Каранік: у Гродне завялі адну крымінальную справу па скаргах на сілавікоў

У Гродне завялі крымінальную справу па скаргах на збіццё сілавікамі. Пра гэта старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік паведаміў падчас сустрэчы 22 верасня з акцёрамі драмтэатра, калі тыя скардзіліся, што ніводнай крымінальнай справы на сілавікоў не завялі. Запіс размовы трапіў у рэдакцыю Hrodna.life.
Наш артыст быў збіты 10 жніўня! <…> І адной крымінальнай справы не завялі! — казалі акцёры падчас сустрэчы 22 верасня.

Я вам скажу, што завялі адну крымінальную справу, — адказаў на гэта Уладзімір Каранік.

Пра дэталі справы Уладзімір Каранік не распавёў. Атрымаць каментар у прэс-службе упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Hrodna.life не ўдалося. Раней у ведамстве адмаўляліся даваць каментары па справах, узбуджаных пасля пратэстаў. «Калі будзе неабходнасць і мы не будзем шкодзіць следству, мы будзем зацікаўлены даць каментар», — паведамлялі Hrodna.life ў СК.

На 19 жніўня ў Беларусі было зафіксавана больш за 100 зваротаў аб прымяненні гвалту з боку сілавікоў і 15 — да сілавікоў з боку пратэстоўцаў. Праваабаронцы паведамілі пра 200 збітых у Гродне. Па іх словах, толькі кожны трэці звярнуўся са скаргамі, паколькі людзі баяцца пераследаў.

Таксама вядома, што ў Гродна завялі крымінальную справу па факце ўдзелу неўстаноўленых асоб у масавых беспарадках. Гродзенцаў пачалі выклікаць у праваахоўныя органы ў якасці сведак па ім. Справа заведзеная па артыкуле 342 КК Беларусі — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Яго расследуе Следчы камітэт па Гродзенскай вобласці.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: