Карбалевіч: Канстытуцыйная рэформа ці пастка? Частку беларусаў могуць пазбавіць права галасаваць

Вядомы беларускі эксперт ацаніў перспектывы і сэнс канстытуцыйнай рэформы.

— Тое, што Лукашэнка з дапамогай кішэннай Канстытуцыйнай камісіі будзе ствараць новую Канстытуцыю для самога сябе, пад свае палітычныя інтарэсы, было зразумела з самага пачатку. Грамадства ў гэтым працэсе ніякага ўдзелу не бярэ, — піша Валерый Карбалевіч. — Старшыня Канстытуцыйнага суда і кіраўнік Канстытуцыйнай камісіі Пятро Міклашэвіч у каментары тэлеканалу СТБ расказаў пра некаторыя намеры ўлад.

Тое, што прапанавана адмовіцца ад вылучэння працоўнымі калектывамі кандыдатаў у дэпутаты, лічу правільным. Працоўныя калектывы як суб’ект выбарчага працэсу, калі шырэй, суб’ект палітыкі — гэта спадчына савецкага часу. Тады партыйныя, грамадскія арганізацыі (КПСС, камсамол і іншыя) ствараліся паводле вытворчага прынцыпу. Гэты рудымэнт захаваўся толькі ў Беларусі, дзе дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы па-ранейшаму з'яўляюцца інструментам кантролю за палітычнай добранадзейнасцю работнікаў. Яшчэ варта было б на канстытуцыйным узроўні забараніць працоўным калектывам вылучаць кандыдатаў у выбарчыя камісіі.

Але вось наступная навацыя выклікае збянтэжанасць. Паводле Пятра Міклашэвіча, камісія прапануе абмежаваць выбарчыя правы беларусаў паводле ўзросту. Цяпер правам галасаваць будуць надзелены грамадзяне ва ўзросце ад 20 да 70 гадоў. Я не ведаю прыкладаў іншых краін, дзе былі б такія правілы. Гэта супярэчыць канстытуцыйнай норме ўсіх цывілізаваных краін пра роўнасць грамадзян перад законам.

Зразумела, чаму выбарчы ўзрост падвышаецца на два гады. Сам Лукашэнка фактычна прызнаў, што моладзь улада страціла, што ў моладзевым асяроддзі рэжым не карыстаецца падтрымкай. Калі так, то трэба пазбавіць частку іх права голасу, падвысіць узроставы цэнз з 18 да 20 гадоў. Міклашэвіч тлумачыць гэта тым, што толькі ў 20 гадоў «маладыя людзі ўжо паспеюць сфармавацца як асобы і будуць здольныя рэальна ацэньваць сітуацыю».

Цікава, што ў войска маладзёнаў бяруць з 18 гадоў. То-бок бараніць Радзіму яны саспелі, давяраць ім самую сучасную зброю можна. А вось каб галасаваць на выбарах, яны яшчэ не сфармаваліся як асобы. Дзіўная логіка.

А ўжо чаму грамадзянам ва ўзросце за 70 гадоў нельга галасаваць, увогуле загадка. Ва ўсім свеце працягласць жыцця павялічваецца. І пазбаўляць людзей пажылога веку выбарчага права — гэта такая відавочная дыскрымінацыя, якая не мае ніякага ўцямнага тлумачэння.

Такое ўражанне, што ўлады рыхтуюць Канстытуцыю, у якой будуць зусім абсурдныя палажэнні. Не будзем забываць пра намер надаць канстытуцыйны статус Усебеларускаму народнаму сходу. І можа так здарыцца, што дзейны Асноўны закон у параўнанні з прапанаваным праектам будзе выглядаць нават больш дэмакратычным.

Не выключаю, што Лукашэнка можа падрыхтаваць беларускаму грамадству такую палітычную пастку. Альбо галасуйце на рэферэндуме за новую Канстытуцыю, у якой будуць такія дзівосы, як абмежаванне выбарчага права паводле ўзросту і шмат іншых непрыемных нечаканасцей, пасля чаго абяцаю датэрміновыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Альбо, калі вы галасуеце супраць ці байкатуеце, то захоўваецца дзейная Канстытуцыя. Тады, паводле яе, Лукашэнка дабывае сваю прэзідэнцкую кадэнцыю да канца, то-бок да 2025 года. Выбірайце паміж двума кепскімі варыянтамі.

Думаю, дэмакратычнай грамадскасці варта рыхтавацца да такой непрыемнай дылемы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: