Канцэрт у Дзень роднай мовы ў Слуцку — не «па плане»?

У Слуцку амаль на кожнае свята ў дамах культуры адбываюцца бясплатныя канцэрты мастацкай самадзейнасці альбо выступы запрошаных артыстаў. Выключэннем чамусьці стаў Дзень роднай мовы.

Канцэрты ладзіліся на Дзень горада, на дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 23 лютага, 8 сакавіка... Старшыня Слуцкага ТБМ Зінаіда Цімошак паспрабавала дадаць у гэты шэраг і Дзень роднай мовы. Аднак у адказе за подпісам намесніка старшыні райвыканкама па ідэалогіі Чарнушэвіч Н. В. гаворыцца, што «арганізаваць 21 лютага 2020 года ў дзяржаўнай установе культуры бясплатны канцэрт беларускіх выканаўцаў не прадстаўляецца магчымым па прычыне арганізацыі ў гэты дзень мерапрыемстваў у адпаведнасці з планам».


— Атрымліваецца, што райвыканкам з лёгкасцю плануе бясплатныя канцэрты, прысвечаныя ўстарэлым савецкім святам, але не знаходзіць у сваіх планах месца для канцэрта, прысвечанага Дню дзяржаўнай роднай мовы, — распавядае старшыня Слуцкага ТБМ. — І гэтая няроўнасць засмучае многіх случчан, якія шануюць гэты дзень.

З адказу таксама вынікае, што кіраўніцтва гэты дзень не абышло ўвагай, і ва ўстановах адукацыі і культуры будуць праводзіцца розныя беларускамоўныя мерапрыемствы. Пра прапанову старшыні ТБМ аб арганізацыі беларускай дыктоўкі ва ўстановах культуры і іншых арганізацыях па прыкладу Брэсцкай вобласці намеснік старшыні райвыканкама ў адказе на зварот нават не ўспомніла.

— Прыйдзецца прадоўжыць перапіску, каб у райвыканкаме не забывалі пра беларускую мову і ўключалі больш сур’ёзныя мерапрыемствы па папулярызацыі роднай мовы ў планы работы дамоў культуры, — робіць невясёлую выснову неабыякавая грамадзянка. Па словах Зінаіды Цімошак, «розныя беларускамоўныя мерапрыемствы», пра якія ўзгадала намеснік старшыні райвыканкама, звычайна не ахопліваюць вялікай аўдыторыі. А словы пра асобныя беларускамоўныя мерапрыемствы ў дзіцячых садах у гэты дзень зусім дзіўныя, паколькі ён адзіны, калі ў дзіцячых садках хоць крыху гучыць беларуская мова.

Беларускай дыктоўка і канцэрт мастацкай самадзейнасці ў Слуцку 21 лютага 2020 года ўсё-ткі адбыліся. Праўда, у невялікім памяшканні. Сябры ТБМ і іншыя случакі, аматары роднай мовы, пісалі дыктоўку, казалі шчырыя і ўрачыстыя словы ў гонар беларускай мовы, спявалі пад гітару, глядзелі беларускамоўныя гумарыстычныя інсцэніроўкі. Іх тэмамі на гэты раз былі: жыццё пенсіянера на тры літары «Д» («дажываю, даядаю і даношваю»), школьныя праблемы, клопаты пра сельскіх жыхароў з боку сельвыканкама напярэдадні выбараў, сустрэча кіроўцы аўтамабіля без дакументаў з даішнікам і іншыя.


Адзін з удзельнікаў свята прызнаўся, што размаўляе звычайна на расійскай мове. На вуліцы Сацыялістычнай, дзе ён жыве, шмат сямей ваенных рускамоўных пенсіянераў.

— На нашай вуліцы рэдка пачуеш беларускае слова, таму было прыемна паўдзельнічаць у свяце роднай мовы, паслухаць беларускія словы ад удзельнікаў гуртка «Размаўляем па-беларуску», — гаворыць 70-гадовы мужчына. — Спадабаліся цікавыя смешныя інсцэніроўкі на жыццёвую тэматыку, сумесныя песні выступоўцаў з гледачамі. Зразумела, што як бы не спрабавалі розныя гурткі папулярызаваць родную мову, гэта магчыма будзе толькі тады, калі справай папулярызацыі зоймуцца дзяржаўныя органы ўлады. Шкада, што многія сталыя людзі могуць гэтага не ўбачыць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: