Кандыдатку абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай варажнечы падчас «Ланцугу памяці» каля КДБ

Акруговая выбарчая камісія менскай Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі № 99 вынесла папярэджанне кандыдатцы ў дэпутаты Алене Талстой за «Ланцуг памяці» каля будынку КДБ 29 кастрычніка,  паведамляе «Свабода».



Алена Талстая падчас акцыі «Ланцуг памяці», 29 кастрычніка 2019

Сам факт парушэнняў выбарчага заканадаўства 29 кастрычніка кандыдаткай устанавілі сябры камісіі па іншай акрузе — Купалаўскай № 95, адзначае паведамляе кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Паводле камісіі, пікет каля КДБ, прысвечаны ахвярам НКУС, расстраляным беларускім дзеячам культуры і навукі, не з’яўляўся перадвыбарчай агітацыяй і не пераследаваў мэту заахвоціць выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах.

«Мела месца распаўсюджванне паведамленняў Талстой, якiя выклікаюць нацыянальную варажнечу (“Саюз з Расіяй — заўсёды вайна, галеча, рэпрэсіі супраць беларусаў”, — пазначаецца ў рашэнні.

Камісія вынесла папярэджанне Талстой за тое, што інфармацыйны стэнд, размешчаны ў рамках правядзення пікету, утрымліваў інфармацыю, не звязаную з перадвыбарнай агітацыяй і быў напоўнены інфармацыяй, якая не мае дачынення да выбарчай кампаніі.

Акцыя адбывалася ў чарговую гадавіну «чорнай ночы» 1937 году, калі НКУС беспадстаўна расстраляў больш як сотню беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: