«Каранціну няма». Што адбываецца ў праваслаўных манастырах, дзе ёсць падазрэнне на COVID-19?

Сацыяльныя сеткі поўняцца чуткамі: нібыта адразу ў некалькіх праваслаўных манастырах і цэрквах знайшліся хворыя на каронавірусную інфекцыю. Некаторыя часткова прыпынілі працу, іншыя ж прымаюць вернікаў і ладзяць службы ў звычайным рэжыме. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, што цяпер адбываецца ў манастырах і святынях.

«Манастыр не прызнае вірус»

Свята-Елісавецінскі манастыр – адзін з найбольш вялікіх і папулярных у сталічных праваслаўных вернікаў. Нягледзячы на заклікі кіраўнікоў БПЦ застацца ўдома, на велікодную службу туды прыйшло некалькі сотняў чалавек. На мінулым тыдні з’явіліся чуткі, што ў манастыры ёсць выпадкі каронавіруса. Але пакуль што аніякіх афіцыйных абвестак аб закрыцці манастыра на каранцін не было.

Наталля Васілевіч на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала пост, у якім сцвярджае: прыхаджанакі царквы Свята-Елісавецінскага манастыра даслалі ёй інфармацыю, што ў некалькіх сясцёр знайшлі каронавірус. Карэспандэнту Belsat.eu яна паведаміла, што інфармацыю ёй пацвердзілі супрацоўнікі манастыра.

«Ніякіх захадаў няма, манастыр не прызнае вірус», – кажа яна.

Таксама яна зазначыла, што «людзі ў манастыры запалоханыя». Паводле яе, адміністрацыя манастыра забараняе супрацоўнікам гаварыць пра інфекцыю. Але пацверджанняў гэтаму няма.

Святар Аляксандр Шрамко ў сваім тэлеграм-канале апублікаваў фотаздымак абвесткі аб увядзенні каранціннага рэжыму ў манастыры. Паводле абвесткі, у манастыры зараз варта мінімізаваць кантакты, насіць маскі, не выходзіць з келлі ды не размаўляць паміж сабой на калідорах. Фотаздымак яму даслалі працаўнікі манастыра.

«У нас усё добра»

Зараз на тэрыторыю манастыра можа лёгка патрапіць любы ахвочы. Анідзе няма абвестак пра каранцін, манашкі ў цэрквах і царкоўных лаўках не носяць масак ды пальчатак, спакойна кантактуюць з наведнікамі. Працаўнікі манастырскай кухні кажуць, што ў іх не абвешчаны каранцін. Да дадатковых захадаў бяспекі кіраўніцтва таксама не заклікае.

«Напэўна, чуткі пра каранцін ідуць праз тое, што псіханеўралагічны дыспансер закрылі. Зараз людзі, якія там жывуць, да нас не прыходзяць. А ў манастыры ўсё добра!» – сказалі працаўнікі кухні ў прыватнай гутарцы.

Іншая манашка горача абвяргае інфармацыю аб каранціне і наракае на журналістаў.

«Якая вам справа да таго, што адбываецца ў манастыры? Гэта ж тое самае, каб да вас прыходзілі ў хату і пыталіся, ці ёсць у вас палюбоўнік. Гэта не вашая справа. А ў нашым манастыры ўсё добра», – ледзь не крыкам кажа яна.

За той час, што журналісты знаходзіліся ў манастыры, туды прыехала машына хуткай дапамогі, адкуль выйшлі медыкі ў адмысловым экіпіраванні.

– Калі ў вас усё добра, то чаму прыязджае хуткая? – пытаемся ў манашкі.

– Можа, проста так прыехала, блага камусьці стала, – сцвярджае яна.

Кіроўца машыны хуткай дапамогі кажа, што зараз яны прыехалі браць мазкі на каронавірусную інфекцыю. А значыць, недзе ў манастыры быў кантакт з заражаным. Святочны хор Свята-Елісавецінскага манастыра ад 15 красавіка сышоў на самаізаляцыю праз кантакт з захварэўшым. У адміністрацыі хору не каментуюць сітуацыю.

Але ў сваім інстаграме Свята-Елісавецінскі манастыр адзначыў, што каронавіруса ў іх няма. Прадстаўніца манастыра Сястра Афанасія кажа, што аніякіх выпадкаў каронавіруснай інфекцыі ў манастыры не зарэгістравана.

«Усе ходзяць і моляцца. Ведаеце, людзі шмат чаго пішуць. Я ўжо на гэта не звяртаю ўвагі», – кажа яна. Інфармацыю аб забароне працаўнікам размаўляць наконт каронавірусу яна таксама абвергла.

Аднак у неафіцыйнай размове з карэспандэнткай «Белсату» іншая працаўніца манастыра сказала, што там ёсць выпадкі COVID-19.

Паводле Аляксандра Шрамко, Свята-Елісавецкінскі манастыр не хоча выносіць сваё смецце на чужы сметнік.

– Гэта як у Савецкім саюзе, калі замоўчвалася тое, што здарылася ў Чарнобылі. Манастыр не хоча псаваць сваю рэпутацыю, – тлумачыць святар.

Жыровіцкі манастыр закрыты для паломнікаў да 10 траўня

У Жыровіцкі манастыр у панядзелак 20 красавіка прыехала брыгада дактароў, каб праверыць прыкладна 20 чалавек.

Як паведаміў працаўнік манастыра, зараз ім загадалі не выходзіць за межы манастыра, пазбягаць буйных месцаў, захоўваць меры перасцярогі. Гэтыя захады датычаць усіх супрацоўнікаў. Колькі гэта працягнецца, крыніца «Белсату» не ведае.

«Я здаў усе аналізы, дзякуй богу, тэмпературы няма. Прыязджалі бо хіба хварэць пачалі людзі. Такая колькасць, 20 чалавек, – гэта ўжо масавасць. Таму і забілі трывогу. Я тэарэтычна магу пайсці дадому, але гэта непажадана. Спадзяюся, што ўсё будзе добра».

Пасля велікоднага богаслужэння быў шпіталізаваны з пнеўманіяй архіепіскап Наваградскі і Слонімскі Гурый. У тэлеграм-каналах нават былі чуткі аб смерці ўладыкі. Але пазней стала вядома, што гэта няпраўда, святар жывы, а стан ягонага здароўя паляпшаецца. Дакладны дыягназ архіепіскапа невядомы.

Таксама ад 20 красавіка на каранцін зачыненая Мінская духоўная семінарыя, якая знаходзіцца ў Жыровічах, манастыр прыпыніў прыём паломнікаў да 10 траўня.

Менскі святар – на ШВЛ

З’явілася паведамленне аб магчымай каронавіруснай інфекцыі ў Барысаўскай епархіі. Епіскап Веньямін трапіў у шпіталь 17 красавіка. На сайце епархіі з’явіўся афіцыйны зварот, у якім гаворыцца, што перад Вялікаднем уладыка сапраўды кепска сябе адчуў.

«Пасля размовы з дактарамі яму было рэкамендавана ўстрымацца ад богаслужэнняў, некаторы час адпачнуць і аднавіць сваё здароўе», – паведамляе прэс-служба епархіі.

На момант напісання звароту епіскап Веньямін няблага сябе адчуваў шмат часу бавіў на свежым паветры, а тэмпература ў яго не падымалася вышэй за 36,6. Таксама ён заклікаў вернікаў канцэнтравацца не на негатыўнай інфармацыі, а на перажываннях, звязаных з Вялікаднем і маліцца ў гонар Хрыста.

Каронавірусная інфекцыя пацвердзілася ў святара Генадзя, які служыць у менскім саборы Пятра і Паўла. Блізкі сябра сям’і святара пацвердзіў «Белсату», што прыкладна 2 тыдні таму ў святара пацвердзілася каронавірусная інфекцыя. Зараз ён у вельмі кепскім стане і знаходзіцца на апараце ШВЛ. Паводле крыніцы «Белсату», такі ж дыягназ пацвердзіўся і ва ўсёй ягонай сям’і.

У прыватнай размове працаўніца царквы паведаміла, што ў царкеве яшчэ некалькі святароў хварэюць на каронавірусную інфекцыю.

У цэрквах дбаюць аб бяспецы

Протаіерэй, намеснік кіраўніка Сінаідальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Яўген Грамыка ў каментары «Белсату» кажа, што сапраўды, у некаторых манастырах ёсць пацверджаныя выпадкі пнеўманіі. Але ці яна была выкліканая праз COVID-19 – дакладна не вядома.

– Мы шмат робім для бяспекі. У цэрквах прымаюцца санітарна-гігіенічныя захады. Па-першае, усё, да чаго людзі дакранаюцца, праціраецца дэзінфікуючымі вадкасцямі. Падлогі мыюцца ў цэрквах таксама. Людзей стала меней хадзіць – пачулі заклік, што трэба ўстрымацца ад наведвання. Але самі цэрквы не зачыняюцца. Прычасце робіцца ці аднаразовымі лыжкамі, ці шматразовыя лыжкі праціраюцца пасля кожнага прычасніка. Захады бяспекі ў манастырах, паводле Грамыкі, на іхнай адказнасці.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: