Кандрусевіч пераабраны старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пераабраны старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ). Выбары кіраўніцтва гэтага калегіяльнага органа нацыянальнага царкоўна-адміністрацыйнага кіравання Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі адбыліся 11 красавіка ў Гародні падчас 69 га пленарнага пасяджэння ККББ, паведамляе сайт Гродзенскай дыяцэзіі.
Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Кандрусевіч упершыню быў абраны 3 чэрвеня 2015 года.

У двухдзённым пасяджэнні канферэнцыі ўдзельнічаюць усе каталіцкія біскупы Беларусі, апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр і апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

Віцэ-старшынёй ККББ абраны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, які змяніў на гэтай пазіцыі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. Генеральным сакратаром канферэнцыі застаўся дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзэф Станеўскі. Кіраўніцтва ККББ абрана на бліжэйшыя тры гады.

Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!