паліцыянтаў — тых самых гарадавых».

Таму бюро Мінскага гарадскога камітэта Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» прапануе Міністэрству ўнутраных спраў і Мінгарвыканкаму выправіць гэта непаразуменне шляхам пераплаўлення кампазіцыі «Мінскі гарадавы» і ўстаноўкі на гэтым месцы помніка супрацоўніку рабочай міліцыі. Саміх жа супрацоўнікаў органаў унутраных спраў камуністы заклікалі не прыпадабняцца царскім «дзяржымордам», асноўная задача якіх была — забараняць і не пускаць.

Нагадаем, што на Petitions.by распачаты збор подпісаў за знос статуі «Мінскі гарадавы». У петыцыі прапануецца прыбраць скульптуру, якая «правакуе жыхароў і супрацоўнікаў міліцыі на неадэкватныя дзеянні». Сама скульптура названая «маламастацкім творам».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: