Камунізм у сучаснай Беларусі: ці магчыма вылечыцца?

Камуністычныя ідэі існуюць толькі ў сістэме. Часам прыхільнікам камунізму падаецца, што можна рэалізаваць адны палажэнні, потым іншыя. У гісторыі СССР–БССР такія спробы рабіліся неаднойчы.

Яшчэ жывыя людзі, якія памятаюць лозунгі пра неабходнасць стварэння спачатку матэрыяльнай базы камунізму, задавальнення асобных патрэбаў насельніцтва (да пачатку 1990 года, напрыклад, любая савецкая сям’я павінна была мець асобную кватэру), развіццё і задавальненне духоўных патрэбаў, развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу. Усе гэтыя пачынанні заканчваліся дрэнна.


Чытайце таксама:

Камунізм у сучаснай Беларусі



Вытворчасць

Скіраванасць на развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу, што распачалася ў сярэдзіне 1980-х гадоў, адразу паставіла пытанне пра адпаведны высокі тэхнічны ўзровень працоўных. Высветлілася, аднак, што на вытворчасці шырока распаўсюджана звычайнае п’янства працаўнікоў. Барацьба з п’янствам, з аднаго боку, прывяла да знішчэння вінаграднікаў, а з іншага — стала зразумела, што без «алкагольных грошай» у бюджэце проста нельга абысціся.

Сёння ўзровень ужывання алкаголю на душу насельніцтва яшчэ больш высокі, чым у пачатку барацьбы з п’янствам. На кожнага жыхара нашай краіны, старэйшага за 15 гадоў, у 2010 годзе прыпадала па 17,5 літра чыстага алкаголю (зараз 11,2 літра). На той момант мы былі самай пітушчай нацыяй у свеце. Па дадзеных СААЗ, спажыванне чалавекам больш за 8 літраў нясе пагрозу не толькі яго здароўю, але і вядзе да дэградацыі грамадства, зніжэння працоўнай прадуктыўнасці і ўплывае на наступныя пакаленні.

Тыя ці іншыя адметныя рысы камунізму ў Беларусі больш ці менш распаўсюджаныя, папулярныя, праяўляюцца ў залежнасці ад наступных фактараў:

— геаграфічнага вызначэння беларускіх рэгіёнаў (Захад, Усход, бліжэй да Расіі, Польшчы і інш.), своеасаблівасцяў іх эканамічнага і гістарычнага развіцця;

— горад ці вёска, абласны ці раённы цэнтр, Мінск (74,5% насельніцтва Беларусі жыве ў гарадах, 25,5% — у вёсках);

— узроўню ўспрыняцця: асоба, мабільныя групы (суседзі, чарга, сябры), пастаянныя групы — калектывы арганізацый, дзяржаўных установаў, бізнесовых структураў), элітныя групы, кіраўнікі краіны;

— узроставага стану: моладзь, працуючыя, пенсіянеры. Моладзь складае 21,6% насельніцтва (25,6% — у горадзе, 15,8% — у вёсцы). На тысячу працаздольных чалавек прыпадае 258 дзяцей і 366 пенсіянераў.

Людзі, якія па ўзросце, па стане здароўя ці сямейнага стану залежныя ад дзяржаўнай дапамогі, больш заражаныя камунізмам. Гэта праяўляецца, перш за ўсё, у адносінах да самой сістэмы — беларусы ад самага пачатку савецкай улады лічылі (і лічаць да сёння), што ім абавязаныя дапамагаць за іх лаяльнасць да ўлады.

Галоўным для аналізу заражэння камунізмам з’яўляецца ўзровень яго ўспрыняцця. На асобнага чалавека ўздзейнічаюць шмат розных фактараў — гэта і думкі бацькоў, і мужа-жонкі, і суседзяў, і кіраўнікоў.

Сёння светапогляд людзей фармуецца больш пад уплывам электронных сродкаў масавай інфармацыі. Беларускае тэлебачанне ў цэлым імкнецца адысці ад адкрытай прапаганды ідэй камунізму. Але яно захоўвае савецкія формы і спосабы атрымання інфармацыі, яе падачы гледачам. Асабліва камуністычным па форме з’яўляецца навінавы блок, які, як і ў савецкія часы, паказвае найперш, што сказалі па тым ці іншым пытанні кіраўнік краіны і яго атачэнне, як усё гэта падтрымліваюць і выконваюць. Прагледзеўшы амаль месяц розныя праграмы, даступныя для шырокага кола беларусаў, магу засведчыць — нават расійскія каналы адмовіліся ад адкрытай прапаганды камунізму. І калі на шматлікія беларускія палітычныя шоў і запрашаюць асобных прыхільнікаў камунізму, выглядаюць яны на агульным фоне зусім не станоўча. І, тым болей, — непераканаўча.


Эліта ёсць?

Для Беларусі, як для развіцця камунізму, так і антыкамунізму, найбольшае значэнне мае ўспрыняцце і адносіны да камунізму з боку кіраўнікоў — дзяржавы, абласцей, раёнаў, ведамстваў, прадпрыемстваў. У дзяржкіраванні, паводле афіцыйных дадзеных, занятыя 185,1 тысячы чалавек. Як і ў савецкія часы, усе кіраўнікі публічна выказваюць меркаванні, якія не адрозніваюцца і, тым болей, не пярэчаць выказванням кіраўніка краіны. Разам з тым, калі ўважліва прааналізаваць выказванні кіраўніка, можна заўважыць, што калі ён у сваёй прамове прытрымліваецца падрыхтаванага тэксту, камуністычныя ідэі прысутнічаюць у яго выказваннях зусім нязначна і незаўважна. Іншая сітуацыя, калі наш правадыр пачынае разважаць наконт нейкага пытання, дае ацэнку. Інфармацыя і самі паводзіны вышэйшай беларускай дзяржаўнай асобы мала адрозніваюцца ад паводзін кіраўнікоў КПСС так званага «часу перабудовы».

У персаніфікаваным грамадстве значную ролю ў развіцці любых ідэй маюць папулярныя (выбітныя) асобы. У савецкія часы камуністычнае партыйнае кіраўніцтва БССР надавала шмат увагі, як тады казалі, ідэалагічнаму ўзроўню папулярных людзей, яно кантралявала гэты ўзровень, адсочвала публічныя і (з дапамогай спецслужбаў)непублічныя іх выказванні, ажыццяўляла жорсткую цэнзуру іх дзейнасці. Калі ідэалагічны ўзровень папулярнай асобы не быў на патрэбным узроўні, папулярнасць скасоўвалася, сам чалавек рэпрэсаваўся, нягледзячы на талент і «народную любоў».

Прыхільнасць улады да асобы засведчвалася ў БССР праз наданне ганаровых званняў. У сучаснай Беларусі гэтая схема захавалася і нават атрымала развіццё. Сёння ў Беларусі існуюць ганаровыя званні «народных»: паэтаў, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў, лекараў, настаўнікаў. І «заслужаных»: артыстаў, вынаходнікаў, рацыяналізатараў, настаўнікаў, лекараў, лесаводаў, будаўнікоў, архітэктараў, сувязістаў, геолагаў, эканамістаў, юрыстаў, энергетыкаў, металургаў, шахцёраў, — усіх не пералічыш. Але калі ў часы БССР (з 1956 года) званне «народных» атрымалі 6 паэтаў (у тым ліку Янка Купала і Якуб Колас), то ў часы незалежнай Беларусі — толькі Ніл Гілевіч (1991 год) і Рыгор Барадулін (1992 год). Народных пісьменнікаў у БССР было сем (у тым ліку і Васіль Быкаў), у незалежнай Беларусі — толькі Іван Чыгрынаў (1994 год) і Іван Навуменка (1995 год). Заўважу, што з 1994 года званне «народных» прысвойваецца менавіта кіраўніком дзяржавы.

Неабходны зараз ідэалагічны ўзровень папулярнай асобы вызначаецца крыху інакш, чым у савецкія часы. Сёння, каб стаць ці заставацца папулярным, неабходна публічна выказвацца ў падтрымку словаў і дзеянняў кіраўніка. Тыя, хто гэтага не робіць, пазбаўляюцца магчымасцяў атрымліваць папулярнасць праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, падвяргаюцца сапраўднаму астракізму — як і ў часы старажытнай Грэцыі. Некаторыя з іх вымушаныя з’язджаць з Беларусі. Яскравы прыклад вынікаў такой палітыкі — лёс і адносіны да творчасці вядомага яшчэ ў савецкія часы беларускага паэта Уладзіміра Някляева.


Трэба адзначыць, што бальшавіцкая сістэма была больш паспяховай у заахвочванні да супрацоўніцтва таленавітых і папулярных людзей. Савецкія матэрыяльныя ільготы, якія мелі пісьменнікі, мастакі, артысты, былі больш шырокімі і прывабнымі, чым зараз. Складаецца ўражанне, што сучасная беларуская ўлада не вельмі верыць папулярным публічным асобам, не зацікаўленая ў стварэнні культу ніякіх іншых асоб, акрамя яе кіраўніка.

Для разумення сітуацыі з распаўсюджваннем камунізму ў Беларусі вельмі важным з’яўляецца аналіз стану беларускіх эліт-груп, якія па вызначэнні павінны валодаць рэальнай уладай або ўплывам на прыняцце рашэнняў у тых ці іншых вызначаных структурах грамадства і дзяржавы. Мне падаецца важным разглядаць узровень «паразы камунізмам» у элітаў:

  • рабочых (прафсаюзныя лідары, так званыя «перадавікі вытворчасці» і іншыя);
  • сялянаў (кіраўнікі фермерскіх гаспадарак, кіраўнікі прадпрыемстваў);
  • інжынерна-тэхнічных работнікаў (вядучыя работнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў і фірмаў);
  • навукоўцаў (кіраўнікі навуковых устаноў, кандыдаты і дактары навук, акадэмікі);
  • творчых асобаў (кіраўнікі творчых саюзаў, вядомыя і папулярныя пісьменнікі, мастакі, выканаўцы);
  • бізнесоўцаў (кіраўнікі і ўладальнікі буйных і вядомых прадпрыемстваў і фірмаў);
  • працаўнікоў дзяржкіравання (да іх эліты можна аднесці кіраўнікоў і намеснікаў міністэрстваў і ведамстваў, іх абласных і раённых аддзяленняў, кіраўнікоў выканаўчых камітэтаў рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў);
  • ваенных, міліцыі і спецслужбаў (кіраўнікі рэспубліканскага, абласнога, раённага ўзроўняў, Мінска);
  • грамадскіх арганізацый (кіраўнікі як праўладных, так і апазіцыйных арганізацый, зарэгістраваных дзяржавай і незарэгістраваных).

Маецца шмат агульных рысаў паміж савецкімі камуністычнымі вышэй названымі элітамі і іх сучасным вобразам. Гэтыя рысы наступныя:

  • персанальная залежнасць складу элітаў ад кіраўніка дзяржавы;
  • закрытасць інфармацыі пра асабістае жыццё элітаў;
  • закрытасць інфармацыі пра тое, як эліты фарміруюцца і дзейнічаюць;
  • публічная дэманстрацыя прыхільнасці да ідэалогіі і падтрымкі дзеянняў кіраўніка дзяржавы;
  • нежаданне браць на сябе адказнасць за тое, што адбываецца ў дзяржаве;
  • наяўнасць сувязяў і кантактаў па-за межамі і незалежна ад службовых абавязкаў паміж асобамі, якія ўваходзяць у элітную групу, толькі з так званымі «сваімі людзьмі» (людзі з аднаго роду, адной мясцовасці, адных інтарэсаў).

Падабенства рысаў сучасных беларускіх элітаў з камуністычнымі ўжо надае ім мала аўтарытэта ў грамадстве. Некаторыя людзі нават адмаўляюцца называць іх элітай.


Камунізм элітаў

Узровень інфекцыяванасці камунізмам у элітаў розны. Я вызначала яго, аналізуючы выказванні прадстаўнікоў гэтых элітаў у прэсе — у агульнарэспубліканскіх і ведамасных папяровых і інтэрнэт-выданнях. Трэба зазначыць, аднак, што публічныя выказванні адказных асобаў, як і ў савецкія часы, могуць значна адрознівацца ад іх асабістай думкі, якая выказваецца ў абмежаваным коле людзей (а можа быць, не выказваецца ўвогуле). Існаванне ў элітаў (і наогул, у большасці публічных беларусаў) процілеглых думак для публічнага і асабістага карыстання — таксама камуністычная спадчына.

Каб правесці дакладны аналіз такіх выказванняў, патрабуецца шмат часу. Таму я абмежавалася разглядам, на мой погляд, найбольш уплывовых у палітычным плане групаў (так званы «сілавы блок») — ваенных, міліцыі і спецслужбаў. У савецкія часы менавіта гэтыя групы вызначалі асноўныя напрамкі і спосабы развіцця дзяржавы і грамадства. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што і сёння гэта самыя ўплывовыя групы. Менавіта яны валодаюць як сродкамі дзяржаўнага прымусу, так і ўсёй паўнатой інфармацыі пра дзяржаўнае, грамадскае і асабістае жыццё, атрыманай у тым ліку з дапамогай аператыўна-пошукавых дзеянняў.

На 1 студзеня 2018 года колькасць занятых у беларускай арміі складала амаль 65 тысяч чалавек, з якіх вайскоўцаў — крыху больш за 46 тысяч. Уладзімір Навумаў, міністр унутраных спраў па 6 красавіка 2009 года, казаў пра 77 тысяч супрацоўнікаў у міліцыі, з якіх 11 тысяч — вайскоўцы ўнутраных войскаў, і да гэтага — 12 тысяч рабочых і служачых аб’яднання аховы. Некаторыя эксперты спасылаюцца на дадзеныя ААН 2013 года, згодна з якімі ў Беларусі на 100 тысяч чалавек прыпадае 1442 міліцыянты. Калі ў Беларусі 9,5 мільёна насельніцтва, то міліцыянтаў — 136 990 чалавек.

Гаворачы ў Фэйсбуку пра веру ў камунізм, пісьменнік Леанід Дайнека заўважае: «Хаця мушу зазначыць, што паміж нашых кіруючых элітаў на постсавецкай прасторы такая вера, вядома ж, падагнаная пад новыя рэаліі, існуе».

Найлепшай ілюстрацыяй гэтага меркавання з’яўляецца прысутнасць міністра ўнутраных спраў Беларусі на парадзе ў форме супрацоўніка НКУС. Не меншае абурэнне грамадскасці выклікала ахова так званай «паркавай скульптуры» — «помніка гарадавому», зладжаная міліцыянтамі. Разам з тым, ведамасная газета МУС «На страже», падпіска на якую абавязковая для ўсіх супрацоўнікаў міліцыі, значна адрозніваецца ад свайго папярэдніка «На страже Октября». За 1939 год у газеце «амаль чвэрць матэрыялаў тычылася партыйнай (43) і камсамольскай (36) працы, а таксама вывучэння гісторыі партыі (18). Прыкладна столькі ж публікацый закраналі пытанні сацыялістычнага спаборніцтва і працы выдатнікаў (98)». Зараз газета прысвечаная ў большасці інфармацыі пра справы і праблемы ведамства. За красавік бягучага года прапаганды камунізму ў газеце я не знайшла.

Але падабенства з аналагічнай структурай савецкага часу застаецца. Як і ў камуністычныя часы, у дачыненні да палітычных апанентаў у супрацоўнікаў МУС маецца фактычная свабода дзеянняў, вызваленне ад адказнасці за любыя парушэнні правоў палітычных актывістаў. Шараговыя супрацоўнікі міліцыі фактычна вымушаныя лжэсведчыць падчас судовых разглядаў у дачыненні да палітычных і грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў незалежных СМІ. Як і ў савецкія часы, гэта падрывае давер да праваахоўнай сістэмы.

У красавіку гэтага года прайшла дыскусія: «Наступныя выбары як інструмент змяненняў у сферы бяспекі Беларусі. Праваахоўная сістэма», арганізаваная Belarus Security Blog. У дыскусіі было вызначана: «Акрамя таго, шараговыя міліцыянты па факце абсалютна бяспраўныя перад тварам кіраўніцтва, няма эфектыўнай сістэмы абароны правоў падначаленага перад свавольствам кіраўніка. У сістэме МУС дзейнічае прынцып, пры якім кіраўнік мае рацыю заўсёды, што б ён ні рабіў». Менавіта пра такія адносіны сведчылі і супрацоўнікі НКУС у савецкія часы.

Не лепшая, хоць і іншая, сітуацыя сярод вайскоўцаў. Праглядзеўшы падшыўку «Белорусской Военной газеты “Во славу Родины”», я звярнула ўвагу на артыкулы, аўтарам якіх з’яўляецца начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны, палкоўнік Уладзімір Макараў.

Журналіст Павел Ярашэнка наступным чынам характарызуе дзейнасць кіраўніка інфармацыйнай службы ідэалагічнага ўпраўлення беларускай арміі: «Артыкулы Уладзіміра Макарава заўсёды выклікаюць жывую цікавасць чытацкай аўдыторыі. Іх чакаюць і зачытваюць да дзірак. Кажу гэта не па чутках, на досведзе зносін з многімі былымі і цяперашнімі ваеннымі, для якіх гэтая газета — незаменная крыніца ведаў наогул, а ваенных і гістарычных — асабліва. У гэтым плане паказальная публікацыя ў нумары «БВГ» за 25 лютага 2015 года: «Вайна, рэвалюцыя і сучаснасць», прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі і 100-годдзю Першай сусветнай вайны. Не ўдаючыся ў падрабязнасці гэтага найцікавага, хоць і вельмі вялікага артыкула Уладзіміра Макарава (некалькі газетных старонак), адзначу: чытаецца яна, як той казаў, на адным дыханні. І кожны яе аргумент пераканаўчы. Магчыма, да яе ўдасканалення прыклаў руку і творчы калектыў агенцтва «Ваяр», але ў сваёй аснове гэта — вынік ладу жыцця аўтара. Як па-майстэрску Уладзімір Мацвеевіч Макараў раскладвае на лапаткі тых «гісторыкаў», якія спрабуюць паставіць на адну дошку абедзве вельмі жорсткія сутычкі, вытрыманыя нашым народам з імперыялізмам у першай палове мінулага стагоддзя!.. Уражвае і яго выснова пра тое, што для сучаснага часу «няма нічога больш гідкага і агіднага, чым слабая і бязвольная ўлада»... Выклікае сімпатыю таксама тэзіс Уладзіміра Макарава аб стварэнні магутнай Саюзнай дзяржавы як пра прарыў у новае тысячагоддзе».

Каментаваць гэты тэкст, мне падаецца, няма патрэбы. Зазначу толькі, што палкоўнік Макараў працуе ва ўпраўленні болей за дзесяцігоддзе.

Падобныя артыкулы вядуць да страты даверу да ведамства з боку грамадскасці. Пасля таго, як стала вядома аб абуральных фактах парушэння законнасці ў армейскім асяроддзі, ваеннаму ведамству былі перададзеныя грамадскія прапановы па выпраўленні сітуацыі. Але, як і ў савецкія часы, ведамства іх адхіліла, назваўшы «непрафесійнымі».


Адысці ад Саветаў

Усе беларускія сілавыя ведамствы адзначылі свае 100-годдзі. 20 снежня 2017 года адзначаў юбілей і беларускі КДБ. За дату свайго стварэння беларускія спецслужбы лічаць дзень стварэння Надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам — найбольш адыёзнай структуры савецкага часу. Старшыня КДБ Валерый Вакульчык з нагоды юбілею даў інтэрв’ю газеце «Советская Белоруссия». Вакульчык, характарызуючы дзейнасць ведамства, зазначыў: «Сёння ў нас створаныя свае, нацыянальныя школы выведкі і контрвыведкі, забеспячэння эканамічнай бяспекі і барацьбы з карупцыяй, прычым з ужываннем метадаў спецслужбы... У нас з’явілася свая школа ўрадавай сувязі. І час паказаў эфектыўнасць працы практычна па ўсіх напрамках».

Пасля 2010 года кіраўнікі ведамства публічна старанна падкрэсліваюць непалітычны характар ведамства, ягоную незаангажаванасць іншымі структурамі ўлады. Як зазначае эксперт Андрэй Паротнікаў, «спецслужба ўгледжвае свае карані значна раней утварэння СССР: пачынаючы з ХІ стагоддзя і далей у эпоху існавання Вялікага Княства Літоўскага. КДБ імкнецца абвергнуць абвінавачванні ў недастатковай патрыятычнасці з-за залішне цесных сувязей з расійскімі спецслужбамі».

Для Беларусі ідэі камунізму жорстка звязаныя з адносінамі, як вучылі ў савецкія часы, да «старэйшага брата» — Расійскай дзяржавы. Людзі, якія сёння з’яўляюцца камуністамі па перакананнях, абавязкова выступаюць за вяртанне да СССР. Расце (паводле маіх назіранняў) і колькасць беларускіх грамадзян, якія захапляюцца больш расійскім прэзідэнтам, чым сваім кіраўніком, жадаюць бачыць Пуціна правадыром Беларусі. Цікава, што прыхільнікі Пуціна маюць надзею атрымаць разам з ім толькі высокія пенсіі і заробкі. Бачыць у Беларусі «зялёных чалавечкаў» і расійскую адміністрацыю ніхто з апытаных мною не жадае. Нават магчымае атрыманне расійскіх пашпартоў, абяцанае расійскім прэзідэнтам, большасцю людзей разглядаецца як пашырэнне магчымасці добрых заробкаў, а не як адмова ад Беларусі. Ні пра ніякі камунізм і яго вяртанне тут няма нават гаворкі: згодна апошняму перапісу, 83,7% насельніцтва Беларусі лічаць сябе беларусамі, 53,2% лічаць беларускую мову роднай.


Савецкі і расійскі палітычны дзеяч Якаўлеў ва ўводзінах да рускага выдання «Чорнай кнігі камунізму» напісаў: «У камуністычнай схеме рускія бальшавікі ўбачылі спекуляцыйную магчымасць мабілізацыі згалелых і бяспраўных мас Расіі на звяржэнне старога рэжыму на аснове помсты і нянавісці. Прывабная мара перарадзілася ў выродлівую практыку, якую я называю бальшавізмам. Ён інтэрнацыянальны, але ў кожнай краіне набыў свае асаблівасці. Нацызм у Германіі, фашызм у Італіі, франкізм у Іспаніі, мааізм у Кітаі і гэтак далей». Болей за 95 мільёнаў ахвяр камунізму ва ўсім свеце ў XX стагоддзі — вялікая плата за спробы яго ажыццяўлення.

Заражэнне Беларусі камунізмам — тэма складаная і яшчэ дасканала не даследаваная. Маю надзею, што прапанаваная ў артыкулах схема дапаможа будучым даследчыкам не толькі вызначыць маштабы захворвання, але і знайсці ад яго надзейныя лекі.






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!