«Караюць медыкаў і не думаюць, што хутка не будзе каму іх саміх лячыць і ратаваць»

58-гадовую Валянціну Алфёраву затрымалі пасля мірнага шэсця 20 верасня. Жанчына — фельчар Бабруйскай гарадской станцыі хуткай дапамогі са стажам працы 37 гадоў. Суддзя Таццяна Тарабуева прызначыла ёй штраф у памеры месячнай зарплаты – 675 беларускіх рублёў.



Пасля затрымання — бальнічны на месяц
Валянціну Алфёраву затрымалі ў раёне ГЦ "Карона" 20 верасня, калі ўдзельнікі мітынгу ўжо разыходзіліся.

"Выскачылі двое, рукі расставілі, схапілі і пацягнулі», – так распавядала пра затрыманне ў судзе сведка з боку Алфёравай Наталля Філімонава.

Жанчыну даставілі ў УУС Бабруйскага гарвыканкама на Мінскую, 130. Там склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП РБ. Фармулёўка стандартная — прыняла актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, не маючы на тое дазволу Бабруйскага гарвыканкама, усяляк імкнулася прыцягнуць да сябе ўвагу. Фельчара збіраліся везці ў ІЧУ да суда. Па ўжо звыклай для нашага УУС практыцы, падверглі асабістаму дагляду, прымусіўшы распрануцца.

На фоне таго, што адбываецца Валянціна адчула сябе дрэнна. Жанчыну адвезлі ў бальніцу, дзе аказалася, што ў яе высокі ціск – 180/100. Затрыманую шпіталізавалі. На бальнічным яна прабыла да 19 кастрычніка. Увесь гэты час, па словах Валянціны, ёй не давалі спакойна лячыцца — тэлефанавалі з міліцыі і суда то на працу, то ёй асабіста, прапаноўвалі даць згоду на разгляд справы ў яе адсутнасці. Жанчына не пагадзілася.

Суд прызначылі, як толькі Валянціне закрылі бальнічны — на 20 кастрычніка. Справу разглядала ў сваім кабінеце суддзя Таццяна Тарабуева.

У самым пачатку слухання Валянціна Алфёрава выказала недавер суду і падала хадайніцтва аб адводзе, паколькі "дадзеная суддзя выносіць палітычна-матываваныя рашэнні". Тарабуева палічыла, што довады Алфёравай надуманыя і прычын для адводу няма. Разгляд справы працягнуўся.

"Паводзіла сябе нахабна і задзірліва, размахвала шарыкам, паказвала кулак"

Фельчар хуткай дапамогі сказала на судзе, што вінаватай сябе не прызнае. Акрамя таго, жанчына паказала на памылкі ў рапарце аб затрыманні.

"Там пра мяне напісана "ён", "нёс на плячах бел-чырвона-белы сцяг". Па-першае, ніякага сцяга ў мяне не было, па-другое, дык хто я — ён, яна, яно? Хто і пра каго гэта ўсё пісаў?» – слушна пыталася Валянціна.

Суддзя патлумачыла, што ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні нічога такога не гаворыцца і не ставіцца жанчыне ў віну. Асоба, якая вядзе адміністрацыйны працэс, старшы ўчастковы інспектар аддзялення міліцыі Першамайскага раёна Андрэй Камар патлумачыў, што ў рапарце былі памылкі, але ў пратакол яны не ўвайшлі.

Таксама Валянціна распавяла, што складанне пратаколу вялося з парушэннямі.

"Мне не патлумачылі мае правы. Калі я на гэта паказала, мне сказалі — адкрывайце Інтэрнэт і чытайце. Што ж, калі ў вас здарыцца апендыцыт, таксама адкрывайце Інтэрнэт, дыягнастуйце і самі сабе рабіце аперацыю", — прывяла прыклад жанчына.

Суддзя адказвала, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі не з'яўляюцца прадметам разгляду, і што на іх Валянціна ўжо даўно магла падаць скаргу, калі лічыла патрэбным.

Сведкам выступаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама, падпалкоўнік Сяргей Рудзько, які не прапускае амаль ні адной справы па арт. 23.34 Каап РБ – або сам вядзе працэс, або праходзіць як сведка.

«Дадзеная грамадзянка неаднаразова ўдзельнічала ў дадзеных мерапрыемствах. Мною яна была неаднаразова папярэджана аб адказнасці. Улічваючы яе ўзрост, мы яе не прыцягвалі, у надзеі, што яна ўсвядоміць і спыніць гэтыя дзеянні. Але яна працягнула хадзіць, размахвала шарыкам, і, як відаць з майго візуальнага назірання, паводзіла сябе нахабна, з выклікам, паказвала розныя жэсты ў відэакамеру, кулак, напрыклад. Ва УУС паводзіла сябе непрыстойным для свайго ўзросту чынам", — казаў на судзе Рудзько.

Пасля прагляду фатаграфій і відэазапісаў шэсця, Таццяна Тарабуева абвясціла рашэнне — штраф у памеры 25 базавых велічынь, або 675 беларускіх рублёў.

"Прыехаўшы на выклік да суддзі або міліцыянта, я б шчыра ратавала іх жыцця"

Валянціна Алфёрава працуе на Бабруйскай гарадской станцыі хуткай дапамогі ўжо 37 гадоў. У 1983 годзе жанчына скончыла Мінскае медыцынскае вучылішча, выйшла замуж, пераехала з мужам у Бабруйск, адразу ж уладкавалася фельчарам у «хуткую дапамогу» і з тых часоў працу не мяняла. Мае 1 катэгорыю.

Пасля суда жанчына падзялілася сваімі думкамі пра рашэнне і пра тое, што адбываецца ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі пасля выбараў прэзідэнта.

"Тое, што цяпер адбываецца, проста шакуе. Што судзяць журналістаў, адбіраюць ліцэнзіі ў адвакатаў, што нам усім проста схлусілі на выбарах. Калі мяне затрымалі, я сядзела ў гэтым аддзяленні міліцыі, глядзела на супрацоўнікаў і думала пра тое, што ў нас адбывалася 9-11 жніўня, пра тое, што тады рабіла міліцыя, і што перажывалі мірныя людзі. Я не магу пра гэта не думаць. І як медык, не магу закрываць вочы на тое, як людзей б'юць, ужываюць да іх такую жорсткасць. Тады, у жніўні, калегі выязджалі на выклік да маладога мужчыны з пераломам сцягна пасля сутычкі з АМАПам на плошчы. Распавядалі, што гэты мужчына пытаўся, за што з ім так. А яму матам адказвалі, каб змоўк, і калі б было за што, наогул забілі б. А суправаджаючы міліцыянт на пытанне лекараў аб тым, што будзе тым, хто да такога стану збіў чалавека, адказваў – нічога. Я слухаю пра гэта ўсё, чытаю, бачу, і мой мозг дагэтуль адмаўляецца гэта ўсё ўспрымаць, гэтую крайнюю жорсткасць. Сілавікі нібы не думаюць, што яны робяць. Яны паводзяць сябе, як рабы, якія прадаліся за гэтыя высокія заробкі, і цяпер робяць усё, што ім скажуць. І яны лічаць, што гэта дастатковае апраўданне, — маўляў, я ўсяго толькі выконваю загад, раблю тое, што скажа «гаспадар».

Мацней за ўсё Валянціну кранае несправядлівасць і гвалт у дачыненні да медыкаў.

"Лекараў нават на вайне не чапаюць, таму што яны ратуюць усіх — і сваіх, і ворагаў, і злачынцаў, і міліцыянтаў. А ў нас не глядзяць ні на што, — кажа жанчына. — Караюць медыкаў і не думаюць, што хутка не будзе каму іх саміх лячыць і ратаваць. Я спрабую ўявіць сабе, што б я адчувала, калі б мне давялося прыехаць на выклік да тых, хто мяне затрымліваў, да Рудзько таго ж, ці суддзі, якая вынесла гэтае рашэнне ў дачыненні да мяне. Напэўна, у душы ў мяне была б бура. Але гэта ніяк не адбілася б ні на маіх паводзінах, ні на маіх словах — я б сумленна ратавала іх жыцці, як і ўсіх іншых людзей у выпадку неабходнасці".



Валянціна збіраецца абскарджваць рашэнне суда. Сума штрафу — 675 беларускіх рублёў — для жанчыны вельмі адчувальная. Па яе словах, гэта месячны заробак фельчара хуткай дапамогі.

На працы Валянціну падтрымліваюць і спачуваюць яе сітуацыі і ўсім беларусам, якія пацярпелі ад самавольства ўладаў.

Пасля суда на развітанне падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько звярнуўся да Валянціна Алфёравай:

"У нас на вас яшчэ шмат матэрыялаў. Мацуйцеся".

Фельчар прасіла абавязкова напісаць пра тое, што супрацоўнік міліцыі такім чынам ёй пагражаў, а таксама, што яе гэтыя пагрозы не палохаюць.

"Я хадзіла, хаджу і буду хадзіць на мірныя мітынгі. Мяне не спыняць гэтыя суды і штрафы, – сказала Валянціна. — Нам усім нельга здавацца. Трэба пратэставаць далей. Як вядома, вада і камень точыць, нават па кропельцы. Таму нельга спыняцца".

Паводле babruysk.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: